Будаўніцтва… з даўгамі

Сітуацыя на рынку будаўнічых паслуг цяпер не з лёгкіх. Будаўнікам даводзіцца шукаць работу нават за межамі рэспублікі. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца з-за таго, што многія заказчыкі не ў стане своечасова разлічвацца за аказаныя паслугі і выкананыя работы з-за сваёй неплацежаздольнасці. І тым не менш Маларыцкая ПМК-20  на сённяшні дзень на ўсе 100 працэнтаў загружана работай. Прычым, аб’ёмы яе, калі меркаваць па інфармацыі  “Брэст­аблсельбуда”,  павялічыліся ў 3 разы. Дзякуючы чаму будаўнікам удаецца трымацца на плыву, якія перспектывы на 2017 год? Аб гэтым і іншым карэспандэнту рэдакцыі райгазеты расказаў начальнік УП ”Маларыцкая ПМК-20”  Валерый  Масюк.

— Валерый Васільевіч, добра памятаю і сёння той сход у вашай арганізацыі, што ініцыіравалі самі работнікі і на якім ішла размова пра крытычную сітуацыю, што склалася ў калектыве. Работы не было, многія пачалі звальняцца, а тыя, хто застаўся, вымушаны бы­лі пра­цаваць няпоўны ты­дзень. І ўсё ж ПМК-20 выжыла. Як мяркуюць многія, менавіта дзякуючы таму, што ў ёй змяніўся кіраўнік, што прыйшлі на пасаду начальніка Вы. Валерый Васільевіч, што найперш прадпрынялі, каб захаваць калектыў і людзей работай забяспечыць?
— Маёй першай задачай было загрузіць работнікаў. Аб’ектаў будаўнічых у раёне мы, вядома ж, тады не мелі. Таму ў першую чаргу пачалі займацца дапаможнай вытворчасцю, аднаўленнем яе. Калі сталі рэалізоўваць прадукцыю ўласнай вытворчасці, аказалася, што яна вельмі і вельмі запатрабаваная. А гэта і бетон, і піламатэрыялы, і інш. Усяго рэалізацыя прадукцыі ўласнай вытворчасці іншым спажыўцам склала 37% ад агульнай колькасці паслуг, якія мы аказвалі. Не менш запатрабаваныя былі будаўнічыя і рамонтныя работы, якія мы выконвалі згодна з дагаворамі з прыватнымі асобамі, а таксама паслугі транспарту, арэнда памяшканняў і г.д. Усяго з мая і па восень мы аказалі паслуг на суму 4 мільярды 730 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Паралельна з аднаўленнем і развіццём дапаможнай вытворчасці шукалі аб’ёмы работ. Давялося ехаць у Маскву. Там нічога не знайшлі. Даехалі нават да Разані, дзе нам крыху больш пашанцавала. Таму і цяпер у Расіі працуюць нашы людзі. Удалося знайсці працоўныя месцы для сваіх работнікаў і на Астравецкай атамнай станцыі, дзе яны былі заняты па лістапад. На шчасце, знайшлася работа і ў раёне на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Паўднёвай у Маларыце і на рэканструкцыі сталовай у гарадской сярэдняй школе №2, будаўніцтве царквы. Да восені ў нас ужо не стаяла пытанне аб чатырохдзёнцы, а ў лістападзе-снежні мы выйшлі на тыя аб’ёмы, што неабходны, каб арганізацыя жыла.
— А штат работнікаў не павялічыўся?
— Калі ў красавіку 2015 года я прыйшоў у ПМК-20 на пасаду начальніка, у штаце было 168 чалавек. Жыццё прымусіла пашырыць яго. І найперш узяць на работу яшчэ 25 чалавек муляраў, бо тых 30, якія тады ў арганізацыі працавалі, аказалася мала. Ва ўсякім выпадку, цяжкавата было асіліць сур’ёзны аб’ект. У ліку 25 чалавек, якія прыйшлі у калектыў, у большасці тыя, хто яго ў свой час пакінуў. Цяпер у арганізацыі працуюць 215 чалавек.
— Валерый Васільевіч, а на якіх аб’ектах канкрэтна цяпер заняты вашы людзі?
— У Віцебскай вобласці ў горадзе Талачын мы будуем свінакомплекс, у Брэсце — пункт прыёму асабовага саставу 38-й гвардзейскай брыгады, у Маларыце – новы праваслаўны храм, а таксама 40-кватэрны дом. Карацей кажучы, усю зіму мы будзем загружаны работай.
— А ў 2017-ым?
— Папярэдне на 60-70 працэнтаў будзем загружаны і ў наступным годзе. У асноўным у раёне. Як я ўжо сказаў, на будаўніцтве 40-кватэрнага дома ў Маларыце, будаўніцтве царквы. 7 дамоў плануецца будаваць у сельгасарганізацыях раёна. Між іншым, 40-кватэрны дом — долевы. Таму грамадзяне, якія жадаюць пабудаваць там кватэры за ўласныя грошы, могуць прыходзіць да нас і заключаць дагаворы.
-Вы сказалі пра будаў­ніцтва храма. Якія работы будуць выконвацца там у бліжэйшы час?
-У снежні мы плануем пачаць цагляную кладку.
-Адной з галоўных пра­б­лем для многіх сёння з’яў­ляюцца неплацяжы. Напэўна, і з вамі не ўсе своечасова разлічваюцца?
-Дэбіторская запазычанасць нашай арганізацыі за 9 месяцаў гэтага года склала 14 мільярдаў недэ­намінаваных рублёў, з іх 6,5 мільярда — пратэрмінаваная. На працягу 2 гадоў не могуць з намі разлічыцца такія арганізацыі, як СВК”Рыта” і ААТ”Макраны”, дзе мы будавалі фермы. Аб’екты працуюць, мы на названую суму заплацілі падатак, звярталіся нават у суд. Але, на вялікі жаль, справа з мёртвай кропкі так і не зрушылася. Без фінансавых жа сродкаў выжыць ва ўмовах рынку вельмі цяжка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: начальнік УП ”Маларыцкая ПМК-20” Валерый Масюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 97 от 17.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.