Цыгарэты, курэнне і рак

Нядаўна адзначаўся Сусветны дзень некурэння і прафілактыкі анкалагічных захворванняў.

У нашай краіне кураць амаль 28% жыхароў ва ўзросце больш чым 16 гадоў. Пакуль сацыяльныя рэкламы і плакаты з прасмоленымі лёгкімі на курыльшчыкаў дзейнічаюць слаба, а парады ўрачоў развітацца з тытунём пацыенты, якія кураць, не прымаюць да ўвагі. Многія хворыя працягваюць курыць, нават знаходзячыся на бальнічным ложку ў час стацыянарнага лячэння, ведаючы, што карысці ад гэтага не будзе. Яны не могуць развітацца з цыгарэтамі па прычыне нікацінавай залежнасці. І шкодзяць не толькі свайму здароўю, але і тым, хто побач і дыхае гэтым дымам. Таму хочацца яшчэ раз напомніць усім курыльшчыкам пра небяспеку гэтай звычкі.
Пра тое, што курэнне негатыўна ўплывае на наша здароўе і садзейнічае ўзнікненню анкалагічных захворванняў, вучоныя медыцыны даказалі даўно. Найбольш часта курэнне тытуню прыводзіць да развіцця рака губы, языка і іншых аддзелаў поласці рота, глоткі, стрававода, страўніка, падстраўнікавай залозы, печані, гартані, трахеі, бронхаў, мачавога пузыра, нырак і іншых органаў. Тытунь утрымлівае нікацін, які выклікае наркатычную залежнасць. Таму тыя, хто пачынае курыць цыгарэты, павінны ўсведамляць, што адмовіцца ад гэтай звычкі будзе няпроста. Акрамя нікаціну, у састаў тытунёвага дыму ўваходзіць некалькі дзясяткаў таксічных і канцэрагенных рэчываў, у тым ліку поліцыклічныя водарныя вуглевадароды, пахучыя аміны, тытунёваспецыфічныя нітразааміны, вінілхларыд, бензол, альдэгіды, фенолы, хром, свабодныя радыкалы. Некаторыя з гэтых злучэнняў утрымліваюцца ў тытунёвым лісці, іншыя ж утвараюцца пры яго апрацоўцы і гарэнні.
Большасць канцэрагенных і мутагенных рэчываў утрымліваецца ў цвёрдай фазе тытунёвага дыму. Смала з’яўляецца цвёрдай фракцыяй яго. Яна затрымліваецца на фільтрах пры выкурванні цыгарэт. У залежнасці ад тыпу цыгарэт, фільтра, якім яны забяспечаны, гатунку тытуню і яго апрацоўкі, якасці і ступені перфарацыі цыгарэтнай паперы ўтрыманне смалы і нікаціну ў тутынёвым дыме можа быць самым розным. За апошнія 20 – 25 гадоў значна знізілася канцэнтрацыі смалы і нікаціну ў тытунёвым дыме цыгарэт, вырабляемых у развітых краінах, у тым ліку і нашай рэспубліцы. У большасці краін уведзены нарматывы на ўтрыманне смалы і нікаціну: для смалы – 10-15 мг у цыгарэце, а для нікаціну – 1-1,3 мг у цыгарэце.
Канцэрагеннасць тытунёвага дыму і этыалагічная сувязь паміж курэннем і злаякаснымі пухлінамі даказана ў эксперыментах на лабараторных жывёлінах і ў многіх эпідэміялагічных даследаваннях. Паказчык адноснай рызыкі, звязаны з курэннем, розны для пухлін разнастайных лакалізацый і залежыць ад таго, калі чалавек пачаў курыць, колькі часу ўжо курыць і колькі цыгарэт выкурвае за дзень. Напрыклад, рызыка ўзнікнення рака поласці рота і глоткі ў тых, хто курыць, у 2 – 3 разы вышэйшая, чым у тых, хто не курыць. А ў тых, хто выкурвае больш чым 1 цыгарэту ў дзень, адносная рызыка дасягае 10. Вельмі высокая ў курыльшчыкаў рызыка ўзнікнення рака гартані і лёгкага, асабліва, калі яны пачалі курыць да 15 гадоў. Рак стрававода і страўніка ў курыльшчыкаў бывае ў 5 разоў часцей, чым сярод тых, хто не курыць. Існуе залежнасць паміж курэннем і рызыкай узнікнення рака падстраўнікавай залозы і печані. Курэнне з’яўляецца прычынай развіцця рака мачавога пузыра і нырак, а таксама выяўлена сувязь паміж курэннем і ракам шыйкі маткі.
Варта задумацца, ці хочам мы пакутаваць ад такіх захворванняў. Мабыць, лепш усім светам сказаць, што курэнню няма месца ў нашым грамадстве, і завязаць з гэтай шкоднай звычкай у самы бліжэйшы час.
Вольга ГРЫГОР’ЕВА, медработнік.

Опубликовано ГЧ № 92 от 30.11.16г.

Добавить комментарий


http://renault.niko.ua/

https://220km.net

www.220km.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!