ЗДАБЫТАК ПРАЦЫ ЎЛАСНАЙ ДУШЫ

“Коммунист Белоруссии”, “Молодой коммунист”, “Блокнот агитатора”, “Знамя юности”, “Комсомольская правда”, “Настаўніцкая газета”, “Литературная газета”, “Заря”, “Сельскае жыццё”, “Русский язык и русская литература в школе”, “Роман-газета”, “Юность”. Вось, напэўна, увесь пералік выданняў, што рэгулярна выпісвалі і чыталі ў нашай сям’і, сям’і так званай “сельскай інтэлігенцыі” (інжынер+настаўнік). Вы думаеце, мае калегі Зінаіда Мікалаеўна Супруновіч, Васіль Апанасавіч Масюк, Валянціна Мікалаеўна Літвін выпісвалі менш газет і часопісаў? Не!

У Васіля Апанасавіча Масюка наогул падпіска зашкальвала. Бо ён у нас заўзяты шахматыст, а задачкі, заданні ці гульні, як іх там дакладней назваць, друкаваліся, напрыклад, у газеце “Звязда”. Вось і выпісваў, акрамя ўсяго, яшчэ і яе. Наогул, мне здаецца, наш калектыў быў у раёне з такіх, дзе найбольш чыталі. Гэта цяпер творы Ю. Сямёнава, А. Салжаніцына, А. Рыбакова, В. Пікуля, І. Бродскага, В. Дудзінцава і іншых сталі здабыткам усіх, а раней большасць чытачоў толькі пра іх чулі, чыталі нямногія. У гэтым плане “Раман-газета” – скарбніца. А. Рыбакоў “Тридцать пятый и другие годы», вельмі папулярныя “Белые одежды» В. Дудзінцава ,“Экспансия” Ю. Сямёнава, “Фаворит” В. Пікуля, “Ракавы корпус”, “Август 14-го” А. Салжаніцына і іншыя…
Першай чытала я і мае бліжэйшыя калегі Аляксей Супруновіч, Яўгенія Вашчула, затым па запісу — суткі на тое, каб прачытаць, а потым і зусім дамовіліся вяртаць часопіс да выхаду наступнага нумара. Усё гэта мы рабілі з вялікай адказнасцю, сумленна, ніводны нумар не згубіўся. Хутка ў кабінеце рускай мовы і літаратуры быў абсталяваны куток: на простай вучнёўскай парце свабодна ляжалі падшыўкі часопіса “Юность”, “Роман-газеты”, “Литературной газеты”. Магчымасць іх прачытаць мелі ўсе: ад любога настаўніка-прадметніка, старшакласніка, да тэхработніцы. На 30-хвілінных перапынках мы не гаварылі пра хатнія нарыхтоўкі ці пра тое, як пахудзець. Мы дыскутавалі, спрачаліся, напрыклад, з нагоды кожнага палажэння, цытаты, вываду салжаніцынскага артыкула “Як абуладкаваць Расію”, дасланага з ЗША (на той час А. Салжаніцын жыў там з сям’ёй у эміграцыі) і на­друкаванага ў “Литературной газете”.
Паважаная рэдакцыя! Амаль 47 гадоў я з задавальненнем і з цікавасцю чытаю “”. Не ўяўляю сваё жыццё без яе. Яна была са мной: і ў час кахання і ўзмужнення, дапамагала ў пошуках адказаў на цяжкія пытанні. Я і цяпер з нясмеласцю і трапяткім сэрцам адкрываю свежы нумар газеты. Дык чаму ж сёння з мноства выданняў, на якія раней афармляла падпіску, засталася толькі адна «раёнка»? Адказаць адназначна, тым больш вычарпальна, цяжкавата. Мабыць, настальгія аб незваротным? Цікавасць? Да чаго? Да жыцця? Напэўна. Мне думаецца, газета прыцягвае дакладнай рэакцыяй на час, на тыя падзеі, якімі жыве раён, што нярэдка вызначае змест многіх чытацкіх заметак. А яшчэ мяне асабіста газета навучыла пісаць не тады, калі мне хочацца, а тады, калі я сапраўды разабралася ў праблеме і проста ўжо не магу не пісаць.
Шырокае, разнастайнае кола пытанняў, тэм, якія рэгулярна асвятляюцца ў газеце. Гэта: “Здароўе – мудрых ганарар”, “Людзі і лёсы”, “Спартыўны кур’ер”, “Землякі”, “Прад­прымальніцтва”, “Гандаль”, “Сельская гаспадарка”, “Памяць”, “Мая сям’я – маё багацце”, дакументальныя матэрыялы, свабодныя заметкі. Няма неабходнасці займацца пералічэннем. Раю лепш проста ўзяць газету ў рукі і ператварыць яе ў здабытак працы ўласнай душы.
Паважаныя супрацоўнікі газеты! Ваш шлях у журна­лістыцы не ўсыпаны ружамі. Цяжкі лёс, адказная і высокая місія. Вы — натуры неардынарныя, напэўна, характары складаныя. Але, тым не менш, у вас ёсць адна якасць, якая парадніла вас. Гэта высокая павага да свайго героя, павага і давер да чытача. Вы ўсе разам займаецеся патрыятычным выхаваннем моладзі, ушаноўваеце герояў вайны і працы. Вырашаеце маральныя праблемы: праблемы сумлення, гонару, абавязку, здрады, глухаты і абыякавасці чалавечага сэрца. Я гавару пра ўнутраны, а не знешні стан, бо свабода, на мой погляд, — гэта гармонія знешняга і ўнутранага разняволення, і зусім не разбэшчанасць і безадказнасць. Бясспрэчна, вы дапамагаеце нарадзіцца новай самасвядомасці, у людзей з’яўляецца вострая патрэбнасць усвядоміць сваё “я”. Чытач далучаецца да развагі аб крыніцах і прыродзе патрыятызму, задумваецца пра героя нашага часу. Вы дапамагаеце загартаваць, адграніць сабе такую душу, каб стаць чалавекам. Ваша жыццёвая пазіцыя, яскравыя, цікавыя публікацыі дазволілі вам знайсці свайго ўдзячнага чытача. Мы чакаем сустрэчы з вамі на старонках газеты, мы прыслухоўваемся да вашага слова. Добра, што ў апошнія гады вы стараліся ісці наперадзе ў чытача, выхоўваеце яго, узнімаеце планку патрабавальнасці. Вы павінны ганарыцца: у вас ёсць свой чытач.
Найбольш актуальнай праб­лемай цяпер з’яўляецца вяртанне чалавека ў яго чалавечы вобраз. Мы доўгія гады сцвярджалі: створым новага савецкага чалавека – і ведаеце, на жаль, яго стварылі. Вось цяпер задача – як яго ператварыць проста ў чалавека. Нялёгкая справа. Нешта дзіўнае адбываецца з людзьмі. Замест любві да бліжняга так часта ўзнікае жаданне нанесці яму боль, растаптаць яго і прынізіць. Катастрафічна аддаляемся адзін ад аднаго. Адчужэнне і холад, жорсткасць замест спачування. Столькі злосці, столькі зайздрасці пасялілася ў чалавечых сэрцах, настолькі скалечаны душы людскія, што не будзе толку, пакуль наш чалавек не ачалавечыцца. А жыццё ж такое кароткае, непазбежна настане старасць, для некаторых гэта: адзіноцтва, галеча, запусценне, катастрофа. Ці не настаў час нам спыніцца і задаць пытанне, якія ж мы на самой справе ў гэтым бясконцым жыцці, якое не ведае смерці? Цяпер такі час прыйшоў – не атрымліваць, а рабіць іншым і дабро, і спачуваць, і ўсяляць надзею – тое, што яшчэ цепліцца ў кожнага. Бо зусім відавочна, што без выразнага размежавання праўды і хлусні, дабра і зла, цудоўнага і агіднага жыццё бяссэнсавае.
У газеце закранаюцца праблемы вытворчыя, маральныя, этычныя, эканамічныя, сацыяльныя, педагагічныя, экалагічныя, рэлігійныя. Хацелася б прачытаць пра прафесіі, пра выбар жыццёвага шляху і адносіны да розных прафесій. Абавязак старэйшых – дапамагчы дзецям пераадолець шкодныя стэрэатыпы аб высакамерным дзяленні прафесій на “чыстыя” і “нячыстыя”, прэстыжныя і непрэстыжныя. Здавалася б, даўным-даўно зніклі падобныя ўяўленні. Але не. Вось і трэба пашукаць, дзе карані гэтых уяўленняў – дома ці ў школе, а, мабыць, і ў школе, і дома. Няма ў дзяцей свабоднага выбару прафесіі, за іх усё вырашаюць. Вось адсюль “агульная млявасць, абыякавасць да жыцця” ў маладога пакалення.
Эканамічная нестабіль­насць, экалагічная небяспека, тэрарыстычная пагроза штурхаюць людзей у імя выжывання аб’ядноўвацца ў розныя групы, дзеянні якіх, зразумела, непрадказальныя. Гэтыя людзі, падчас кінутыя воляй абставін на абочыну жыцця, душы апустошаныя, адзічэлыя, адарваныя ад роднай глебы, выкарыстоўваюць падлеткаў, што аступіліся. Куды выльецца энергія падлетка – гэта ад нас залежыць. Бо чалавек – вельмі складаная натура, тым больш падлетак. Яго можна павярнуць практычна куды трэба, да дабра і да зла, мы ведаем гэта добра па канкрэтных прыкладах і ў жыцці, і ў гісторыі.
Праблемы маладой сям’і, узаемаадносіны адзін з адным і з бацькамі — гэта вялікі комплекс праблем маральных. А ад маральнага фундамента чалавека залежыць, ці зможа ён даць шчасце другому чалавеку ў сям’і, ці будзе добрым таварышам на вытворчасці, дастойным грамадзянінам у грамадстве. Вялікі маральны патэнцыял – неабходная ўмова жыцця.
Кожны з нас нечым абавязаны патомкам. Шчаслівы той, хто пакідае жыццё з пачуццём выкананага абавязку. Аджываюць і паміраюць нямыя пакаленні, якія не расказалі пра сябе ні самім сабе, ні нашчадкам. Гэты каштоўны і дарагой цаной атрыманы вопыт нельга не ведаць, трэба разумець мінулае, каб разумець, якія мы сёння і наогул. “Трэба ведаць – сэрца просіць, як дзядам, бацькам жылося”.
Тут агучаны толькі некаторыя, самыя магістральныя тэмы, але яны не вычэрпваюць кола праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца ў жыц­ці нам з вамі. Паважаныя чытачы! Пішыце пра ўсё, дзе ёсць тэма для сур’ёзнай размовы. У мяне няма асобых пажаданняў. Мне здаецца, газеце патрэбен элемент сенсацыі – бясспрэчна: але, вядома, патрэбен і глыбокі аналіз з’яў, пра якія ідзе размова ў тым ці іншым газетным матэрыяле. І, зразумела, заставацца на ўзроўні абсалютна праўдзівай і багатай інфармацыі.
Марыя НАЎРОСЬ.
в. Пажэжын.

Опубликовано ГЧ № 98 21.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ЗДАБЫТАК ПРАЦЫ ЎЛАСНАЙ ДУШЫ: 1 комментарий

  • 02.01.2017 в 1:12 пп
    Permalink

    Думкі разумнага чалавека. Часцей бы яны прыходзілі ў нашу галаву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.