“Бокс — маё жыццё”

“Спорт – гэта не толькі здаровы лад жыцця, але і магчымасць рэалізаваць сябе і перамагаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Пры моцным жаданні можна дасягнуць пастаўленых мэт”, — так лічыць Данііл Крывіч, вучань 8 “А” класа СШ №2. Хлопец сур’ёзна займаецца боксам, плануе з ім звязаць сваё далейшае жыццё.

У прыватную “Школу бокса” г.Маларыта Данііла прывёў бацька Фёдар Міхайлавіч тры гады таму. Нічым асаблівым сярод аднагодкаў тады хлопец не вылучаўся. Хіба што толькі тым, што быў мэтанакіраваным. Трэнеры па боксе Павел Дзячук і Віталь Касцючык з самага пачатку заняткаў гэта заўважылі. Данііл да таго часу будзе адпрацоўваць неабходны элемент, пакуль не атрымаюцца запланаваныя вынікі. І так было на кожнай трэніроўцы. Таму спартыўныя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. Ужо праз некалькі месяцаў заняткаў боксам Данііл стаў перамагаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню.
— Я правёў ужо 18 баёў на розных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, — гаворыць Данііл Крывіч. – У 16 з іх атрымаў перамогу. Нядаўна заняў І месца ў турніры па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь – здаровая нацыя”, які праходзіў ў Маларыце. А апошнюю перамогу, важную для мяне, атрымаў на адкрытым міжнародным юнацкім турніры па боксе, які быў прысвечаны памяці рускага палкаводца Аляксандра Суворава.
Спаборніцтва праходзіла на працягу трох дзён у Комплекснай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Кобрынскага раёна. У ім прынялі ўдзел 12 каманд (больш за 150 юных баксёраў) з Расіі, Украіны, Малдовы, Прыднястроўя, Узбекістана, Беларусі. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі спартсмены з Мінска, Гродна, Салігорска, Брэста, Пінска, Жабінкі, Баранавіч, Кобрына і Маларыты. Мацнейшыя юныя баксёры вызначаліся ў 3 узроставых катэгорыях па алімпійскай сістэме з выбываннем пасля першага паражэння згодна з правіламі AIBA (Міжнароднай асацыяцыі ама­тараў бокса).
— Данііл вы­ступаў ва ўзро­ставай катэгорыі 2003-2004 гадоў нараджэння (52 кг) і заняў І выніковае месца, — кажа Павел Дзячук. – Ён правёў тры баі. У першым з іх атрымаў перамогу аднагалосным рашэннем суддзяў, у трэцім раўндзе — накдаўнам. У другім баі стаў лепшым, выйграўшы першы раўнд тэхнічным накаўтам. У фінале Данііл атрымаў перамогу над баксёрам з Украіны (накаўтам у першым раўндзе).
Цяпер трэніроўкі па боксе хлопец наведвае 6 разоў на тыдзень.
— Але і ў нядзелю я таксама думаю пра бокс, — прызнаецца Данііл. – Гляджу трансляцыі міжнародных спаборніцтваў гэтага віду спорту, адпрацоўваю ўдары і прыёмы. Бокс — маё жыццё.
Ён, упэўнены Данііл, дысцыплінуе, загартоўвае характар. бокс — адзін са спосабаў пераадолець самога сябе. Ён — сур’ёзная штодзённая работа, у час якой неабходна адначасова думаць, аналізаваць і пралічваць кожны свой крок. У гэтым відзе спорту ўсё вырашаюць долі секунды.
-Данііл, якая ў цябе спартыўная мэта?
–Старанна займацца боксам і ўдасканальваць сваё майстэрства, а таксама стаць майстрам спорту.
Цяпер Данііл Крывіч рыхтуецца да ўдзелу ў першынстве Беларусі па боксе. Перамога ў ім адкрывае дарогу на чэмпіянат Еўропы, які прой­дзе ў наступным годзе.

Опубликовано ГЧ № 98 от 21.12.16г.

Добавить комментарий


surrogacycmc.com

Lexus LS аккумулятор купить

www.best-cooler.reviews/rtic-tumbler-against-the-yeti-rambler-who-will-be-a-winner/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!