Літаратурны сюрпрыз

Ужо два гады ў нашай школе працуюць гурткі “Юны тэатрал” і “Мастацкае слова”, кіруе якімі настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Пятроўна Федарук. Кожную суботу аматары гэтых аб’яднанняў удасканальваюць свае артыстычныя здольнасці, знаёмяцца з навінкамі рускай і беларускай літаратур, новымі імёнамі паэтаў нашай Брэстчыны, Маларытчыны.
Традыцыйнымі сталі і літаратурныя гасцёўні з удзе­лам творчых, таленавітых людзей, улюбёных у літаратуру. Вось і нядаўна нас, школьнікаў Мельніцкай школы, чакала сустрэча з даволі знакамітым паэтам Брэстчыны Леанідам Георгіевічам Філатавым. Да гэтай сустрэчы мы рых­таваліся даўно, знаёміліся з творамі паэта, вучылі на памяць вершы з яго зборніка “Страла жыцця”. І вось гэ­ты дзень настаў і стаў ён для нас сапраўдным сюрпрызам: прыехаў Леанід Георгіевіч не сам, а са сваімі блізкімі сябрамі – дзіцячым паэтам, аўтарам шматлікіх кніг для дзяцей Іванам Міхайлавічам Мельнічуком і прафесарам, дацэнтам Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта Мікалаем Мікалаевічам Аляхновічам, які выкладае ва ўніверсітэце стараславянскую мову і піша вершы.
Наша літаратурная гасцёўня пачалася з чытання вучнямі вершаў Леаніда Філатава. Дарэчы, з паэтам мы ўжо былі знаёмы завочна: у кабінеце беларускай мовы і літаратуры на стэндзе “Літаратурная Брэстчына” змешчаны яго партрэт і біяграфічныя звесткі. А вось Іван Міхайлавіч Мельнічук і Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч былі для ўсіх адкрыццём. Мы ўпершыню пазнаёміліся з іх творамі. Нам вельмі падабаліся вершы Мікалая Аляхновіча ў выкананні аўтара. А гумарэскі, жарты Івана Мельнічука прыўзнялі ўсім настрой. З непадробнай увагай і цікавасцю мы глядзелі аўтабіяграфічныя фільмы нашых гасцей, якія яны прывезлі з сабой.
Набліжаўся час развітання. Ад імя вучняў школы Юля Смаль падзякавала гасцям за сустрэчу, якая ўзбагаціла школьнікаў і духоўна, і эстэтычна, і падарыла на памяць сувеніры, зробленыя рукамі школьнікаў. А паважаныя госці пакінулі свае аўтографы і кнігі – “Гасцінец” Івана Мельнічука і літаратурны альманах “Жырандоля”, дзе сабраны лепшыя вершы паэтаў Брэстчыны.
Вельмі хочацца, каб гэтая сустрэча не была апошняй.
Даша і Саша КОСІК, вучаніцы Мельніцкай базавай школы.
НА ЗДЫМКУ: у час літа­ра­турнай сустрэчы.
Фота з архіва школы.

Опубликовано ГЧ № 96 от 14.10.16г.

Добавить комментарий


avrora-trans.com

www.www.kamod.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!