Ударым па інфекцыі

Вірусная інфекцыя. Кожны з нас асабіста не па чутках добра ведае, што гэта за хвароба. Яна вельмі распаўсюджаная і амаль кожны год выклікае эпідэміі. Ці забяспечаны раён лекамі, вітамінамі і іншымі сродкамі для барацьбы з ёю?
— Падстаў для хвалявання на сённяшні дзень зусім няма, — пераконвае Наталля Іванаўна Ганчарэнка, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 14. — Нашы аптэкі цалкам забяспечаны неабходнымі лекавымі сродкамі для прафілактыкі і лячэння ВРВІ і грыпу. У дастатковай колькасці ёсць супрацьзапаленчыя, гарачказніжальныя, абязбольваючыя прэпараты. Багаты асартымент і для ўмацавання імуннай сістэмы. Шырокі выбар і для дзяцей, і для дарослых.
— Гэта, напэўна, у асноўным лекавыя сродкі замежнай вытворчасці?
— Не, не толькі. У нас багаты выбар прэпаратаў беларускай вытворчасці. Іх можна ўбачыць на спецыяльна аформле­най вітрыне. Яны, падкрэслю, не менш эфектыўныя, чым аналагі замежнай вытворчасці, ды і каштуюць танней. Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, то на іх адкажа дзяжурны правізар. Ён пракансультуе, параіць, падкажа.
— Наталля Іванаўна,  на якія лекавыя сродкі асаблівы попыт у час сезону прастуд і грыпу?
— Найбольш папуляр­нымі з’яўляюцца айчынныя лекавыя срод­кі. Гэта – арпетол, акса­лінавая мазь, ангрымакс, эмантадзін, анаферон, рэмантадзін… Часта маларытчане набываюць і вітамінныя комплексы, якія ў нас прадстаўлены ў шырокім асартыменце.  РУП “Экзон” (г.Драгічын, вытворца натуральных лекавых сродкаў) для прафілактыкі на выбар прапануе розныя біялагічна актыўныя дамешкі ў асартыменце: сіропы, апівіты, энергавіты, гематаген. Напрыклад, дзівасілу, трыпутніку і чабору з вітамінам С, ружавіта, шыпавіта, алтэя, чарніц на фруктозе, журавін на фруктозе і інш. Мы таксама раім набываць і зборы лекавых траў. Ажыятажу на медыцынскія прэпараты супраць вірусных інфекцый на Маларытчыне не павінна быць. У нас створаны дастатковы запас неабходных лекавых сродкаў. Аднак лепш засцерагчыся і паклапаціцца загадзя пра стан свайго здароўя. Гэтаму паспрыяе многае: паўнацэннае харчаванне, прышчэпка, заняткі фізічнай культурай, загартоўка, прагулкі на свежым паветры. Не варта забываць і пра цыбулю, часнок, мёд, праполіс.
Хочацца засцерагчы і ад наступнага. Нельга паддавацца часовай хвалі ажыятажу, панікаваць, бегчы ў аптэку і бяздумна скупляць усё, што бачаць вочы, на ўсякі выпадак. Многія лекавыя сродкі маюць абмежаваны тэрмін захоўвання, пасля якога яны становяцца звычайнай атрутай. Дома неабходна, каб быў толькі мінімальны запас ад вірусных інфекцый на ўсякі выпадак. І яшчэ. Тавары, набытыя ў аптэцы, вяртанню і абмену не падлягаюць згодна з пастановаю міністэрства аховы здароўя.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Наталля Ганчарэнка, загадчыца ЦРА № 14, раіць набываць лекавыя сродкі айчынных вытворцаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

www.chemtest.com.ua

maxformer.com