Шчаслівыя разам

За 50 гадоў сумеснага жыцця ў сям’і Салаўчукоў з Пяртышча шмат было шчаслівага, кранальнага, незабыўнага. Не, не, ды ўспомніцца той вечар, калі ўпершыню пазнаёміліся, вяселле, якое гулялі цэлы тыдзень, як гадавалі дзяцей, працавалі і весяліліся. Цёплыя кадры свайго жыцця яны перамотваюць, быццам фотаплёнку. Вось і з намі Марына Андрэеўна і Мікалай Трафімавіч шмат чым падзяліліся. 

…Шлях да Пяртышча з Маларыты быў няблізкі. Збураж, Радзеж і толькі потым вёска, дзе прайшло ўсё жыццё герояў матэрыялу. Прызнацца, упершыню пачула назву гэтага населенага пункта. І не дзіўна. Аказалася, на ўсю вёску засталося менш за дзясятак жылых дамоў. А яшчэ 50 гадоў таму тут бурліла жыццё, не змаўкалі гул і смех, было шмат моладзі. Цяпер жа ціхі сум і спакой развейваюцца толькі тады, калі ў вёску прыязджае аўталаўка і ўсе жыхары Пяртышча збіраюцца ў адным месцы.
— Маю вёску – Радзеж – у маладосці мясцовыя называлі другой Масквой. Яна была культурным цэнтрам для жыхароў бліжэйшых вёсак. У наш клуб з’язджаліся маладыя людзі з розных населеных пунктаў. Цікава было: спявалі пад гармонік, танцавалі. Цяпер і Радзеж ужо не той. Мы, дарэчы, з Мікалаем у сельскім клубе і пазнаёміліся, — расказвае Марына Андрэеўна.
Мікалай Трафімавіч толькі дэмабілізаваўся. На службе ён праявіў сябе добрым салдатам, таму прапанавалі яму заставацца на звыштэрміновую службу. Але прафесія ваеннага Мікалая не захапляла. Ён жадаў вярнуцца на радзіму да родных людзей. У клубе, у які завітаў з сябрамі, прыглянулася хлопцу прывабная дзяўчына. Ён закружыў яе ў танцы, а яна ўскружыла яго думкі. Праз год сустрэч маладыя вырашылі пажаніцца. Маладзейшая за яго на 8 гадоў Марына Андрэеўна ўжо была самастойнай. У сям’і з 12 чалавек давялося пасталець рана. Ужо ў 16-17 гадоў яна ездзіла на заробкі ў Харкаў, Растоў-на-Доне. Рашэнне Мікалая і Марыны стварыць сям’ю бацькі падтрымалі, вяселле было хоць і небагатае, але вясёлае. У той час людзі былі больш згуртаваныя, спагадлівыя, таму ладзілі свята ўсёй вёскай. У бацькоўскую хату, дзе яны жывуць і зараз, Мікалай Трафімавіч прывёў сапраўдную гаспадыню. Яна ўсё рабіла па дому, добра ладзіла з яго бацькамі. Дарэчы, маці Мікалая Трафімавіча – доўгажыхарка, пражыла без малога 100 гадоў.
— Гэта цяпер моладзь не жадае жыць са сваімі бацькамі. А раней пакінуць іх адных было брыдка. Жылі дружна, умелі змаўчаць, калі патрэбна, паважалі узрост, таму і праблем не ўзнікала паміж рознымі пакаленнямі, — тлумачыць Марына Андрэеўна.
Мікалай Трафімавіч любіць сваю вёску, хоць яна і знаходзіцца ўдалечыні ад раённага цэнтра. Ні ў якім выпадку не прамяняў бы яе нават на гарадскі камфорт. Таму і кватэру, якую прапанавала гаспадарка, не захацеў браць, не змог пакінуць бацькоўскі дом. А Марына Андрэеўна як сапраўдная ахоўніца сямейнага ачага не спрачалася, усюды была разам з мужам.
— У сямейным жыцці вельмі важна ўступаць, умець дараваць, стрымаць эмоцыі і не затойваць крыўды. А яшчэ, лічу, не трэба жыць адным днём, нельга быць ганарлівым, лепш прыслухоўвацца да роднага чалавека, — дзеліцца жыццёвым вопытам залатая юбілярка.
Мікалай Трафімавіч вывучыўся на трактарыста. Усе жыццё працаваў з тэхнікай. Спачатку на трактары, затым — на пагрузчыку. А перад пенсіяй 5 гадоў шчыраваў у школьнай кацельнай .
Прывыкла да цяжкай працы і Марына Андрэеўна. Калі падраслі дзеці, а іх у сям’і трое, уладкавалася на работу ў мясцовую гаспадарку. На ферме ў Хмялёўцы яна адпрацавала цялятніцай 35 гадоў.
— Дзеці – вялікая радасць у кожнай сям’і. Калі з’явілася на свет Наталля, жыццё напоўнілася вялікім сэнсам. Праз пяць гадоў нарадзіўся сын Аляксандр. Яшчэ праз пяць – меншая, Надзея, — расказвае гаспадар дома. – Нават і не заўважылі, як хутка яны выраслі. Цяпер ва ўсіх свае сем’і. Шчасце бачыць, што твае дзеці сталі добрымі людзьмі. Дарэчы, у нас ужо чацвёра ўнукаў і 1 праўнучка.
Надзея і Аляксандр жывуць у Маларыце. Старэйшая дачка абжылася ў Брэсце. Але аддаленасць вёскі не перашкаджае ім навяшчаць сваіх бацькоў. Традыцыя на ўсе святы збірацца ў бацькоўскім доме перадалася дзецям у спадчыну.
— Памятаю, як запрагалі каня, сядалі ў воз і ехалі на святы ў Радзеж, да маіх бацькоў, — узгадвае Марына Андрэеўна. – Так і нашы дзеці ўсе важныя святы адзначаюць тут. Усе хрысціны, вяселлі спраўлялі ў Пяртышчы.
Не стаў выключэннем і залаты юбілей вяселля бацькоў. Для Мікалая Трафімавіча і Марыны Андрэеўны дзеці падрыхтавалі сюрпрыз: прыехалі нечакана, адарылі падарункамі, накрылі стол. Ад гэтага “залатая” дата набыла яшчэ большую значнасць для юбіляраў.
Нягледзячы на ўзрост, Салаўчукі, хлеў якіх заўсёды быў поўны хатняй жывёлы, і зараз трымаюць пяцёрых свіней, каня, кур. Яшчэ ад бацькоў Мікалаю Трафімавічу дастаўся міні-пчальнік. Усё дзя­цінства, юнацтва разам з бацькам ён асвойваў азы пчалярства. Свае веды Мікалай Трафімавіч перадаў сыну, які цяпер даглядае за пчоламі, а ў Салаўчукоў іх аж 17 сем’яў.
Так у гаспадарчых клопатах праходзяць дні, месяцы 50-гадовай сям’і Салаўчукоў. Ёсць у іх і адно жаданне на дваіх — больш пражыць разам. Хвароба ног у Мікалая Трафімавіча прымушае месяцы праводзіць у бальнічных палатах. Тады Марына Андрэеўна хвалюецца за мужа ўсім сэрцам. І жадае толькі аднаго, каб Мікалай хутчэй паправіўся і зноў быць разам.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: залатыя юбіляры Мікалай Трафімавіч і Марына Андрэеўна Салаўчукі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  93 от 3.12.16г.

Добавить комментарий


www.220km.com

https://webterra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!