Павер У СЯБЕ! Такі дэвіз абралі сабе ўсе тыя, хто займаецца ў прыватнай вакальнай эстраднай студыі

У Доме быту ў Маларыце (вул.Паркавая) з лістапада гэтага года свае дзверы расчыніла першая прыватная вакальная эстрадная студыя “Cool kids”, кіраўнік якой — Вікторыя Ляўчук. Спецыялісты кажуць, што для такога невялічкага райцэнтра, як наш, гэта – сапраўдная падзея, доўгачаканая і неабходная. З адкрыццём студыі “Cool kids” з’явілася яшчэ адна магчымасць у Маларыце “вучыцца” спевам на прафесійным узроўні для ўсіх, хто жадае.
Заняткі ў студыі наведваюць ужо не толькі маларытчане, але і жыхары Чарнян, а таксама Олтуша. Адны сюды прыйшлі самі, другіх – прывялі бацькі, бабулі і дзядулі. Самаму меншаму “вучню” студыі – амаль 4 гады, самаму старэйшаму – ужо за 52. Аднак большасць студыйцаў — дзеці, многія з якіх з добрымі вакальнымі дадзенымі.
Вікторыя Ляўчук – прафесійная спявачка, неабыякавы і ўважлівы педагог, мае багаты практычны вопыт. Яна набыла спецыяльнасць “Мастацтва эстрады” (спевы). Вікторыя і яе выхаванцы з’яўляюцца неаднаразовымі ўдзельнікамі і пераможцамі розных абласных і рэспубліканскіх творчых песенных конкурсаў. Атрыманыя з 2010 года граматы і дыпломы на гэтых спаборніцтвах (а іх ужо больш за 30) цяпер упрыгожваюць студыю.
Самастойнае працоўнае жыццё Вікторыя Ляўчук пачынала выхавальнікам групы падоўжанага дня ў адной з устаноў адукацыі райцэнтра. Аднак у думках яна заўсёды была на сцэне. Пра гэта пастаянна марыла з маленства.
-Памятаю, што яшчэ калі вучылася ў СШ №3, то заўсёды прымала ўдзел у тых мерапрыемствах, дзе неабходна было спяваць. Заўсёды чакала з нецярпеннем, калі аб’явяць мой выхад на сцэну. Магчыма, я так і не змагла б змяніць прафесію выхавальніка, калі б не Ірына Пятрухіна, дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.
На другім годзе функцыянавання эстраднага аддзялення ва ўстанове адукацыі была вакансія спецыяліста па гэтым профілі. Вікторыя Ляўчук тады яшчэ знаходзілася ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за другім дзіцём. Прапанова ад дырэктара стала і нечаканай, і заманлівай. Пэўны час знаходзілася на раздарожжы. Але Ірына Эдуардаўна здолела пераканаць, што неабходна перайсці на працу ў школу мастацваў для таго, каб расці прафесійна, удасканальваць сваё майстэрства.
-Я вельмі ўдзячна Ірыне Эдуардаўне за тое, што трапіла ў творчы калектыў. Установа адукацыі дала магчымасць здзейсніць шмат чаго з задуманага, дапамагла зразумець, чаго я вартая, да якіх прафесійных вышынь неабходна імкнуцца, што трэба, каб іх дасягнуць. Дзіцячая школа мастацтваў стала для мяне першай і сапраўднай школай станаўлення як спецыяліста.
Цяпер Вікторыя Ляўчук працуе хормайстрам яшчэ і ў гарадскім Доме культуры. Пачынанне адкрыць у райцэнтры першую прыватную вакальную студыю падтрымаў муж Андрэй. Ён дапамог з густам абсталяваць студыю, стварыць у ёй своеасаблівую дамашнюю ўтульнасць і цеплыню.
-Вікторыя Аляксандраўна, што вы робіце на занятках?
-Мы займаемся і тэорыяй, і практыкай. На практычных занятках вучэбны працэс абавязкова суправаджаецца паказам. Аднак для таго, каб стаць студыйцам, неабходна мець музычны слых і прайсці папярэдняе праслухоўванне. У кожнага майго “вучня” свая, індывідуальная праграма навучання і вучэбна-тэматычны план. Я займаюся пастаноўкай голасу, паказваю элементы сцэнічных рухаў, даю ўрокі акцёрскага майстэрства і сцэнічнай культуры. Таксама мы працуем над пераадольваннем сарамлівасці, выпрацоўваем упэўненасць, уменне кіраваць сваімі эмоцыямі… Заняткі адны мае студыйцы наведваюць раз на ты-дзень, іншыя – два разы.
Вікторыя Ляўчук згодна з думкай аўтарытэтных медыкаў, якія сцвярджаюць, што заняткі вакалам маюць тэрапеўтычны і аздараўленчы эфект у плане прафілактыкі захворванняў касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. У час спеваў фарміруецца пастава, дзеці і дарослыя вучацца правільна дыхаць. Дыхальная гімнастыка і ўменне кіраваць сваім голасам таксама ідуць на карысць здароўю.
-Вікторыя Аляксандраўна, якія планы на будучае?
-Пакуль мы вучымся “правільна” спяваць і адточваем сваё выканальніцкае майстэрства. Праз пэўны час, калі атрымаецца, з вынікамі сваёй працы пазнаёмім слухачоў Маларытчыны на сцэне, напрыклад, ГДК. Магчыма, будзем прымаць удзел у розных песенных спаборніцтвах. Галоўнае – паверыць у сябе, у свае творчыя сілы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вікторыя Ляўчук са сваімі студыйцамі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 100 от 28.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

pureshop.com.ua/collection/uhod-za-volosami