Прыгажосць па-беларуску

Па-беларуску шчыра, каларытна, жыццярадасна прайшоў у мінулую суботу раённы конкурс “Міс Юнацтва -2016”. Яго, у рамках маладзёжнага культуралагічнага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Беларусь – крыніца натхнення”, арганізавалі раённы камітэт ГА “БРСМ” і гарадскі Дом культуры.
Упершыню конкурс прыгажосці загучаў у беларускай танальнасці. Змянілася яго канцэпцыя. У Год культуры тытул “Міс Юнацтва” павінна была атрымаць дзяўчына не толькі самая прыгожая,таленавітая, вынаходлівая, але тая, што шануе беларускую нацыянальную культуру, выступае за захаванне народных традыцый, фальклору. Аб’яднаць беларускую сімволіку і сучаснасць, стылізаваць народныя касцюмы, паказаць гледачам, што наша культура і традыцыі ў правільнай апрацоўцы могуць быць моднымі, папулярнымі, павінны былі ўсе ўдзельніцы конкурсу. І, трэба сказаць, у іх гэта добра атрымалася. Мілагучная беларуская мова, якая гучала са сцэны, песні і танцы ў народных касцюмах зачаравалі ўсіх, хто ў суботні вечар сабраўся ў вялікай зале гарадскога Дома культуры.

Спаборнічаць прыгажуням з васьмі навучальных устаноў раёна і горада давялося ў пяці асноўных конкурсах. Першы з іх “Прыемна пазнаёміцца!” – гэта дамашняе заданне, у час якога з выкарыстаннем відэапрэзентацый, песень, танцаў, ігры на музычных інструментах, з удзелам груп падтрымкі дзяўчаты павінны былі расказаць аб сваім жыцці, сям’і, талентах і захапленнях. У другім заданні “Ай, бульба, бульбачка!” канкурсанткі арыгінальна прэзентавалі розныя вырабы,сувеніры, стравы з “другога хлеба” – бульбы, зробленыя сваімі рукамі. Напэўна, самым аўтэнтычным і пазнавальным для гледачоў быў трэці конкурс – “Беларусь – крыніца натхнення”. Дзяўчаты, выка­рыстоўваючы вершы, народныя песні, элементы фаль­клору, дэманструючы нацыянальныя касцюмы ці іх элементы, расказвалі пра гісторыю сваёй маленькай радзімы – куточка, дзе нарадзіліся і жывуць зараз. Прэтэндэнткі на званне “міс” сапраўды пранікліся народнай тэматыкай, адчувалася, што падрыхтоўка да гэтага конкурсу была грунтоўнай і цікавай для ўдзельніц. Інтэлектуальны конкурс таксама прайшоў нестандартна. Юным прыгажуням было прапанавана разгадаць сутнасць беларускіх прыказак. Заключным дэфіле стаў конкурс “Краса Беларусі”. Кожная з удзельніц павінна была выйсці на сцэну ў стылізаваным уборы з эле­ментамі беларускага ўзору, арнаменту, сімвалаў, вышыўкі. І сапраўды, гледачы ўбачылі, як удала спалучаюцца арнамент і бальная сукенка, наколькі ўпрыгожваюць звычайны ўбор беларускія сімвалы – васількі і каласы. Упрыгожваннем вечара стаў сты­лізаваны народны танец, які з канкурсанткамі паставіла балетмайстар ГДК Кацярына Джур.
Прыемна, што падтрымаць дзяўчат у важны для іх конкурсны дзень сабралася цэлая зала гасцей, нягледзячы на тое, што ўваход быў платны. Усімі сем’ямі прыехалі вяскоўцы, каб палюбавацца дэбютам на сцэне сваіх дочак. Парадаваў і вялікі пералік спонсараў конкурсу, якіх не магла не зацікавіць яго ідэя, а гэта прадпрымальнікі Васіль Калінічэнка, Таццяна Старасотнікава, Таццяна Валавень, Аляксандра Талашка, Яна Васільчук, грамадскія аб’яднанні “Беларускі фонд міру” і “БРСМ”, касметычны кабінет “Нега”, раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, турыстычнае агенцтва “Алматэя-тур”.
На думку журы, усе дзяў­чаты падышлі да кожнага з этапаў конкурсу адказна, з фантазіяй і запалам. Таму вызначыць пераможцаў аказалася няпроста. Але ж нікога з удзельніц арганізатары не прамінулі адзначыць узнагародамі і падарункамі спонсараў. Званне “Міс фотагенічнасць” было прысуджана Кацярыне Пацяюк з Ляхавецкай школы, тытул “Міс беларусачка” атрымала Ганна Косік са Збуражскай школы. “Міс эрудыцыя” — Дзіяна Мойсак, вучаніца Чарнянскай школы. Сімпатыі ў журы выклікала “Міс зачараванне” Вікторыя Сіпчук. Таленты Віялеты Сіжук з раённай гімназіі і Марыны Ківачук з Мельнік адзначыла журы тытуламі “Міс арыгінальнасць” і “Міс артыстычнасць”. “Віцэ-Міс Юнацтва” назвалі Любоў Федасюк, якая прадстаўляла Макранскую школу. А карону пераможцы конкурсу і тытул “Міс Юнацтва” заслужыла вучаніца Олтушскай сярэдняй школы Аляксандра Алесік. А спонсары ёй уручылі ня­мала падарункаў: пуцёўку на падарожжа ў Белавежскую пушчу, фен, торт ад ГА “Бе­ларускі фонд міру”. Усіх удзельніц абдарылі кветкамі ад Таццяны Старасотнікавай, сертыфікатамі раённага кам­біната бытавога абслугоўвання насельніцтва на бясплатнае наведванне цырульні на 10 рублёў. Дарэчы, прычоскі на конкурс дзяўчатам, якія скарысталіся паслугамі цырульні, бясплатна зрабілі майстры Юлія Земская і Святлана Фралова. Макіяж таксама бясплатна зрабілі кансультанты па прыгажосці “Mary Kay”.
Інтэрв’ю за кулісамі:
Надзея Пстыга, першы сакратар раённага камі­тэта ГА “БРСМ:
— Хочацца аддзячыць усім удзельніцам, якія ўклалі ў гэты конкурс часцінку сваёй душы, іх настаўнікам, бацькам, аднакласнікам, якія дапамаглі канкурсанткам падрыхтавацца на такім высокім узроўні, шматлікім спонсарам, падарункі якіх – добрая ўзнагарода за старанні дзяўчат, а таксама ўсім, хто імкнуўся зрабіць гэты конкурс арыгінальным, творчым і непаўторным.
Любоў Федасюк, “Віцэ-міс Юнацтва-2016”:
— Гэты конкурс – не толькі спаборніцтва для прыгажунь, але і магчымасць праявіць сябе, паказаць, на што ты здольны. Я вельмі рада, што ўдзельнічала ў ім. Атмасфера добразычлівасці, творчасці, народнасці не пакідала нас на працягу выступленняў. Прыемна і цікава было прадстаўляць народныя песні, танцы, вершы, беларускую культуру і традыцыі ў цэлым.
Анатоль Алесік, дзядуля ўладальніцы тытула “Міс Юнацтва-2016”:
— За 50 гадоў настаўніцтва я бачыў шмат конкурсаў, але ж такі, сапраўды бела­рускі, заснаваны на традыцыях і нашай культуры, – упершыню. За гэта вялікі дзякуй арганізатарам. У Год культуры для мяне гэта самая яскравая падзея. Перш за ўсё таму, што мая ўнучка стала пераможцай і раскрыла сябе для сям’і з новага, артыстычнага боку. Па-другое, таму, што народная тэматыка, якой пранікліся ўдзельніцы конкурсу, а менавіта вяртанне да нашых каранёў, гісторыі – вельмі актуальная цяпер. Увогуле спадабалася энергетыка, якая панавала ў зале, падтрымка блізкіх, настаўнікаў, аднакласнікаў вельмі важная на такіх конкурсах.
Людміла Бурштын, стар­шыня раённай арга­нізацыі ГА “Беларускі фонд міру”:
— Гарманічна аб’яднаць фальклор і сучаснасць у адзінае цэлае – няпроста. Але ў нашых “міс” гэта атрымалася. Конкурс пакінуў самыя прыемныя ўражанні. Тры гадзіны праляцелі як адно імгненне. Гледзячы выступленні дзяўчат у беларускіх касцюмах, якія гаварылі на роднай мове, злавіла сябе на думцы, што менавіта тут і цяпер я ра­зумею, што знаходжуся не ў якой-небудзь іншай краіне, а менавіта ў нашай Беларусі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: «Міс Юнацтва» Аляксандра АЛЕСІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.citroen.niko.ua

best-cooler.reviews

biceps-ua.com/