І САМІ СТАНОВІМСЯ ЛЕПШЫМІ

У век, калі нас ужо цяжка нечым здзівіць, у дэфіцыце аказаліся такія важныя чалавечыя якасці, як дабрыня, чуласць, спагада, неабыякавасць да таго, хто слабейшы. З-за сваёй занятасці мы банальна забываем спытаць у знаёмых пра іх настрой, сказаць камплімент, дапамагчы незнаёмаму чалавеку паднесці цяжкія сумкі. Людзі чамусьці забылі, як прыемна дарыць радасць іншым. Таму нам проста неабходна вучыцца рабіць добрыя справы. Яскравы прыклад гэтага паказваюць удзельнікі валанцёрскага руху “Добрае сэрца” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэты рух на Маларытчыне ў апошні час актыўна развіваецца. Дабрыню сваіх сэрцаў дораць іншым 75 валанцёраў з навучальных устаноў горада і раёна, 10 з іх – працоўная моладзь.

На рахунку маладых валанцёраў шмат добрых спраў. Гэта і штогадовыя акцыі па догляду і добраўпарадкаванні тэрыторый ля помнікаў, памятных знакаў і месцаў пахаванняў, экалагічныя акцыі па навядзенні парадку ў лясах і на вадаёмах. Важным накірункамі валанцёрскай дзейнасці становіцца аказанне дапамогі ветэранам, адзінокім людзям, а таксама правядзенне дабрачынных акцый, якія дапамагаюць сабраць у школу дзяцей з сем’яў, што знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, сродкі для аказання адраснай дапамогі. Але не столькі матэрыяльная падтрымка патрэбна нашым людзям, колькі ўвага, энергія, настрой і добрае слова. Гэтага нашым валанцёрам не пазычаць.
Юнакі і дзяўчаты з нядаўна створанага валанцёрскага атрада “Пакаленне дабрыні” ўжо добра знаёмы маларытчанам. Без іх не прайшлі ў раёне такія важныя святы, як Міжнародны дзень абароны дзяцей, Дзень талерантнасці. З дабрачыннымі акцыямі яны пабывалі ў доме сямейнага тыпу, аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Усе валанцёры актыўныя, вясёлыя, дружныя і добрыя. І гэтымі сваімі якасцямі яны жадаюць дзяліцца з іншымі.
— Валанцёр гэта той, хто робіць дабро проста так, не патрабуючы нічога ўзамен, таму што жадае дапамагаць людзям, зараджаць іх сваім пазітывам, рабіць жыццё больш радасным, — адзначаюць дзяўчаты “Пакалення дабрыні” Дар’я Япарава і Дзіяна Дацык.
У атрадзе 13 маладых людзей, 7 з іх — вучні гарадскіх школ і гімназіі, астатнія — працоўная моладзь.
— Рабіць добрыя справы вельмі прыемна,- дадае адзіны юнак у атра­дзе Станіслаў Палянскі. — Ты бачыш шчаслівыя вочы людзей, да якіх прыйшоў з падарункамі і віншаваннямі, і сам атрымліваеш задавальненне.
— Важна тое, што нашы добрыя пачуцці могуць нагадаць іншым, як важна сёння быць міласэрным, чулым і ўважлівым да бліжняга, — дзеляцца думкамі Ганна Якубчык, Віялета Сіжук і Дар’я Крэйдзіч.
— Мне як чалавеку творчаму ў атрадзе цікава, — прызнаецца Лізавета Крысіна. — Кожная акцыя, якую мы праводзім на карысць іншых людзей, робіць і нас саміх лепшымі.
На здымку: валанцёрскі атрад “Пакаленне дабрыні”.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.