Падарункі вам прынёс прафесійны Дзед Мароз

Незалежна ад узросту ўсім нам хочацца дзівосаў, чараўніцтва пад Новы год. Гэтае свята нават у душы дарослага будзіць дзіця, а малых прымушае паверыць у казку. Без чаго не ўяўляецца Новы год? Без ёлкі, мандарынаў, навагодніх фільмаў, “агеньчыка” па тэлевізары?.. Усё так, але ж не будзе гэтае свята такім насычаным без галоўных герояў – Дзеда Мароза і яго ўнучкі. Напярэдадні Новага года культработнікі гарадскога Дома культуры ператвараюцца ў казачных персанажаў, каб несці радасць свята ў дамы жыхароў, запальваць навагодні настрой на карпаратывах, дарыць шчаслівыя хвіліны дзецям на ранішніках, дабрачынных ёлках. У закуліссе прафесіі Дзеда Мароза і Снягуркі імкнулася зазірнуць карэспандэнт “Голасу часу”.

Толькі збоку можа здавацца: “Што тут складанага — пераапрануцца ў казачных персанажаў?”. На самой справе ад­ных атрыбутаў недастаткова. Сучасная аўдыторыя як дзяцей, так і дарослых патрабавальная. Яны чакаюць ад навагодніх герояў не толькі падарункаў, але і тэатралізаванай гульні: цікавай інтэ­рактыўнай праграмы, пабудаванай на кантакце з дзецьмі і дарослымі. Таму, нягледзячы на канкурэнцыю, а ў Маларыце яе складаюць прыватныя пераапранутыя казачныя героі, прафесійныя Дзед Мароз і Снягурка штогод карыстаюцца попытам.
Калектыў у гарадскім Доме культуры творчы, малады, пераважна жаночы, таму на ролю Снягуркі прэтэндэнтак хапае. А вось на ролю святочнага Дзеда, які адпавядаў бы ўсім “параметрам” (росту, камплекцыі, меў вопыт, нізкі голас) кагосьці выбраць бывае складана. Да выхаду на заслужаны адпачынак штогод Дзедам Марозам быў Мікалай Пятровіч Лапцеў. Дзеці яго вельмі любілі. У апошнія гады посах Дзеда Мароза перадавалі з рук у рукі Аляксей Дзямінскі, Сяргей Дзем’янюк, Генадзь Грузінскі. А ўнучкамі “працавалі” Наталля Філіповіч, Яўгенія Ялова, Хрысціна Пракошына.
Гарачы сезон для культработнікаў пачынаецца з адкрыцця гарадской ёлкі, калі традыцыйна на карэце прыязджае да нас Дзед Мароз. Затым ідуць ранішнікі і дабрачынныя “ёлкі”, на якіх работнікі аддзела культуры ладзяць навагодняе прадстаўленне. Апошнія дні года самыя напружаныя. Дзеда Мароза і яго ўнучку запрашаюць на карпаратывы арганізацыі раёна. Прыходзяць у ГДК дарослыя маларытчане і на святочны вечар “Рандэву”. Многія бацькі жадаюць, каб у іх дамы, павіншаваць дзяцей, завіталі Дзед Мароз і Снягурка . Бывала і так, што дзве пары казачных персанажаў аб’язджалі маларытчан, каб паспець усіх павіншаваць.
— Мы пачалі ўжо запіс на віншаванні дома. З першых дзён снежня людзі тэлефануюць, цікавяцца, ці можна зрабіць заяўку. Ёсць у нас і пастаянныя кліенты, дамы якіх нашы Дзяды Марозы і Снягуркі з мяшком падарункаў наведвалі неаднойчы, — адзначае дырэктар гарадскога Дома культуры Вікторыя Ялова. – Найбольш запатрабаваныя даты, традыцыйна, 30-31 снежня. Апошні дзень года ўвогуле распісаны па хвілінах, таму, каб “забраніраваць” адпаведную гадзіну, трэба звяртацца да нас загадзя.
У сваю змену 31 снежня Дзед Мароз заступае каля 17-18 гадзін. У гэты час “навагодні дуэт” адпраўляецца па адрасах, дзе яго чакаюць ужо і хвалююцца маленькія пераапранутыя “сняжынкі”, “мядзведзі”, “мушкецёры” і г.д. За 5 гадзін Дзед Мароз і Снягурка паспяваюць завітаць у сярэднім у 10 дамоў.
— Калі прымаем заяўкі, цікавімся ў людзей, якога ўзросту дзеці, ці будуць яны расказваць вершы, спяваць, каб найлепш падабраць праграму. Важна, каб дзіця табе верыла, не пужалася, для гэтага трэба прыкласці нямала намаганняў, быць у некаторых сітуацыях псіхолагам. А галоўнае, падыходзіць да работы з натхненнем і жаданнем, няшчырасць дзеці не даруюць, — тлумачыць Дзед Мароз “са стажам” Генадзь Грузінскі.
Да кожнага заказчыка, як расказалі ў Доме культуры, індывідуальны падыход. Сам навагодні візіт доўжыцца 15-20 хвілін. Снягурка выступае каардынатарам, яна гуляе з дзецьмі. А Дзед Мароз уручае падарункі, водзіць разам з дзецьмі карагоды.
— Дарыць людзям святочны настрой, бачыць шчырыя, добрыя эмоцыі ў дзяцей – вельмі прыемна. Асабліва прыемна працаваць з маленькімі дзецьмі, яны яшчэ не сумняваюцца, ці сапраўдныя завіталі ў дом Дзед Мароз і Снягурка, рыхтуюць для нас сюрпрызы, іх яскравыя ўсмешкі зараджаюць, — дзеліцца Хрысціна Пракошына. – А вось дзеці старэйшыя, якім гадоў 9-10, хоць і ра­зумеюць, што казачныя персанажы — акцёры, але ж дзеля сваіх маленькіх братоў і сястрычак уключаюцца ў агульную гульню.
Нават у час, калі ўсе накрываюць стол слухаюць святочны зварот Прэзідэнта, Дзед Мароз і Снягурка дамоў не спяшаюцца. Ім яшчэ трэба павіншаваць гараджан, якія збяруцца на святочную праграму на галоўнай плошчы горада.
Для кожнага навагодняга мерапрыемства ў спецыялістаў гарадскога Дома культуры свая праграма. Самыя адказныя і цікавыя, па словах культработнікаў, — гэта ранішнікі. Вакол ёлкі збіраюцца дзеці розных узростаў, якія чакаюць казкі і цудаў. Іх і павінны падарыць галоўныя героі свята. Не менш сур’ёзная і падрыхтоўка да карпаратываў. Дарослыя людзі таксама на імгненне жадаюць акунуцца ў чароўную атмасферу. Задача прафесіяналаў — зрабіць гэта арыгінальна, набліжана да сферы дзейнасці калектыву, з гумарам і запалам.
Гарадскі Дом культуры, дарэчы, не толькі прыносіць свята ў дамы і калектывы, але і забяспечвае яго антураж. У пракат для дзяцей і дарослых прапануецца вялікая колькасць навагодніх касцюмаў. У мінулым годзе іх асартымент значна абнавілі. Ра­зам з традыцыйнымі навагоднімі героямі цяпер можна пераапрануцца ў сучасных мультыплікацыйных персанажаў. Кошт арэнды касцюмаў невялікі – ад 2 да 10 рублёў.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: Дзед Мароз і Снягурка ў час святочнага ранішніка.

Опубликовано ГЧ № 98 от 21.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.