Дзедава спадчына

Уменне працаваць з насякомымі, якія перапрацоўваюць кветкавы нектар у салодкі і карысны для здароўя чалавека прадукт,  і не баяцца  іх  джалаў Віктару Ківачуку з вёскі Мельнікі дасталося ад дзеда з бацькам.

А яшчэ Віктар Іванавіч любіць мёд, які, упэўнены, не проста смачны прадукт, а яшчэ і крыніца бадзёрасці і добрага настрою. І пры бяссонніцы дапамагае. Шклянка цёплай вады з лыжкай разведзенага ў ёй янтарнага мёду, выпітая на ноч, усе трывогі нібы рукой здыме. Не верыце? Тады паспрабуйце. Віктар Іванавіч упэўнены, што абавязкова дапаможа. Ад сябе дадам, што і я неаднойчы выкарыстоўвала гэты цудадзейны напой і засынала сном дзіцяці.
І ў сям’і Віктара Ківачука любяць мёд. Цэлыя шклянкі, як некаторыя мае знаёмыя, яго, вядома ж, не ядуць, а вось лыжку-дзве замест цукру з чаем і ён сам, і дочкі з жонкай ужываюць амаль штодзённа. Адсюль, відаць, і настрой падчас нашай сустрэчы ў яго быў такі бадзёры і жыццярадасны. Каб забяспечыць сваю сям’ю мёдам, патомны пчаляр трымае ва ўласнай гаспадарцы 8 пчоласем’яў. Імі, праўда, больш займаецца бацька Віктара, 86-гадовы Іван Міхайлавіч Ківачук. Колішняму слесару калгаса “Запаветы Леніна” пчолы дасталіся ў спадчыну ад яго бацькі Міхаіла Сідаравіча, які ў свой час таксама займаўся пчалярствам і мёд прадаваў, нават у Польшчу вазіў. Іван Міхайлавіч, як ніхто, ведае, што пчоламі неабходна займацца сур’ёзна, а не між іншым. А ў Віктара і на рабоце клопатаў хапае. Вет­урач фермы “Сушытніца” і па сумяшчальніцтву пчаляр СВК “Хаціслаўскі”, а летам яшчэ і абавязкі галоўнага заатэхніка гаспадаркі выконваў, проста фізічна не можа адначасова ўсюды паспець. Таму бацька заўжды ў сына ў памочніках. І пчол уласных падкорміць, калі трэба, і мёд дапаможа сабраць, і параіць нешта добрае ў плане развіцця пчалінай гаспадаркі сельгаспрадпрыемства. Тым больш, што Віктар не збіраўся быць прафесійным пчаляром .
Пасля заканчэння Ваў­кавыскага саўгаса-тэхнікума дыпламаваны спецыяліст вярнуўся ў Мель­нікі, у калгас “Запаветы Леніна”, дзе прапанавалі пасаду ветурача. А вось вышэйшую адукацыю не атрымаў, нягледзячы на тое, што паступіў і некалькі курсаў правучыўся на завочным аддзяленні Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Як прызнаўся ў час размовы Віктар Іванавіч, пасля жаніцьбы заняўся бу­даўніцтвам уласнага дома, і, маўляў, не да вучобы стала.
Што тычыцца пчалярства, то ён змалку любіў назіраць за работай дзеда, а пасля і бацькі, яму было цікава, як яны праводзілі падкормку гэтых насякомых, што кусаюць, як здабывалі мёд, з задавальненнем ласаваўся ім. Але не гэта яго прываблівала, бо ўсё, што рабілі старэйшыя Ківачукі, было на вачах. А хлопчыка заўжды цікавіла тое, што адбываецца ўнутры вулляў. Яму так хацелася зазірнуць у вузкую шчыліну, адкуль выляталі і куды вяр­таліся пасля напружанага дня нястомныя працаўніцы. Гэтая таямніца прыцягвала і палохала. Але, у рэшце рэшт, зрабіла сваю справу: ён пайшоў па слядах дзеда і бацькі. І хоць спецыяльна пчалярскай справе нідзе не вучыўся, стаў сапраўдным прафесіяналам. Пра тое, што гэта і сапраўды так, сёння гаворыць многае.
…Заняцца пчальніком гаспадаркі Віктара Ківачука гадоў дзесяць таму папрасіў тагачасны старшыня СВК “Хаціслаўскі” Васіль Пішчык. Кіраўнік ведаў, што ў ветурача ёсць на ўласнай сядзібе пчолы. А галоўнае, што ў яго атрымліваецца з імі працаваць. Вось і прапанаваў яму пабыць яшчэ і пчаляром гаспадаркі. Спачатку на месяц, маўляў, пакуль знойдзем замену былому пчаляру. Пасля – на паўгода. Калі ж убачыў, што ў таго ўсё ладзіцца, дык і замену перастаў шукаць. Так часовая справа стала пастаяннай, а яго другім месцам работы — пчальнік на хутары Зарычка.
Менавіта на гэты аддалены ад цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства хутар, дзе побач з яго стацыянарнай базай, у несамавітых хацінах жывуць яшчэ двое пажылых людзей , і прапанаваў з’ездзіць Віктар Іванавіч. Каб усё ўбачыць сваімі вачыма. Усё, акрамя працаўніц-пчол , бо цяпер яны зімуюць, а гэта значыць, знаходзяцца ў дрымотным стане, акрамя працэсу іх падкормкі і здабычы мёду. Як гавораць, не ў той час прыехалі. І тым не менш, убачылі тут і пачулі ад гаспадара пчальніка нямала цікавага. А найперш – сапраўдную зіму: некрануты нагой чалавека і коламі машын бялюткі снег, на якім Віктар Іванавіч адразу ж паказаў сляды вавёркі, што жыве ў гэтых мясцінах. Такой прыгажосці не тое, што ў горадзе, дзе снег ад саляных раствораў, пяску, колаў машын і людскіх ног пера­твараецца ў брудную мокрую мешанку, нават у вёсцы зараз не заўжды пабачыш. І цішыня такая, што кожны крок амаль ці не рэхам аддаецца ў паветры…
На выгараджаным мета­ліч­най сеткай участку сярод лесу, акрамя прысыпаных сняжком стацыянарных вулляў з пчоласем’ямі, дапаможнага памяшкання, дзе знаходзяцца інвентар пчаляра і рамкі для мёду, а таксама павецяў з лаўкамі каля яго, размешчаны дзве металічныя перасоўныя платформы з вуллямі. Як сапраўдны гаспадар, Віктар Іванавіч яшчэ напярэдадні зімоўкі дротам замацаваў пчаліныя домікі на платформах, а каб у іх не трапіла вільгаць, якой “салодкія” насякомыя вельмі баяцца, зверху накрыў шыферам.
— Вясной, калі прырода ажывае і квітнее, платформы з вуллямі перавозім у месцы, дзе пчолы могуць назбіраць кветкавы нектар, размяшчаем каля пасеваў грэчкі і рапсу, — распавядаў Віктар Іванавіч. – Сёлета ў нас у асноўным быў лясны медазбор і крыху з грэчкі. Рапсавага не атрымалі зусім з-за таго, што пасевы гэтай культуры вымерзлі. Таму і мёду таварнага ў параўнанні з леташнім сабралі значна менш: усяго 3,7 цэнтнера. У мінулым годзе яго было каля тоны. Акрамя салодкага янтарнага мёду, 80 пчоласем’яў далі таксама 76 кілаграмаў воску, які абмянялі на вашчыну.
Пра справы вытворча-мядовыя, а яшчэ больш пра пчол і іх звычкі Віктар Ківачук можа распавядаць гадзінамі. З задавальненнем падзеліцца сваімі назіраннямі за гэтымі дзіўнымі насякомымі. За час работы з пчоламі дома і на рабоце зрабіў выснову, што так проста яны людзей не джаляць. Бывае гэта ў тых выпадках, калі чалавек робіць рэзкія рухі. Па ўсім відаць, у іх таксама спрацоўвае пачуццё самазахавання і яны першымі пачынаюць атакаваць уяўляемага ворага. І пахаў іншародных пчолы не любяць. З гэтай нагоды пчаляр успомніў выпадак, які, на яго думку, з’яўляецца прамым доказам гэтага. А здарылася з ім вось што. Аднойчы жонка вырашыла вымыць яго пчалярскую вопратку. Маўляў, настолькі яна брудная ўжо, што глядзець непрыемна. Памыла з пральным парашком. Калі ж Віктар апрануў свой чысценькі “прыкід” і прыйшоў у ім на пчальнік, яго своеасаблівы пах настолькі раздражніў насякомых, што яны ледзьве не закусалі вопытнага пчаляра, хоць ён і звыклы да іх джалаў.
А яшчэ пчолы любяць цішыню. І Віктар Іванавіч стараецца не па­рушаць яе ў месцах іх дыслакацыі. Платформы з вуллямі размяшчае далей ад дарог і людскога гоману. Вясной адвозіць іх у лес, дзе зацвітае меданосная расліннасць, на ўскрайкі палеткаў, засеяных рапсам ці грэчкай. Тут, у цішыні, пчолы могуць збіраць нектар і бесперашкодна вяртацца з ім у вуллі. Зімой домікі з насякомымі перакачоўваюць на пчальнік ў Зарычку, куды перыядычна наведваецца і іх гаспадар. Каб пракантраляваць, як зімуюць пчоласем’і, ці не парушаў хто іх спакой.
Віктар Ківачук упэўнены, што без чалавека пчолы не могуць. Па дарозе на пчальнік ён распавядаў пра захворванні пчол, пра тое, як іх лечыць. Калі, напрыклад, своечасова не пралячыць хворае насякомае ад кляшча, дык праз тыдзень яно загіне ад парушэння цэласнасці цела. Для папаўнення сваіх ведаў па пчалярстве выпісвае часопіс “Гаспадар”, у якім гэтай тэматыцы адведзена некалькі старонак. Ды толькі адна справа прачытаць пра нешта цікавае і карыснае ў артыкуле і зусім іншая – ажыццявіць гэта на практыцы. Каб стаць прафесіяналам, школу пчалярства трэба прайсці самому. І, вядома ж, любіць справу, якой займаешся. Для Віктара Ківачука работа з пчоламі яшчэ і цікавае хобі. Як прызнаўся мужчына падчас паездкі на пчальнік, асабіста ён адпачывае ля крылатых працаўніц. Работа з імі супакойвае, настройвае на добры, а часам і на лірычны лад. Нават выраб рамак: імі пчаляр займаецца зімовымі вечарамі, іх навошчванне і чыстка не здаюцца такімі аднастайнымі і надакучлівымі, бо робіць гэтую справу з любоўю.
Асабліва Віктара Іва­навіча радуе добры медазбор. Гэта значыць, што работа яго на працягу года была недарэмная. І ён пасля спецыяльнай экспертызы абавязкова павязе свежую салодкую прадукцыю на вытворчыя ўчасткі, каб работнікі гаспадаркі маглі набыць яе па зніжанай цане і ўдосталь паласавацца (раней мёд спачатку дастаўлялі на склад, дзе да рэалізацыі ён паспяваў нават крышталізавацца). Работнікі задаволены . І яму прыемна рабіць жыццё людзей хоць крышачку саладзейшым і дарыць ім добры настрой. Так рабілі дзед і бацька патомнага пчаляра, так робіць ён сам. А засмучаецца ад таго, што сямейную справу пакуль няма каму перадаць. Малодшыя дочкі, хоць і дапамагаюць бацьку ў рабоце з пчоламі, лічаць пчалярства не жаночай справай. Яму ж так хочацца, каб дзедава спадчына перадавалася з пакалення ў пакаленне, а салодкая янтарная прадукцыя радавала людзей, лячыла іх хваробы і стварала добры настрой…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: пчаляр ААТ “Хаціслаўскае” Віктар Ківачук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 98 от 21.12.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!