“Увагі шмат не бывае…”

Пярвічную прафсаюзную арганізацыю сваёй дашкольнай установы Ірына Хатынюк, музычны кіраўнік дзяржаўнага яслі-сада № 1, узначальвае вось ужо 9 гадоў. За гэты час, адзначае Ірына Сяргееўна, у прафсаюзную работу ўнікла, вывучыла многія юрыдычныя пытанні. Але гэтыя веды, ды і сам вопыт, як лічыць прафсаюзны лідар, адносныя. Заканадаўства год ад году змяняецца, выходзяць новыя пастановы, адмяняюцца папярэднія.

— Калі чалавек прыходзіць у прафсаюз са сваім пытаннем, учарашнія веды ў вырашэнні нават падобных адна на адну сітуацый часцей за ўсё атрымліваюцца непатрэбнымі, даводзіцца вывучаць новыя закана­даўчыя дакументы, а нярэд­ка і звяртацца да прафсаюзных юрыстаў у Брэст, цікавіцца, высвятляць, — расказвае пра нюансы прафсаюзнай работы Ірына Хатынюк.
Галоўнае, як лічыць Ірына Сяргееўна, даць правільныя тлумачэнні, даходліва да­несці інфармацыю. Тады не толькі не ўзнікаюць канф­ліктныя сітуацыі, але і расце давер да прафсаюза. А тое, што ў прафсаюзную арганізацыю ідуць са сваімі пытаннямі людзі, гэта добра. Значыць, давяраюць.
— Бывае, прыходзіць нехта з калег на эмоцыях, каб высветліць тое, што хвалюе, да прыкладу, у пытаннях аплаты працы. Калі ўсё да­ходліва, аргументавана растлумачыць, пытанняў не застаецца. Важна, каб дапамога, падказка і парада былі своечасовымі.
У прафсаюзнай “пярвічцы” дзіцячага сада № 1 каля 40 чалавек. Гэта зусім нямнога для таго, каб кожны са сваімі клопатамі, праблемамі, ідэямі быў на вачах, і нямала, каб цікава арганізаваць жыццё калектыву.
— Прафсаюз – гэта самая шматлікая грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае на прафесійным узроўні. Хоць гэта гучыць банальна, але ж, думаю, пра­вільна, бо толькі разам мы сіла. Розных партый у краіне шмат, але яны невялікія і не маюць сілы. А прафсаюзы ўзнімаюць многія пытанні, і іх вырашае ўлада, — гаворыць лідар прафсаюзнай “пярвічкі”.
Дзейнасць прафсаюза мы асацыіруем з матэрыяльнай дапамогай, патанненнем пуцёвак на адпачынак, падарункамі да навагодняга свята, арганізацыяй турызму, спартыўнага і куль­турнага жыцця. Але ня­простая фінансавая сі­туацыя нярэдка зводзіць усе затраты да мінімуму. У прафсаюзе дзяржаўнага яслі-сада № 1 знайшлі сваю крыніцу папаўнення сродкаў. Гэта – удзел у прафсаюзных конкурсах, правядзенне якіх ініцыіруе раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Папрацаваўшы над афармленнем прэзентацый, добра падрыхтаваўшыся да дэманстрацыі сваёй работы, прафсаюзная “пярвічка” дзіцячага сада выходзіць у конкурсах калі не ў пераможцы, дык у прызёры абавязкова. Сёлета дыпломы за першае месца яна атрымала ў конкурсе на лепшы матывацыйны буклет пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і ў раённым этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу па эканоміі энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў. Летась праф­саюзная арганізацыя лі­дзіравала ў конкурсах на лепшую арганізацыю работы па ахове працы, лепшую работу з ветэранамі, перамагла ў конкурсе на лепшы прафсаюзны куток.
— Вядома, падрыхтоўка да конкурсаў займае шмат часу, патрабуе дадатковых ведаў і ўмення працаваць з камп’ютарнымі праграмамі. Але ж намаганні акупляюцца. Грошы, якія атрымлівае ў якасці ўзнагароды пераможца конкурсу, – гэта добрая падтрымка ў тым, каб правесці прафсаюзныя мерапрыемствы, павялічыць кошт навагодніх падарункаў, нейкім чынам палепшыць умовы працы людзей, да прыкладу, купіць у сад пыласос, прынтар, прас і іншыя патрэбныя рэчы, — адзначае Ірына Сяргееўна.
У прафсаюзнага калектыву дзіцячага сада, які аб’яд­ноўвае творчых лю­дзей, шмат сваіх традыцый. Прафсаюз заўжды ў ліку арганізатараў юбілейных свят дашкольнай установы. Пад увагай прафсаюза і ветэраны арганізацыі. Яны абавязкова атрымліваюць віншаванні са святамі і дня­мі нараджэння, а ў юбілей да былога калегі з кветкамі прыходзяць члены прафсаюза дамоў. Для прафсаюзнай арганізацыі, як заўважае Ірына Сяргееўна, рэальна было б арганізаваць шэфскую дапамогу, але пакуль усе ветэраны спраўляюцца з хатнімі справамі самастойна, і яна незапатрабаваная. А вось на розныя святы, якія праводзяцца ў да­школьнай установе, былыя работнікі прыходзяць ахвотна і вельмі ўдзячны за магчымасць паглядзець канцэрт сённяшніх выхаванцаў садка, пагутарыць за чаяпіццем. Яшчэ адна традыцыя – на прафсаюзным стэндзе размяшчаюцца віншаванні з днём нараджэння і ўвесь калектыў ушаноўвае работ­нікаў-юбіляраў. Увагі, як упэўнены ў прафсаюзнай “пярвічцы”, шмат не бывае. Увогуле зрабіць жыццё калектыву больш цікавым да­памагае творчы падыход. А ён уласцівы кожнаму, хто працуе з дзецьмі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня прафсаюзнай арганізацыі УА “Маларыцкі дзяржаўны яслі-сад № 1” Ірына Хатынюк.

Опубликовано ГЧ № 96 от 14.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий