З настроем на свята

Кажуць, як сустрэнеш новы год, так яго і правядзеш. Верыць у гэта ці не – справа кожнага. Але ж прыемныя эмоцыі і добрыя ўспаміны нікому не лішнія. Таму навагодняе свята, па традыцыі, сустракаюць не толькі ў сямейным акружэнні, але і з калектывам, з якім чалавек праводзіць большую частку жыцця. У мітуслівых пераднавагодніх буднях знайсці час на свята няпроста, але яшчэ больш складаная задача – вызначыцца з месцам для правядзення карпаратыву. Вырашыць, будзе гэта вечарынка на свежым паветры, адпачынак на турыстычнай базе ці банкет у рэстаране, падлічыць усе расходы, скарэкціраваць меню – важныя дробязі добрага настрою. Усё абмеркаваць, прааналізаваць і падлічыць і было пераднавагоднім заданнем карэспандэнту “ГЧ” ад рэдакцыі. 

Арганізаваць святкаванне Новага года ўсім калектывам… Здавалася б, што тут складанага? Адразу ўключаю фантазію. Уяўляецца вечар, ціха цярушыць сняжок, агонь кастра, духмяны дымок… Дык ці не прапанаваць калегам адпачынак на адной з аграсядзіб раёна ці на турбазе, а, можа, на паляўнічай базе, што ў Арэхаве? Каб не губ­ляць час на прыгатаванне святочнага стала, можна скарыстацца паслугай кейтэрынгу – выязнога рэстарана. А потым сабрацца ўсім ля мангала і атрымліваць асалоду ад паху шашлычкоў. Рамантыка, ды і толькі… Але ж на навагодняе свята так хочацца апрануць новую сукенку, туфлі на абцасах, прыняць удзел у конкурсах, закружыцца ў танцы… Значыць, трэба шукаць іншы варыянт. Тут дапамагаюць інтэрнэт і тэлефонны даведнік. Складаю спіс кафэ, рэстаранаў і бараў, што ёсць у нашым горадзе. Ён атрымліваецца не надта вялікі. Рэстаран “Рыта”, бары “Фаварыт” і “Ваколіца”, кафэ “Скарпіён”, “Калі ласка” і “Лета”, зал урачыстасцей прадпрымальніка Мірзоева. І ўсё ж можна разгубіцца ў выбары. Каб выбраць лепшае, трэба, як кажуць, пабываць у кожным, паспрабаваць стравы на смак, параўнаць цэны. Зрабіць гэта самому і за кароткі адрэзак часу (запіс на правядзенне пераднавагодняга карпаратыву папярэдні, а значыць, трэба спяшацца з заказам, каб не апынуцца “за бортам”) проста немагчыма. Таму выбіраю варыянт апытання ў адной з маларыцкіх груп сацыяльнай сеткі “Укантакце”. Задаю пытанне, пакідаю варыянты адказаў. Праз некаторы час заходжу на старонку групы і прыемна здзіўляюся. 297 маларытчан не паленаваліся даць свой адказ у апытанні. 143 чалавекі, а гэта 48, 1% раяць наведаць кафэ “Калі ласка”. Такі высокі рэйтынг інтрыгуе, а таму вырашаю ў першую чаргу наведаць менавіта гэтую кропку.
— Першыя заказы на правядзенне карпаратываў у нас з’явіліся яшчэ тры месяцы назад, — расказвае бармэн кафэ “Калі ласка” Святлана Чак. – І цяпер многія звяртаюцца з просьбай забраніраваць залу. Нашы пастаянныя кліенты ведаюць, што ў кафэ добрая кухня, прыгожае, як у элітных рэстаранах, афармленне страў, вялікія порцыі.
Сюрпрызам для тых, хто вырашыць правесці ў “Калі ласка” пераднавагоднія вечары, стануць, як адзначаюць у кафэ, жывая музыка, праграма вядучых, а ў навагоднюю ноч – прадстаўленне з Дзедам Марозам і Снягуркай. Што датычыцца сумы, якую давядзецца заплаціць за свята, яна будзе, вядома, залежаць ад зробленага заказу. У заказ у межах 50 рублёў увойдуць тры гарачыя стравы, пяць-шэсць відаў халодных закусак, 3-4 віды салатаў.
Запісаўшы ў сваім блакноце дні, калі ў кафэ яшчэ ёсць “вакантныя” вечары, вырашаю пабываць у іншых кропках, каб было з чым параўнаць.
У рэстаране “Рыта” прыемна ўражвае атмасфера святочнасці. Кампазіцыі са свечкай на кожным стале надаюць настрой зімняга чараўніцтва. З 9 снежня тут пачаліся дыскатэкі з элементамі жывой музыкі, уваход на якія – бясплатны, прычым кожнага кліента чакае пачастунак ад шэф-повара. Менавіта з шэф-поварам, патэлефанаваўшы ў рэстаран, можна дамовіцца аб правядзенні навагодняга карпаратыву ці заказаць столік на навагоднюю ноч. Цэнавы дыяпазон заказа, як высвятляю ў размове са старшынёй праўлення райспажыўтаварыства Аленай Цімашэнка, вельмі шырокі, як і асартымент страў, у які спецыяльна ўключана і шмат посных. Да Новага года майстрам-поварам распрацаваны новыя стравы. Гэта і салата “Навагодняя феерыя”, і мяса “Сюрпрыз”, і смажанка “Шляхецкая”, і бульбачка па-радзівілаўску. Усе іх, як і многія іншыя, дарэчы, можна заказаць, скарыстаўшыся паслугай выязнога абслугоўвання. Повары, афіцыянты са сваім посудам і гатовымі стравамі арганізуюць святочны стол у любым месцы па жаданні кліентаў. Але для гэтага трэба зрабіць заказ загадзя.
Здаецца, можна было б і вызначыцца ўжо з выбарам, але ж не магла прамінуць бар “Фаварыт”, у якім бывала не раз і заўжды заставалася задаволенай і афармленнем стала, і якасцю прыгатаваных страў, і іх смакавымі якасцямі.
— Так, заказы на карпаратывы ў нас ужо ёсць. У асноўным яны прыпадаюць на перадапошні тыдзень снежня. Для зручнасці кліентаў мы прадугледзелі і магчымасць суправаджэння свята вядучым і жывой музыкай, і навагоднюю ілюмінацыю залы, і падарункі самым актыўным удзельнікам навагодняй праграмы, і мяшок з цукеркамі ад бара для ўсіх гасцей, — расказвае дырэктар прыватнага прадпрыемства “Ваяж-эфект” Васіль Захарчук.
У асартыменце, які прапануе бар “Фаварыт”, больш за 30 гарачых мясных і рыбных страў, 15 салатаў. Перш чым заказаць стравы, можна азнаёміцца з іх ілюстрацыямі. У заказ ад 20 рублёў будзе ўключана 5 гарачых страў, салаты, халодныя закускі. У адрозненне ад іншых бараў, кафэ, рэстаранаў нашага горада, “Фаварыт” у навагоднюю ноч не працуе. Пасля насычаных святочных вечароў у снежні калектыў бара будзе адпачываць і святкаваць Новы год са сваімі сем’ямі.
А вось у зале для ўрачыстасцей Мірзоевых, як адзначаюць гаспадары, хоць і напярэдадні Новага года многія жадаюць сустрэць свята калектывам, але і ў навагоднюю ноч будуць забаўляць маларытчан. У зале, разлічанай на 150 месцаў, запланавана святочная праграма. Яна стане прыемным дапаўненнем да заказу, сума якога складзе ад 30 да 35 рублёў.
Прааналізаваўшы ўсё ўбачанае і пачутае, а таксама падлічыўшы ўмоўную суму, прызначаную для арганізацыі карпаратыву, каб пераканацца ў тым, што “дэбет” з “крэдытам” сышліся, зрабіла свой выбар, які прапанавала калегам. Магчыма, і вам гэтая інфармацыя стане карыснай.
Заданне рэдакцыі выконвала
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 97 от 17.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.