Яе рукі — не для суму

Так без перабольшвання можна сказаць пра сапраўдную майстрыху і проста цудоўную жанчыну з вёскі Гусак Кацярыну Масюк.

А пазнаёміліся з ёй, дзякуючы… сыру. Не галандскаму ці якому французскаму. І нават не айчынным брэндам. Гэта ў час адной з камандзіровак у Вялікарыту прапанавалі да чаю ўдзельніцы ансамбля “Рытчанка” мясцовага Дома культуры, з якімі сустракалася мая калега. Маўляў, паспрабуйце, яго наша Каця зрабіла. Паспрабавала. І хоць я не вялікі аматар сыру ўвогуле, скажу шчыра: прапанаваныя некалькі яго кавалачкаў мне спадабаліся. Падсолены, у спалучэнні з салодкім чаем ён быў нейкага незвычайнага смаку, які проста так не апісаць. Яго можна толькі адчуць, паспытаўшы сыр.
— Дзе навучыліся ра­біць такую смакату? – пацікавілася ў прывабнай жанчыны, якая прыемна ўсміхнулася, адчуўшы маё захапленне.
— А вы прыязджайце як-небудзь у госці, тады і раскажу, а заадно паспрабуеце і іншыя гатункі сыру, — адказала яна.

Паабяцаўшы, што абавязкова зробім гэта, мы амаль па-сяб­роўску развіталіся з жанчынай. А нядаўна, каб выканаць сваё абяцанне, наведаліся ў Гусак, папярэдне дамовіўшыся па тэлефоне з вясковым сыраробам аб сустрэчы. Як аказалася, акурат на імяніны Кацярыны. Пасля некалькіх тэлефонных званкоў ад знаёмых і сябровак жанчыны, якія не забылі павіншаваць яе, Кацярына Якаўлеўна ахвотна расказала пра сваё захапленне. І не толькі.

Спачатку гаварыла пра жыццё мінулае, калі пасля заканчэння Маларыцкага кааператыўнага вучылішча маладая дзяўчына з Гусака пачынала сваю працоўную біяграфію прадаўцом у магазіне вёскі Мельнікі. Пасля — як праз некаторы час “перакінулі” яе на работу ў райцэнтр, а затым — бліжэй да дома: буфетчыцай у рэстаран “Суніца”. Каму невядома гэтая былая ўжо кропка грамадскага харчавання, растлумачу: знаходзіўся рэстаран з такой смачнай назвай побач з роднай вёскай Кацярыны на трасе Маларыта –Брэст. І ў савецкія часы карыстаўся вялікай папулярнасцю. Прычым, як у футбалістаў, якія прыязджалі на мясцовыя спартыўныя базы з розных гарадоў Савецкага Саюза на зборы і сталаваліся тут, і тых, хто пасля дальняй дарогі спыняўся ля “Суніцы”, каб перакусіць, так і ў жыхароў раёна. Бо тут рыхтавалі смачныя стравы, былі ветлівымі работнікі, тут добра і хутка абслугоўвалі. І гэта сапраўды так, бо і сама, калі вярталася з журналісцкай камандзіроўкі, з калегамі неаднойчы заязджала сюды паабедаць. А чаму не? Танныя комплексныя абеды ў той час многім былі па кішэні. Асабліва падабалася адбіўная па-маларыцку. Многія жыхары райцэнтра і нават брэстаўчане адзначалі ў рэстаране юбілеі і іншыя святочныя даты. Заказаў тады было хоць адбаўляй…

У буфетчыцах Кацярына ха­дзіла нядоўга. Ініцыя­тыў­ную і руплівую работніцу ў хуткім часе “перакінулі”, хоць і на нябачны для кліентаў, але больш адказны ўчастак – прызначылі старшым поварам рэстарана. Усё, праўда, ужо ў мінулым: і шматгадзіннае стаянне ля пліты, і складанне калькуляцый, і арганізацыя ўрачыстасцей – гэта калі працавала ўжо загадчыцай рэстарана. Ды і сама “Суніца”, якая пасля выхаду Кацярыны Масюк у 2003 годзе на пенсію, была зачынена быццам на рэканструкцыю, а аказалася назаўсёды, таксама ўжо ў мінулым. Аб існаванні рэстарана сёння напамінаюць толькі сцены з пустымі аканіцамі. Усё гэта, як і аповяд жанчыны пра той час, прамільгнула перад вачыма нібы кадры дакументальнай кінахронікі і згубілася недзе ўдалечыні.

Зараз Кацярына жыве ў іншым рытме. Ёй не трэба нікуды спяшацца, не трэба думаць пра работу, складаць меню і калькуляцыі, арганізоўваць па заказах кліентаў урачыстасці. Таму яна спакойна можа заняцца тым, што даспадобы. А гэта вышыванне бісерам. У калекцыі работ, выкананых яе працавітымі рукамі, іконы, пейзажы, жывёліны. Да гэтага занятку яе далучыла сястра, якая вышываць бісерам навучылася ў сваёй маскоўскай кумы. Ды далучыла так, што цяпер жанчына кожную вольную хвіліну прысвячае справе, якая стала яе хобі.

Убачыўшы на стале ў кутку пакоя вышытыя бісерам абразы, заўважыла: дык іх жа прадаваць можна. І тыя, хто жадае набыць такую прыгажосць, знойдуцца. Знойдуцца, ды толькі не ўсё ацэньваецца грашыма. Кацярыне Якаўлеўне намнога больш прыемна прыносіць радасць лю-дзям. Вось і раздорвае створаную сваімі рукамі прыгажосць родным і сябрам. Абраз Маці Божай з дзіцём, які яна вышыла, упрыгожвае мясцовы храм.
Але вышыванне бісерам — не адзінае захапленне Кацярыны. Паклаўшы на стол незавершаных “Коцікаў”, Кацярына паказвае вязаныя паўчаравічкі. Гэта таксама яе работа. Вядома ж, на вуліцу ў такіх не пойдзеш, а вось замяніць хатнія тапкі яны могуць цалкам. Асабліва ўтульна адчуваеш сябе ў доме ў такіх паўчаравічках у халодны час года. Іх, як і вязаныя шалікі, світары, кофтачкі майстрыха не складзіруе. Як і вышытыя бісерам работы, выкарыстоўвае ў якасці падарункаў. А чаму не? Па-майстэрску звязаны цёплы світар, прычым у адзіным экзэмпляры, можна сказаць, эксклюзіў, не толькі сагрэе, але і зробіць цябе ў кампаніі сяброў непаўторным.

Знойдзецца ў Кацярыны Якаўлеўны падарунак і для тых знаёмых, хто любіць папарыцца ў лазні. Для такіх выпадкаў у яе дома заўсёды ёсць пара-другая добрых дубовых венічкаў: каб парыліся і здаровыя былі. Іх жанчына таксама робіць сама. Некалі і матэрыял для іх, калі трапляла ў лес, нарыхтоўвала, а цяпер нагамі толькі што і можа па хаце хадзіць. Таму галінкі дуба ёй іншы раз прыносіць муж . Іван Сцяпанавіч і з вясковай жыўнасцю, а гэта карова, свінні, куры, каты і сабака, займаецца. Пакуль мы гутарылі з гаспадыняй дома, ён і карову паспеў напаіць, і сена падкінуў ёй у кармушку. Дарэчы, мужчына і доіць карову. На ім, прызналася жанчына, трымаецца ўся хатняя гаспадарка…
А што ж сыр? А сыр чакаў на стале. З разынкамі, ванілінам, перчыкам і той самы, з саленаватым прысмакам, якім раней частавалі ўдзельніцы ансамбля “Рытчанка”, ляжаў у талерках парэзаны кавалачкамі ў чаканні нашай дэгустацыі. Апетытныя на выгляд, яны так і прасіліся ў рот. І я не стала чакаць, пакуль закіпіць чайнік. З дазволу гаспадыні ўзяла па кавалачку з кожнай талеркі. Прадэгуставала кожны паасобку і папрасіла Кацярыну Якаўлеўну падзяліцца рэцэптам прыгатавання сыру ў хатніх умовах. Яна з радасцю згадзілася, але перш распавяла, што яе падахвоціла займацца сыраробнай справай. Бо ні маці, ні яе знаёмыя не выраблялі раней гэты далікатэс.
Самаробны сыр неяк прывезла жонка брата. Яна — родам з Гомельшчыны. Маўляў, гэта гасцінец ад маёй мамы. Сыр яна зварыла сама. Па смакавых якасцях ён амаль не адрозніваўся ад таго, які зараз робіць сама Кацярына. Ды толькі надта ж цвёрды быў. Менавіта тады, па рэцэпце са слоў сваячкі вырашыла паспрабаваць варыць сыр і яна. Атрымалася ніколькі не горш. І яе сыр зусім не цвёрды. Ну хіба толькі, калі зачарсцвее моцна. Хоць такога практычна не бывае, бо гасцінная гаспадыня абавязкова пачастуе сырам родных і сябровак, і з сабой ім пакладзе.

Што тычыцца рэцэпта, дык ніякага сакрэту ў ім няма. Для прыгатавання сыру неабходны малако, тварог, соль, цукар, сметанковае масла, харчовая сода. У якасці інгрэдыентаў – ванілін, разынкі, перчык. Гэта ўжо ў залежнасці ад таго, які сыр будзе – салодкі ці салёны, з дабаўкамі ці без іх. А робіцца ўсё даволі проста, але абавязкова з душой і ў добрым настроі. У каструлю заліваецца малако, прыкладна 3 літры, калі яно закіпае, у яго дадаецца тварог – каля паўтара кілаграма . Атрыманая маса варыцца пры пастаянным памешванні. Калі яна пачынае закіпаць, адкідваецца на друшляк і сцэджваецца, пасля чаго выкладваецца ў міску. У сырную масу дабаўляюцца сода, соль і цукар (на смак), усё перамешваецца, дадаецца сметанковае масла, яшчэ раз перамешваецца і выкладваецца ў формы. Праз некалькі гадзін прадукт гатовы да ўжывання. Калі ж сыр робіцца са свежага малака, пасля закіпання ў яго дадаюцца воцат або лімонная кіслата. Усё проста і даступна для любога вяскоўца, які мае ўласную кароўку. Трэба толькі жаданне.

У Кацярыны Якаў­леўны такое жаданне ёсць. Аптымістка па жыцці, яна ніколі не ся­дзіць склаўшы рукі і не скардзіцца, як некаторыя, на жыццё. Маўляў, і тое не так, і гэтае таксама. Жанчына робіць яго такім, якім хоча бачыць. І ў яе гэта атрымліваецца. Жыве ў вёсцы, дзе нарадзілася і дзе практычна прайшло ўсё яе жыццё, хоць магла б і ў абласным цэнтры, дзе ў свой час пабудавала кватэру. Спрабавала. Не змагла прывыкнуць да горада. Зараз у кватэры жыве сын Віталь, які працуе ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі. А яна – у бацькоўскім доме, які летам патанае ў кветках. Да іх таксама неабыякавая майстрыха. І клубніцамі займаецца. Хоць здароўе ўжо і не дазваляе, як гавораць, развярнуцца, але яна не сумуе. Простая ў зносінах з людзьмі, Кацярына Якаўлеўна ўмее радавацца людскому шчасцю, умее і шчыра спачуваць. У гэтым яе прыцягальнасць і абаяльнасць…
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: сыр ад Кацярыны Масюк; вышыванне бісерам – любімае хобі жанчыны.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 100 от 28.12.16.г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий