У елачным царстве пабывалі карэспандэнты “Голасу часу”

Снег за вокнамі нагадвае нам не толькі аб тым, што на вуліцы зіма, але і што хутка навагоднія святы. Актыўная падрыхтоўка да іх пачнецца некалькі пазней. Сезон продажу абавязковага атрыбута  Новага года – жывых елак і хвой – адкрываецца на апошнім тыдні з 21 снежня і працягваецца аж да 7 студзеня наступнага года. Апярэджваючы ажыятаж на лясныя прыгажуні, захацелі даведацца ў работнікаў Маларыцкага лясгаса аб тым, дзе і як лесаводы Маларытчыны вырошчваюць навагоднія дрэвы.

Выгадаваць елачку на продаж – справа не аднаго года. Пасаджаныя сёлета сеянцы толькі праз 7-8 гадоў дасягнуць запатрабаванага “росту” ў метр-паўтара і будуць гатовы да рэалізацыі. Штогод Маларыцкі лясгас адводзіць пад вырошчванне навагодніх дрэў у сярэднім два гектары. На кожны гектар трэба высадзіць каля пяці тысяч сеянцаў. Сёлета, напрыклад, непадалёку ад Маларыты была закладзена плантацыя елак і хвоі на плошчы амаль паўтара гектара, усяго ў раёне іх высадзілі мінулай вясной на 3,5 гектара.
Як расказвае інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Ірына Бойка, для вырошчвання елак падыходзіць не ўся глеба, таму пад іх адводзяцца больш “багатыя”, як правіла, ворныя землі. Проста пасадзіць дрэвы і забыць пра іх на некалькі гадоў не атрымаецца. Каб сеянцы прыжыліся і памацнелі, патрэбен спецыяльны догляд, абкошванне тэрыторыі. Наступныя 3-4 гады асаблівых умоў дрэўцам не трэба, бо гэта ценевынослівая культура.
— Самыя вялікія плантацыі закладзены ў Маларыцкім, Ужоўскім, Пажэжынскім і Хаціслаўскім лясніцтвах. Аднак рознаўзроставыя плантацыі створаны і ў іншых лясніцтвах раёна, каб штогод задавольваць попыт на навагоднія дрэвы жыхароў не толькі нашага раёна, але і брэстаўчан,- расказвае Ірына Мікалаеўна.
Па словах спецыялістаў лясгаса, у апошні час папулярнымі ў жыхароў сталі не толькі традыцыйныя елкі, але і хвоі. Яны цэлы месяц могуць стаяць у памяшканні, не губляючы свой зялёны ўбор. Яшчэ адно новаўвядзенне нашага часу – навагоднія букеты – таксама карыстаюцца попытам. У леташні сезон Маларыцкі лясгас рэалізаваў 150 святочных букетаў.
Напярэдадні навагодніх свят спецыялісты лясніцтваў адбіраюць самыя лепшыя з лясных прыгажунь – стандартныя, з адной верхавінай, пушыстыя – на продаж. Па вопыту мінулых гадоў у лясгасе адзначаюць, што елкі ў апошнія дні перад боем курантаў “разыхо­дзяцца”, як гарачыя піражкі. Напрыклад, мінулай зімой давялося рэалізаваць амаль 500 навагодніх дрэў.
Як і ў папярэднія га­ды, рэалізоўваць лясныя пры­гажуні будуць на гарадскім рынку і ў абласным цэнтры. Таксама елкі і хвоі можна будзе набыць у шэрагу лясніцтваў. Кошт на іх звычайна невялікі, каб у кожным доме была магчымасць адчуць пах Новага года.
А вось самастойна ад­правіцца ў лес за елачкай, у лясгасе не рэкамендуюць. Напярэдадні свят будуць выстаўлены пасты і арганізавана дзяжурства, на елачных плантацыях таксама будзе весціся відэаназіранне. Спецыялісты нагадваюць, што штраф за незаконную высечку нава­годніх дрэў прадугледжаны артыкулам 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і дасягае 50 базавых велічынь. Квітанцыя аб штрафе не лепшы падарунак пад Новы год.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: экскурсію па елачнай плантацыі Маларыцкага лясніцтва правяла Ірына Бойка, інжынер па лесааднаўленні і мелія­рацыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 94    от   7.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.