Жыццё як адкрыты ўрок

У 1993 годзе яна развіталася са школай. Аднак, калі вы спытаеце ў выпускнікоў Пажэжынскай сярэдняй школы 90-х, 80-х, 70-х гадоў, хто ў іх выкладаў беларускую мову і літаратуру, дык пачуеце ўпэўнены адказ: “Зінаіда Мікалаеўна Супруновіч”. Такіх настаўнікаў не забываюць. Строгасць, прынцыповасць, адказнасць – далёка не ўсе якасці, якія вызначаюць Зінаіду Мікалаеўну як настаўніка беларускай мовы і літаратуры.
Былых настаўнікаў не бывае, таму што гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця, і нават калі настаўнік развітваецца са школай і выходзіць на заслужаны адпачынак, ён усё роўна застаецца настаўнікам для сябе, для тых, хто акружае .

Не хачу хітраваць, на сустрэчу Зінаіда Мікалаеўна згадзілася не адразу. Надта сціплая, не любіць расказваць пра сябе асабіста.
…Вось вуліца Заўялава, дом 104, заходжу ў пад’езд, спыняюся каля кватэры. Сэрца так моцна калоціцца, аж дыханне перахоплівае. Яно і зразумела: мы ж не аднакласнікі, якія гадамі сядзелі за адной партай, — яна мая настаўніца, а я яе вучаніца. Сядзім, зрэдку перакінемся парай слоў і… маўчым. І дома, і па дарозе столькі планавалася расказаць, распытаць, а сустрэліся – усё падрыхтаванае прапала, нібыта хто з галавы выцягнуў. Крыху асмялеўшы і сабраўшыся з думкамі, пытаюся ў Зінаіды Мікалаеўны, а што значыць навучыць пісьменна пісаць? А як прыходзіла метадычнае майстэрства? Якія задачы на ўроку прыярытэтныя? Паступова наша размова паціху ажыўлялася, мы ўжо размаўлялі на роўных.
Міжволі ўспомніўся 1963 год. Я вучаніца 7 класа Пажэжынскай тады яшчэ 8-гадовай школы. Адчыніліся дзверы – у клас лёгкім і ўпэўненым крокам увай­шла жанчына. Было ёй тады 32 гады.
— Я ў вас буду выкладаць беларускую мову і літаратуру, — прыемным голасам сказала яна. Як цяпер памятаю, быў урок літаратуры. Назваўшы тэму, настаўніца не спяшаючыся, пачала тлумачыць матэрыял. Адразу зразумела, што прадмет свой ведае ўсебакова, глыбока. Нашу ўвагу прыцягвала нейкай незразумелай магічнай сілай. Не слухаць яе было немагчыма.

І вось праз многія гады з задавальненнем слухаю расказ Зінаіды Мікалаеўны, чалавека шчырай душы і добрага сэрца. За некалькі гадзін перада мной праляцела цэлае жыццё. Цёплы позірк па-ранейшаму добрых сініх вачэй, лёгкая ўсмешка на твары. Спакойны, разважлівы голас, цудоўная субяседніца, размаўляе выключна на беларускай мове, цудоўна валодае ёй, бязмежна любіць яе, да таго ж эрудзіравана ва ўсіх сферах жыцця, умее проста і шчыра “завалодаць” табой, здзіўляе сваёй непасрэднасцю, адкрытасцю, душэўнасцю. Усё гэта так натуральна спалучаецца ў высокай, стройнай, а дакладней сказаць, вялікаснай жанчыне. За 42 гады педагагічнай дзейнасці ў яе вачах не згасла нейкае глыбіннае святло. Я думаю, сям’я, тая ж беларуская мова і літаратура, беларуская культура наклалі свой адбітак – вытанчаныя манеры, асобы стыль паводзін.
З чаго ўсё пачыналася? Як і ў многіх, — з сям’і. Нарадзілася Зінаіда Мікалаеўна ў вёсцы Старая Ельня Дзятлаўскага раёна. Бацькі былі простыя сяляне. Яны вельмі хацелі, каб іх дзеці атрымалі адукацыю. Матэрыяльнае становішча ў сям’і было цяжкім. Двое дзяцей: брат – студэнт сталічнага медінстытута, і яна, студэнтка Баранавіцкага педінстытута.

Па словах Зінаіды Міка­лаеўны, яе пакаленне вельмі хацела вучыцца. Яна памятае, як перашывала мама ёй свае сукенкі. А то нагрузяць воз бульбай, печаным хлебам, крупамі, мукой, салам, яйкамі, квашанай капустай і вязуць раз у Мінск, другі – у Баранавічы. Родзічы дапамагалі, падбіралі абутак, адзенне. Ганарыліся, не зайздросцілі і вельмі спа­дзяваліся, што хоць яны выйдуць у людзі. Маці была глыбока веруючым чалавекам, можна толькі здагадвацца, адкуль ведала стараславянскую мову, ды настолькі, што дапамагала дачцэ-студэнтцы авалодаць ёй. Каня ў гаспадарцы ў іх не было, здалі, а, мабыць, і зусім забралі ў калгас, Зінаіда Мікалаеўна дакладна не ведае. Выпісвалі ў калгасе. Летам адпрацоўвалі на “дзялках”. Уручную з братам і маці капалі бульбу, садзілі кукурузу, нарыхтоўвалі сена і г.д. Дарэчы, старшынстваваў у той час бацька, балазе, меў два класы адукацыі і лічыўся адукаваным чалавекам у вёсцы. Так, менавіта ўсё ішло з сям’і.
1951 год. За плячыма — інстытут, мара дзяцінства збылася. Па размеркаванні маладзенькая настаўніца прыехала ў в. Дубок Дамачаўскага раёна выкладаць беларускую мову і літаратуру. Яна добра памятае, як прайшоў яе першы ўрок, як сустракалі яе, выпускніцу навучальнай установы, школьнікі. Заўвагі, пажаданні з боку старэйшых калег яна ўважліва выслухоўвала, разумела і прымала, спадзеючыся стаць сапраўдным прафесіяналам. У Дубку Зінаіда Мікалаеўна паспела пабываць дырэктарам, але хутка зразумела: яе месца ля дошкі, весці ўрокі – найвышэйшая асалода для яе.

Дзякуючы прафесійнай інтуіцыі і педагагічнаму такту, яна дапамагла раскрыцца не аднаму таленавітаму вучню. Тут жа настаўніца сустрэла свой лёс. Яе абраннікам стаў Аляксей Пятровіч Супруновіч, выкладчык рускай мовы і літаратуры. Стварылі моцную і дружную сям’ю. У 1963 годзе яго нечакана адазвалі з водпуску і прапанавалі пасаду дырэктара Пажэжынскай базавай школы. Згадзіўся не адразу, і вось чаму. Побач са старэнькай пасляваеннай, хутка пабудаванай з бярвення разабраных хлявоў школай, узводзілася дзесяцігодка. Як звычайна, да пачатку навучальнага года не паспявалі здаць, ды будавалі па прынцыпу “стук-грук-абы з рук”. Аляксей Пятровіч разумеў: быць яму дырэктарам Пажэжынскай школы. Параіўшыся з жонкай, згадзіўся, сказаўшы загадчыку абласнога аддзела адукацыі: “Я прыму гэтую школу, толькі дапамагайце”. А яму адказалі: “Добра дапамагаць каню, які і сам добра цягне”. А цягнуць давялося шмат: вечарамі, пасля ўрокаў, з настаўнікамі, тэхработнікамі, вучнямі, іх бацькамі даводзілі да ладу школу. На працягу 18 гадоў Аляксей Пятровіч быў душой калектыву. Ён падабраў каманду педагогаў-аднадумцаў, якія прапрацавалі з ім поруч усё жыццё. Гэта Васіль Масюк, Міхаіл Шыянчук, Яўгенія Вашчула, Вера Масюк і многія іншыя. Ён быў ініцыятарам стварэння вучэбных кабінетаў. Часта рабочы дзень яго працягваўся да 12 гадзін ночы. Добрая вучэбная база, выдатна падабраны калектыў, высокі ўзровень выкладання забяспечылі школе добрую рэпутацыю. Методаб’яднанні, семінары, адкрытыя ўрокі былі нормай на базе Пажэжынскай школы. Яго імя добра вядома на Маларытчыне, бо аддаў школе вопыт, веды, сэрца і душу.

У Пажэжыне Зінаідзе Міка­лаеўне было наканавана жыць і працаваць настаўніцай да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Нялёгка было працаваць маёй гераіні ў сітуацыі двухмоўя. Да гэтага часу, на жаль, існуе заганная практыка, калі беларуская мова гучыць толькі на адведзеных урокам 45 хвілінах, а на перапынках настаўнік ужо рускамоўны чалавек. Зінаідзе Мікалаеўне заўжды было непрыемна, калі на пазакласным мерапрыемстве, нават у час урока, настаўнік мог “сарвацца” і перайсці ў размове на “мову-суседку”, не задумваючыся, што тым самым сячэ маленькія карані яшчэ неўмацаванага дрэўца любві і цікавасці да роднага, ад якога паспелі адвыкнуць. Падлетак нашага часу зусім не той, што быў дзесяцігоддзі назад. Ён лёгка разумее, што, аказваецца , па-беларуску з ім размаўляюць толькі за грошы, гэта значыць, за зарплату. Дзеці празорлівыя. У іх псіхіцы – самыя тонкія мем­браны, якія ўлоўліваюць як хлусню, так і праўду.
У маім разуменні настаўнік найперш за ўсё павінен мець праўдзівае сэрца. Зінаіда Мікалаеўна была сумленнай з дзецьмі. Падлеткі ўспрымалі яе як старэйшага сябра, з якім можна было пагаварыць шчыра і адкрыта, расказаць аб праблемах з аднакласнікамі і дарослымі.

Яна ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах не прыніжала асобу вучня, колькі б гадоў яму ні было, нават тады, калі ёй здавалася, што ён гэтага заслугоўвае. З вучнямі была цярплівай і пакорлівай, умела раскайвацца, засмучацца аб сваіх памылках, прызнавала іх публічна, перад вучнямі, гэтым самым давала зразумець дзіцяці, дзе і як трэба каяцца, вучыла перажываць свой грэх.
Зінаідзе Мікалаеўне падабалася быць класным кіраўніком, любіла назіраць, як растуць яе дзеці, — гэта заўжды ўражвае. Урок жыцця не быў у раскладзе, яна яго праводзіла ў выпускным класе, дзе вучыла чалавечнасці, таму, як дарыць радасць тым, хто побач. Былі паездкі ў Ленінград, Кіеў, Маскву, Рыгу. Заняткі ў драмгуртку, літгуртку “Крынічка”, на якіх вучні авалодвалі больш глыбока сакрэтамі творчага майстэрства. Адны выбіралі сабе журналісцкі напрамак, іншыя друкаваліся на старонках перыядычных выданняў, некаторыя спрабавалі свае сілы ў больш складаным, на мой погляд, — у напісанні невялікіх празаічных твораў і вершаў, прымалі ўдзел у розных конкурсах, алімпіядах не толькі ў раёне. Так, Алена Федарук прадстаўляла вобласць на рэспубліканскай алімпіядзе, заняла там дастойнае месца.

Кажуць, пісьменнік жыве ў напісаных ім творах, мастак – у карцінах, скульптар – у статуях, а педагог – у вучнях. Зінаіда Мікалаеўна адбылася як прафесіянал. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, ветэран працы, узнагароджаная мноствам грамат, яна паспяховы педагог, паўтарылася ў сваіх вучнях. Больш за 10 іх абралі прафесію настаўніка, выкладаюць менавіта беларускую мову і літаратуру ў роднай Пажэжынскай школе, у прэстыжных школах і гімназіях г. Мінска і г. Брэста. Гэта Уладзімір Барысюк, Алена Федарук, Любоў Барысюк, Вера Марчук, Ларыса Масюк, Алена Барысюк, Зіна Раманюк, Зіна Тарноўская, Ала Барысюк і іншыя. Яны сталі не толькі беларусазнаўцамі, але і проста надзейнымі і добрымі людзьмі.
Пражыць больш за 80 гадоў і захаваць добрую фізічную форму і памяць удаецца далёка не кожнаму. Зінаіда Мікалаеўна і сёння ў сонечнае надвор’е з задавальненнем выбіраецца на прагулку, у магазін, на пошту, у храм. Можа згатаваць паесці, прыбраць, памыць бялізну, за клумбай дагледзець. Яе цяжка ўбачыць без справы. Яна на нагах увесь час, то людзі да яе ідуць, то яна да іх. Адным дапамагае ў вывучэнні беларускай мовы, іншым – польскай. Зінаіда Мікалаеўна свабодна можа весці гутарку на беларускай, рускай, польскай мовах, разумее нямецкую і ўкраінскую. Цудоўны настаўнік, яна неверагодны рамантык, аптыміст, актыўная, няўмольная, дзіўная расказчыца баек, вясёлых жыццёвых гісторый. Адной з крыніц самазацвярджэння і самарэалізацыі Зінаіды Мікалаеўны была і застаецца яе сям’я. Побач з ёй – родныя людзі, якім яна дае мудрыя парады. Яе клопат, цеплыню адчуваюць дочкі: Іна – урач-тэрапеўт шырокага профілю, а таксама ўрач функцыянальнай дыягностыкі, Святлана – настаўнік-метадыст, славеснік. Зяці, унукі, праўнукі з нейкім незямным, трапяткім пачуццём пяшчоты, павагі, любві, клопату і падзякі называюць яе лепшай мамай і бабуляй. На што Зінаіда Мікалаеўна абавязкова скажа: “Значыць, вы ў мяне – лепшыя на свеце дзеці!”.
Мудрацы казалі: “На схіле гадоў вас чакае вялікае багацце – ваша мінулае”. Праўдзівасць гэтых слоў адкрываецца кожнаму пажылому чалавеку. Як гэта важна на схіле гадоў зразумець, што жыццё пражыта недарэмна, што ўспаміны саграваюць сэрца і душу, што не сорамна за многія ўчынкі, здзейсненыя некалі. Зінаіда Мікалаеўна за ўсё сваё жыццё набыла скарб, які ніхто і ніколі не выкрадзе. Усё яе жыццё як адкрыты ўрок. Яна заўжды трымала і трымае марку моцнай жанчыны, прыкладнай маці, заслужанага педагога. Зінаіда Мікалаеўна – эталон прыстойнасці, маральнай чысціні, высокай духоўнасці і сапраўднай інтэлігенткі, а ўнутраны голас увесь час падказвае: і Вялікасць Настаўнік!

Паважаная Зінаіда Мі­ка­лаеўна! Дзякуй за сустрэчу, якая прынесла шмат радасці і натхнёных хвілін, дзякуй за тую неабходнасць дзяліцца перажытым на газетных старонках, якая жыве ўва мне дзякуючы Вам, за тое, што прыкмецілі і падтрымалі першыя поспехі ў прафесіі, якую да гэтага часу працягваю любіць. Дзякуй за тое, што вялі за руку, заахвочваючы актыўнасць, не шкадуючы ні сіл, ні часу для мяне. З юбілеем!
Марыя НАЎРОСЬ, вёска Пажэжын.

НА ЗДЫМКУ: Зінаіда Мікалаеўна СУПРУНОВІЧ.

Опубликовано ГЧ № 94 от 7.12.16г.

Добавить комментарий


https://ka4alka.com.ua

www.e-kirpich.kiev.ua

xn----7sbajornvhu8c.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!