З верай у сябе

Моцныя духам, шчырыя сэрцам, добрыя і нераўнадушныя да чужой бяды людзі сабраліся ў гарадскім Доме культуры напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў. Ім на жыццёвай дарозе выпала нямала выпрабаванняў. Але ж яны не “ачарсцвелі”, не затаілі крыўду на лёс, не імкнуцца адасобіцца і закрыцца адзін на адзін са сваімі праблемамі. Як і іншыя, людзі, чые магчымасці абмежаваны,  працуюць, сябруюць, а вось атрымліваць асалоду ад  кожнага пражытага дня ў іх атрымліваецца яшчэ лепш, чым у фізічна здаровых людзей.

Раённая арганізацыя таварыства інвалідаў, якую ўзначальвае Генадзь Шэхтман, паклапацілася аб тым, каб запрошаныя на сустрэчу змаглі пагутарыць, убачыць плады творчасці выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, пагуляць у шашкі і шахматы, прадэгуставаць фітачаі, змераць узровень цукру ў крыві і артэрыяльны ціск, паслухаць песні сваёй маладосці і пасядзець за “салодкім сталом”. Дапамаглі ў гэтым работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага фіз­культурна-спартыўнага клуба, цэнтральнай раённай аптэкі № 14, цэнтральнай раённай бальніцы, гарадскога Дома культуры і спонсары, якія не застаюцца абыякавымі да “асаблівых” людзей.
Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Іолап. Яна адзначыла, што пенсіі і дапамогі па інваліднасці атрымліваюць 811 жыхароў раёна – гэта інваліды першай, другой і трэцяй груп. Не застаюцца незаўважанымі і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. З найлепшымі пажаданнямі да прысутных звярнулася дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік. Яна падзялілася навіной, што з пачатку 2017 года ў Цэнтры пачне дзейнічаць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Любоў Жалтоўская, дырэктар унітарнага вытворчага прадпрыемства “Дзіона” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, запрасіла да супрацоўніцтва маладых інвалідаў. Яна расказала, што з аддзелам па працы наладжаны сувязі для адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пасля адаптацыі той, хто зарэкамендаваў сябе добрым работнікам, можа застацца працаваць.
Добрыя словы выказаў удзельнікам сустрэчы і айцец Віктар, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі. Канцэртную праграму для “асаблівых” людзей падрыхтавалі народны хор ветэранаў і творчы калектыў ГДК.
За багаты “салодкі стол” арганізатары дзякуюць прадпрымальнікам Генадзю Макаруку, Ніне Лапцевай, ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, хлебазаводу райспажыўтаварыства, айцу Анатолю, настаяцелю Арэхаўскага храма.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: у час мерапрыемства.

Фота Алега
КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 94 от 7.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.