З творчасцю і запасам ідэй

Увесь год у рамках праекта “Маладзёжны вектар” газета расказвала пра маладых спе­цыялістаў з розных сфер, шлях іх станаўлення ў прафесіі, першыя поспехі ў рабоце. Маладым у нашай дзяржаве лічыцца чалавек ва ўзросце да 31 года. Так выпала, што завяршаем год матэрыялам аб дзяўчыне, якой 31 снежня споўніцца 31 год. Але маладосць – гэта ўсё ж не ўзроставая катэгорыя. Хутчэй стан самаадчування. А энергіі, ідэй і жадання працаваць Дзіяне Пашкевіч, бібліятэкару аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі, не пазычаць.

Дзіяна нарадзілася ў творчай сям’і. Яе матуля, якая сама пісала вершы, радавалася кожнаму радку, якія з маленства любіла рыфмаваць дзяўчынка. У восьмым класе ў дзіцячай бібліятэцы выйшаў першы яе зборнік “Ціхі гарадок”. А потым і сумесны зборнік з іншымі аўтарамі “Млечнасць зорак”. Яшчэ школьніцай яна марыла аб творчай прафесіі, такой, на яе думку, была журналістыка. Але ў апошні момант Дзіяна вырашыла пайсці вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. У час завочнага навучання яна актыўна супрацоўнічала з раённай газетай. У гэты момант ідэйную дзяўчыну заўважыла і Надзея Курдзюк, дырэктар раённай бібліятэкі. Яна адчыніла для студэнткі дзверы ў свет бібліяграфіі адным выразам: “Я бачу цябе тут, у бібліятэцы, гэта тваё месца”. Так Дзіяна вырашыла паспрабаваць сябе ў новай сферы і цяпер аб гэтым не шкадуе. Два гады Дзіяна працавала ў дзіцячай бібліятэцы, затым рэалізоўвала сябе як мама, цяпер яе дачцэ 6 годзікаў. Апошнія два гады Дзіяна працуе ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
— Мне падабалася працаваць у дзіцячай бібліятэцы, бо дзеці, аддаюць табе часцінку сваёй душы, пускаюць у свой таямнічы свет. Калі бачыш зацікаўленыя дзіцячыя вочы, шчырыя ўсмешкі, хочацца яшчэ больш працаваць. Цікава было рэалізоўваць адну з маіх ідэй – тэатр “Дзіцячы фланэлеграф”. У раённай бібліятэцы зусім іншая спецыфіка работы, тут больш магчымасцей раскрыцца ў прафесійным плане, — расказвае Дзіяна Пашкевіч.
Дзіяна сёлета закончыла факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работу ў “дарослай” бібліятэцы яна называе цікавай, бо цяпер гэта не толькі месца, дзе знойдзецца кніга на любы густ, але і культурна-інфармацыйная пляцоўка, на якой з наведвальнікамі бібліятэкі сустракаюцца цікавыя і вядомыя ў раёне людзі, спецыялісты розных сфер.
— Чамусьці за раённымі бібліятэкамі замацаваўся штамп, што яны несучасныя і незапатрабаваныя. Мы імкнемся перакрэсліць гэты стэрэатып. Прыцягваем увагу маларытчан да кніг праз тэматычныя выставы, арганізоўваем інфармацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы для старшакласнікаў на розныя дзяржаўныя святы і важныя ў календары дні.
Бібліятэкар, лічыць Дзіяна Пашкевіч, — яшчэ і “лекар душы”. Штодня “кніжны храм” наведваюць дзясяткі людзей. У кожнага з іх свае праблемы і клопаты, якімі хочацца падзяліцца. Бібліятэкары выслухаюць і дапамогуць парадай, а яшчэ і кнігу цікавую, якая патрэбна менавіта ў гэты перыяд жыцця, прапануюць.
Любоў да кніг, вершаванага слова не пакідае Дзіяну і зараз. Каб арыентавацца на кніжных паліцах, самому трэба шмат чытаць. Нярэдка людзі пытаюць, ці добрая кніга таго ці іншага аўтара. Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна самому яе прачытаць. Бывае і так, што чытачы прыходзяць і самі дзеляцца ўражаннямі аб кнізе, тады жаданне яе прачытаць узрастае ўдвая.
— Ёсць яшчэ адно меркаванне, што бібліятэкары толькі і робяць, што чытаюць на рабоце кнігі. Гэта не так. Часу для чытання тут няма, бо ёсць нямала важных задач, якія трэба абавязкова выканаць. Таму чытаю больш на выхадных. Для мяне няма лепшага адпачынку, чым, узяўшы кубак чаю, захутацца ў плед і пагрузіцца ў любімую літаратуру.
Дзіяна запэўніла, што быць бібліятэкарам зусім не сумна, калі падыходзіць да сваёй работы не фармальна, а з творчасцю і натхненнем. А таксама адзначае, што ёй пашчасціла вучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў з вялікім стажам. Аб чым марыць спецыяліст? Аб самым простым. Каб бібліятэка развівалася і дзверы яе не зачыняліся ад вялікай колькасці наведвальнікаў.
На здымку: бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Дзіяна Пашкевіч.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 100 от 28.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.