…Па адной дарозе

Ідэя арганізаваць у горадзе аб’яднанне прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў маларытчан Уладзіміра Сердзюка і Валерыя Савасціёнка ўзнікла задоўга да пачатку дзейнасці клуба здароўя і актыўнага творчага даўгалецця “Альтэрнатыва”. Іх прапанову падтрымала кіраўніцтва гарадскога Дома культуры, выдзеліла памяшканне для правядзення сустрэч. Знайшліся і тыя, хто не толькі выказаў жаданне наведваць клуб, але і прапанаваў свае ідэі. У лістападзе мінулага года “Альтэрнатыва” адчыніла свае дзверы для тых, хто, не паддаўшыся ляноце, вырашыў паклапаціцца аб сваім здароўі і даўгалецці.

Раз у месяц, каб падзяліцца набытым вопытам аздараўлення, зарадзіцца энергіяй ад зносін з аднадумцамі, пачарпнуць нешта новае ў пытаннях здаровага ладу жыцця, у клубе збіраліся людзі рознага ўзросту, для якіх фізічная актыўнасць, правільнае харчаванне і аптымістычны настрой – гэта норма жыцця. Кожная новая сустрэча давала новыя веды, бо нярэдка гасцямі клуба былі людзі, якія шмат гадоў прысвяцілі пошуку і вывучэнню самых важных складаемых здароўя. З тэорыяй і практыкай актыўнага творчага даўгалецця ўдзельнікаў клуба знаёміў Валянцін Талкачоў, старшыня беларускага аб’яднання “Цвярозасць-Аптымаліст” імя Г.А. Шычко, аб узаемасувязі здароўя і вады расказвала кандыдат медыцынскіх навук з Мінска Людміла Неўская; аб тым, чаму чалавек так мала жыве, разважалі ўдзельнікі сустрэчы з біёлагам з Віцебска, кіраўніком аднаго з міжнародных аздараўленчых цэнтраў Яўгенам Лапо; практычныя навыкі скандынаўскай хадзьбы асвойвалі члены “Альтэрнатывы” з першапраходцам у гэтым відзе хадзьбы ў Маларыце Еўдакіяй Сліўной.
У час сустрэч у клубе аматары здаровага ладу жыцця вучыліся азам аказання першай медыцынскай дапамогі, дыскутавалі аб вітамінах, гаварылі аб перадумовах такога цяжкага захворвання, як цукровы дыябет, знаёміліся з тэорыяй уздзеяння на здароўе тэктанічнага промня. Асновай кожнай сустрэчы быў дыялог. Вось і на святочнае пасяджэнне, прысвечанае першай гадавіне клуба, прыхільнікі “Альтэрнатывы” прыйшлі, каб у чарговы раз абмяняцца парадамі, падзяліцца сваім вопытам. Размова зноў ішла пра асноўныя складаемыя здароўя – ваду, паветра, харчаванне і рух. З карысных прадуктаў – дамашніх пернікаў з вотруб’ем, мёду, тапінамбуру, журавін, яблыкаў і “паўночнага чаю” з сумесі 12 траў быў сабраны святочны стол. Пасля гадзіны размовы ўсіх чакала “фізкультхвілінка”. Заўсёднікі клуба вучылі навічкоў правільнаму выкананню гімнастычных практыкаванняў.
Добры настрой – залог здароўя. І каб завяршыць сустрэчу на пазітыўнай ноце, усе ўдзельнікі яе праспявалі песню пра клуб “Альтэрнатыва”.
Пройдзе месяц, і вечарам, у трэці панядзелак снежня, у клубе зноў збяруцца тыя, каму, як спявалася ў песні, “са здароўем – па адной дарозе”. Калі клуб не згубіў сваіх прыхільнікаў за год, упэўнены арганізатары, значыць, ён запатрабаваны. І хоць касцяк клуба ўжо склаўся, тут рады папаўненню, бо гэта азначае, што прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў горадзе становіцца больш.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ў клубе “Альтэрнатыва”. Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 92  от 30.11.16г.

Добавить комментарий


Мальдіви тури www.tmtravel.com.ua
別れさせ屋 長野

www.teplostar.kiev.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!