РЭКОРДЫ 2016-га

 

Сямейны  скарб

Для ўсіх, пра каго сёння хочацца расказаць чытачам газеты, 2016-ы год застанецца ў памяці як год асаблівы. Бо некаму ён падарыў шчасце ў кубе, некаму — незабыўныя ўражанні ад паездак за мяжу, некаму — асаблівую асалоду ад пастаянных зносін з прыродай і ад рыбацкай удачы, некаму — шчасце быць разам, стварыць сям’ю, нехта пабіў рэкорды па працавітасці. Напярэдадні навагодніх свят карэспандэнт рэдакцыі пабывала ў гасцях у так званых рэкардсменаў 2016 года і пацікавілася, якімі клопатамі яны жывуць цяпер, а таксама папрасіла выказаць свае пажаданні чытачам нашай газеты.

У Ларысы Уладзіміраўны, Станіслава Сцяпанавіча, Ірыны і Ільі Голуб з Масевіч шмат клопатаў не толькі напярэдадні свят, але і кожны дзень. Як-ніяк, а ў хаце — трайня. І хоць Савелію, Ларывону і Мацвею амаль па 8 месяцаў ужо, кожны новы дзень іх жыцця дадае сямейнікам больш турбот. Хлопчыкі растуць, а значыць, з імі трэба больш займацца, больш удзяляць увагі. Абавязкі ў сям’і (а жывуць Голубы ўсе разам) размеркаваны такім чынам, што з дзецьмі займаецца кожны, у каго ёсць вольны час. Больш свабодная бабуля, яна з імі ідзе на прагулку і працэдуры, што загартоўваюць, праводзіць, і танцуе, і песеньку праспявае, і казку раскажа, і сцэнку “паставіць” (Ларыса Уладзіміраўна — культработнік, прыроджаная артыстка); а калі менш заняты дзядуля — ініцыятыва займаць дзяцей пераходзіць да яго. Ён з малымі і ”падае”, і “лётае” (сам жа былы лётчык), і трэніруе, каб яны былі моцнымі фізічна. Вольны час ёсць у таты — малыя ў яго распараджэнні. Ну а кармленне, купанне — гэта ўжо ў большасці сваёй справа маці, хаця зноў жа кожны з сямейнікаў па магчымасці і тут часта выступае памагатым.
— Адной мне было б ой як цяжка з траімі справіцца, — дзеліцца Ірына. — Нават калі нехта і дапамагае, усё роўна на вуліцу апранаем іх хвілін 40, купаем — роўна гадзіну. Таму шчыра ўдзячна бацькам Ільі, што яны ў нас ёсць такія добрыя, уважлівыя, клапатлівыя.
Трое дзяцей у сям’і сына — гэта не толькі турботы кожнага з яе членаў, але і іх вялікае шчасце. Яны пра яго марылі. Зрэшты, калі ўсёй сям’ёй сустракалі 2016 год, Станіслаў Сцяпанавіч (прызнаўся нам) і загадаў жаданне, каб Новы год падарыў ім з жонкай унукаў. Таму не маглі стрымаць слёз ад шчасця, калі даведаліся, што Ірына цяжарная. Ды і не аднаго ўнука трэба чакаць, а адразу траіх.
— Спачатку думалі, што Ірына жартуе, разыгрывае нас, — успамінае той дзень Станіслаў Сцяпанавіч. — Але калі яна паказала нам здымак ультрагукавога даследавання, дзе можна было распазнаць тры маленькія кропелькі, пераканаліся, што гэта ніякі не розыгрыш…
— Унукі нарадзіліся 5 мая, — удакладняе Ларыса Уладзіміраўна, — якраз на мой дзень нараджэння. Уяўляеце, які гэта дарагі для мяне быў падарунак!
Сваю шчырую любоў у сям’і Голуб Ларывону, Мацвею і Савелію аддае кожны. І кожны радуецца, калі нехта з хлопчыкаў нечым прыемна здзіўляе. Ірына з натхненнем расказвала не толькі пра чыста знешнія адрозненні малых (а яны ўсе вельмі розныя), але і пра асаблівасці іх характараў, якія праяўляюцца ўжо.
— Ларывон — добры і жыццярадасны; Савелій — сарамлівы, але ўсмешлівы; Мацвей — надзвычай сур’ёзны, — гаварыла Ірына.
Бабуля з дзядулем і бацькі хлопчыкаў кожны дзень адкрываюць у іх нешта новае, цікавае і адзін аднаму расказваюць, чым здзівілі іх малыя. Скажам, Ларыса Уладзіміраўна запісала ў сямейную кнігу рэкорд, што ўстанавіў Савелій: 4 гадзіны салодка спаў на вуліцы на свежым паветры. А ў Мацвейкі, які нарадзіўся самым маленькім (вага яго была 1 кг 420 грамаў) у першага зубкі з’явіліся. Ларывон жа пераўзышоў усіх па сваіх жыццярадаснасці і дабрыні. Выхавальнікі малых добра ведаюць, што характар у дзяцей фарміруецца менавіта ў сям’і. Таму стараюцца закласці ў сэрцы кожнага з хлопчыкаў толькі самае лепшае.
Вядома, як шматдзетнай сям’і Голуб патрэбна нянька. Гэта прадугледжана адпаведнымі дакументамі. Але, як аказалася, знайсці яе ў нас не так проста. Таму нягледзячы на ўсе цяжкасці, бацькі малых разам з бабулямі і дзядулем пакуль стараюцца самі. Вопыт добрага сямейнага выхавання ў іх ёсць, а гэта вельмі і вельмі важна.

Які тост дружная сям’я Голуб хацела б прапанаваць чытачам нашай газеты і ўсім жыхарам Маларытчыны? Вядома ж, такі: няхай напаўняюцца нашы да­мы звонкім дзі­цячым сме­хам! Няхай у сем’ях пануюць мір і згода, вечным спадарожнікам будзе здароўе, а жыццёвы аптымізм і мудрасць дапамагаюць ва ўсіх складаных сітуацыях! Шчасця кожнаму і ўсім у кубе!

 

Арнітолаг -падарожнік

У ліку тых нямногіх, хто можа паахвяраваць усім дзеля цікавай ідэі і любімай справы, і маларытчанін Дзяніс Кіцель. Вось і сёлета. Прачытаў у інтэрнэце аб’яву міжрэгіянальнага экспедыцыйнага цэнтра ”Арктыка” аб тым, што ім патрэбны заўзятыя смельчакі для даследавання драпежных птушак на Ямале, і напісаў, што ён згодны на любыя ўмовы. “Арктыка” дала дабро, і Дзяніс у ліпені паехаў на Ямал.

— Працаваць у такіх умовах мне, шчыра кажучы, раней не даводзілася. Быў у шоку, — расказваў Дзяніс, — калі мы з калегам не маглі адбіцца ад камароў і машкары. А іх там так шмат, што нідзе не схаваешся. Нягледзячы на тое, што мы былі апрануты ў спецыяльнае адзенне, на целе цяжка было знайсці жывое месца. Уся вопратка за дзень станавілася чырвонай. Нават у самых страшных беларускіх балотах так сябе не адчуваў, як тут. У туалет патрэбна было ісці 1 кіламетр на дзюну. Але гэтыя нязручнасці і цяжкасці не палохалі. Добра ведаю, калі ўсё проста і гладка, тады і ўспомніць няма чаго. А тут — столькі ўражанняў, столькі ўспамінаў! Ды яшчэ і якіх! Ну і работу сваю, дзеля якой і ехалі на Ямал, выканалі як трэба.
— Дзяніс, упэўнена: многія думаюць, што такіх заўзятых, як ты, смельчакоў на падобныя далёкія паездкі больш за ўсё спакушае матэрыяльны бок.
— Не ўсе павераць, калі скажу, што экспедыцыйнае заданне і на Ямале, і ў іншых краінах, дзе мне даводзілася бываць, выконваў зусім бясплатна. Наогул, любое даследаванне, любая эспедыцыя займаюць не толькі твой асабісты час, але і патрабуюць вялікіх фізічных і матэрыяльных рэсурсаў. Толькі я адношу сябе да таго тыпу людзей, якія не купяць нешта смачнае з’есці, а з задавальненнем патрацяць грошы на любімую справу.
— Напэўна, няма на Маларытчыне такога чалавека, які за сваё свядомае жыццё аб’ездзіў бы столькі краін, як ты, Дзяніс. Напомні чытачам нашай газеты, дзе табе давялося пабываць, дзе быў сёлета, акрамя Ямала?
— Мне пашчасціла пабываць амаль у 30 краінах свету. Быў у Егіпце, Іярданіі, Марока, Партугаліі, Арабскіх Эміратах, Індыі, Шры-Ланка і г.д. Сёлета ў кастрычніку з сябрам выбраліся ў Іран.
— Можаш падзяліцца з чы­тачамі газеты сваімі ўражаннямі?
— Іран — краіна нялёгкая, дарагая, калі можна так сказаць, і вельмі няпростая. Я б сказаў закрытая, вельмі рэлігійная. Гэта першая краіна, дзе так востра адчуваўся моўны бар’ер з-за таго, што ў Іране па пальцах можна пералічыць тых, хто ведае і можа зносіцца з іншаземцамі на англійскай мове. Хаця ёсць і шмат пераваг. Скажам, на кожным кроку адчуваў, што мусульмане з асаблівай павагай ставяцца да праваслаўных хрысціян, што яны табе давяраюць.
— Ты ў дасканаласці валодаеш якімі мовамі?
— Ну, вядома ж, рускай, беларускай, магу зносіцца на англійскай, цяпер вывучаю іспанскую.
— А куды плануеш яшчэ паехаць?
— Мне вельмі хочацца пабываць у Паўднёвай Амерыцы. Ёсць там што паглядзець і магчымасці добра адпачыць.
— Многія лічаць, што адпачынак — гэта ў першую чаргу мора.
— Я так не лічу. Адпачынак для мяне — гэта маса ўражанняў ад убачанага і пачутага, нават калі займаешся звыклай любімай справай.
— Ведаю, што ты разам са сваімі калегамі-арнітолагамі Юрыем Янкевічам, Андрэем Абрамчуком і Аляксандрам Ракам амаль 20 гадоў вывучалі ў нашым раёне рас­паўсюджванне дзённых драпежных птушак, соў і кулікоў. Што стала вынікам гэтых даследаванняў?
— Нядаўна дадзеныя, якія мы атрымалі, былі апублікаваны сярод іншых матэрыялаў VII міжнароднай канферэнцыі рабочай групы па сокалападобных і совах. Гэта вялікае дасягненне, бо наш край упершыню так моцна загучаў у арніталагічным плане на такім высокім узроўні.
— Чытачам газеты будзе цікава ведаць хоць бы некаторыя дадзеныя з вашага даследавання.
— З 1997 па 2016 гады на Маларытчыне адзначана 19 відаў дзённых драпежных птушак. З іх 11 гняздуюцца ў нас. У Чырвоную кнігу занесена 12.
— Што табе хацелася б па­жадаць чытачам нашай газеты і ўсім жыхарам Маларытчыны?
— Толькі аднаго: не сядзіце до­ма, колькі б вам ні стукнула! Спяшайцеся жыць і атрымлівайце асалоду ад кожнага дня! Часцей бывайце не прыродзе! Знось­­цеся з ёю, любіце яе! Адзін французскі вучоны сказаў: ”Увесь свет — у нас пад нагамі.” А гэта значыць, што для таго, каб яго адкрыць, далёка хадзіць не трэба.

 

Рыбачка са стажам

У Новым, 2017 годзе, будзе роўна 20 гадоў, як Таццяну Шалай муж упершыню з’агітаваў на рыбалку. І яны паехалі усёй сям’ёй.

— Заехалі мы тады на нейкую закінутую канаву, што непадалёк ад Дворышчаў, — успамінае Таццяна. — Муж з сябрам пакінулі нас, пайшлі далей, а мы з дзецьмі засталіся там. Тады ўпершыню і паспрабавала рыбачыць. Памятаю, у той дзень так добра бралася рыба, што давялося нанізваць на кручок і аладкі, якія бралі, каб дзеці падсілкаваліся. Налавілі — прыкладна 3 кілаграмы карасёў. А муж з сябрам — нічога. Вось з таго часу і прыахвоцілася да рыбалкі.
— Цяпер едзеце рыбачыць з кампаніяй ці адна?
— У мяне ёсць надзейная кампанія: я, мая пляменніца Каця і жонка майго брата Галіна.
— Часта ездзіце на рыбалку?
— Любыя выхадныя, якімі б ні былі ўмовы надвор’я: дождж, сонца, мароз — усе разам мы на рыбалцы. А летам — не толькі ў выхадныя, але і амаль кожны дзень пасля работы.
— Сярод жанчын шмат аматараў рыбнай лоўлі?
— З дзясятак такіх у нашым горадзе ведаю, бо часта сустракаемся ля адных і тых жа вадаёмаў. Мае знаёмыя жанчыны-рыбачкі часта кажуць: ”Куды едзеш ты, Таццяна, туды едзем і мы. Там абавязкова нешта зловіш.”
— А куды часцей за ўсё ездзіце? Дзе найбольш водзіцца рыба?
— На Лукаўскім возеры, у канавах побач з гэтай вёскай і на Арэхаўскіх разлівах-2.
— Найбольш удалую рыбалку памятаеце?
— На Арэхаўскіх разлівах быў такі выпадак. Мы тады таксама рыбачылі разам з Галінай. Трапіў мне на вуду карась вагою да 2 кілаграмаў. Дастаю, дастаю вуду і не магу справіцца з ёю. Добра, што побач Галіна была. І хоць ёй амаль па пояс трэба было зайсці ў ваду, не пабаялася. Словам, рыбу мы дасталі. Я, задаволеная рыбацкай удачай, прапанавала Галіне паехаць дамоў. А яна мне кажа:” Ты што! Можа, і мне такое шчасце выпадзе”. Яна злавіла тады таксама карася, але не такога вялікага, як я. Дома сілкаваліся маім. Я яго з гароднінай запякла ў духоўцы. Затое Галіне больш пашанцавала неяк на зімовай рыбалцы. На кручок яе вуды трапіў лешч вагою да кілаграма. Тады ўжо я яе выручыла: мне давялося лезці ў ледзяную ваду, каб дастаць улоў.
— Таццяна, а якая рыбалка табе больш падабаецца: зімовая ці летняя?
— І ў той, і ў другой ёсць свае прывабнасці.
— Раскрый, калі ласка, сакрэт: на якія прынады рыба ловіцца найлепш?
— На рыбалку звычайна бяру з сабою цэлую сумку ўсяго: і матылі, і лічынкі мухі, і цеста, і іншае. Спецыяльна еду ў Брэст у спецыялізаваны магазін, каб прынады купіць.
— І грошай не шкада, яны ж, напэўна, дарагія?
— Дарагія, асабліва матылі. Каштуюць прыкладна столькі, колькі чырвоная ікра. Але я добра ведаю, што абавязкова гэтыя грошы мне вернуцца. Без рыбы з рыбалкі ніколі яшчэ не прыязджала. Хоць для катоў, але налаўлю.
— А якая рыба водзіцца ў вадаёмах, што ёсць у нашых мясцінах?
— Карась, шчупак, акунь, сомік канадскі, лінь і інш.
— Самая смачная, па-твойму, якая?
— Тая, вага якой не перавышае кілаграм. Калі браць канкрэтна, дык лінь.
— А шчупака табе ўдавалася злавіць?
-Было такое на Лукаўскім возеры. І вага яго была зайздросная — да 2-ух кілаграмаў. Але страў са шчупака я не люблю. Мне яны найсмачнейшыя, як я ўжо сказала, з ліня.
— Для цябе рыбалка — гэта што?
— Гэта не толькі маё любімае захапленне, але і цудоўны адпачынак. Нават калі і выхадныя, але ты застаешся дома, усё роўна нечым будзеш заняты. Не станеш жа сядзець склаўшы рукі. А на рыбалцы ты зносішся з прыродай, яна цябе зараджае новай энергіяй, надае сілы, яна супакойвае тваю душу.

— Няхай спада­рож­нічае ўдача не толькі на рыбалцы, але і ў жыцці! Дабрабыту ўсім, жыццялюбства і “добрага ўлову” на вытворчай ніве! – пажадала чытачам газеты рыбачка са стажам Таццяна Шалай

 

 

ШЧАСЛІВАЕ СУПАДЗЕННЕ

Думаю, не ўсе маладыя спецыялісты ў першыя гады станаўлення ўдастойваюцца такіх высокіх узнагарод, якой была ўдастоена сёлета галоўны аграном сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Дарапеевічы” Марына Калмыкова. За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і збожжабабовых культур у 2016 годзе яна была прызнана пераможцай абласнога спаборніцтва, удастоена Дыплома і грашовай прэміі. А таму — і ганаровая місія, якая выпала Марыне на абласным свяце-кірмашы ”Дажынкі-2016”, што праходзіла ў Драгічыне: ёй разам са старшынёю Маларыцкага райвыканкама Мікалаем Шумам і старшынёю СВК ”Святая воля” Івацэвіцкага раёна было дадзена ганаровае права ўзняць сцяг “Дажынак”.

Але не толькі гэтым запом­ніцца маладому аграному з Дарапеевічаў 2016 год. Куды больш значныя падзеі адбыліся ў яе асабістым жыцці: Марына выйшла замуж. Дарэчы, пазнаёміліся яны з Арцёмам тут, у Дарапеевічах. І не на дыскатэцы, як часта бывае, а на рабоце: Арцём тады таксама працаваў у гаспадарцы. Сустрэліся і, як гавораць, адзін на аднаго вока паклалі. Яшчэ б! Яна — маладая, статная, абаяльная, прыгожая. Ён — такі ж. Але Марына прызналася, што для стварэння сям’і не гэта было вырашальным.
— Арцём вельмі добры, выхаваны, чулы, уважлівы, клапатлівы, — дзялілася Марына. — Сярод маладых людзей цяпер такіх не надта шмат.
Пры гэтым мая суразмоўца адзначыла таксама, што яшчэ больш добрых якасцей дабавіла Арцёму служба ў арміі. А служыў ён у элітных, пагранічных, войсках.
— Арцём стаў яшчэ больш добрым, яшчэ больш адказным, яшчэ больш мудрым, — гаварыла Марына.
Што і казаць, стымулявала юнака да добрай службы яно, каханне, — светлае і шчырае пачуццё, якім было напоўнена яго сэрца ў адносінах да Марыны. А яшчэ ўпэўненасць у тым, што яна гэтыя паўтара гады яго абавязкова дачакаецца. І Марына дачакалася. У лістападзе яны з Арцёмам згулялі вяселле. Між іншым, яшчэ адзін цікавы факт: шлюб Марыны Калмыковай і Арцёма Кіцеля быў зарэгістраваны ў аддзеле ЗАГС пад нумарам 99. Калі верыць народным прадказанням, гэта шчаслівае супадзенне.

Што пажадалі ўсім нам Марына і Арцём Кіцелі? Шчасця – сапраўднага, у доме – цяпла, кахання – узаемнага! Няхай кожны дзень новага года будзе для ўсіх прыемным!

. . . і горы звернуць

Калі ў некага з вас узнікнуць сумненні наконт таго, ці могуць 2 чалавекі сабраць невялікі прычэп чарніц, звярніцеся да Еўдакіі і Віктара Міхайлавічаў Дацыкаў, што жывуць у Багуслаўцы. Яны вас пераканаюць, што такое пад сілу.

Асабліва, калі год на чарніцы ўраджайны, якім быў 2016-ы, і калі побач з домам лес. А самае галоўнае — калі ты не лянуешся і хочаш зарабіць добрую прыбаўку да сямейнага бюджэту.
— Рана-ранюсенька мы тады падымаліся, — дзеліцца Еўда­кія Міхайлаўна. — Хуценька ўпраў­ляліся па гаспадарцы, за посуд, на веласіпеды — і паехалі. Лес ведаем добра, ягадныя месцы — таксама. Хаця гэтым летам куды б ні пайшоў — усюды чарніц было, бы пяску пад нагамі. Толькі старайся.
Дацыкі і стараліся. Прычым кожны дзень. І настараліся на 2 з паловай тоны смачнай сакавітай і карыснай ягады і ўнушальную прыбаўку да пенсіі. Балазе, кожны дзень у вёску прыязджала нарыхтоўшчык з райспажыўтаварыства Любоў Меляшчук, якая прымала ягады ў неабмежаванай колькасці і па добрай цане.
Што падахвочвала Еўдакію і Віктара Міхайлавічаў Дацыкаў так шчыраваць? У час сустрэчы з імі пераканалася, што не толькі някепскі заробак. Сядзець без справы для іх — смерці падобна. Вось і цяпер. На вуліцы зіма. Здавалася б, можна крыху паменшыць запал працавітасці. Работы ні ў полі, ні на агародзе няма. Але яны і зімой, можна сказаць, увесь час заняты. Бо па-ранейшаму трымаюць немалую гаспадарку, якая патрабуе што-дзённых клопатаў і турбот, ну і лес жа побач. А там і зімою можна знайсці работу, калі хочаш, каб дровы ў запасе былі. Транспарт для іх вывазу шукаць не трэба. Выручае конь, якога ў сваёй гаспадарцы Дацыкі ўтрымліваюць даўно. Ды і не толькі з прывозам дроў выручае. На працягу ўсяго года, а асабліва вясною і восенню, ён — незаменны памочнік і на полі, і на агародзе. Словам, Дацыкі сапраўды б’юць усе рэкорды не толькі па нарыхтоўцы і продажу чарніц, але і наогул па сваёй працавітасці, што лішні раз даказвае і ідэальны парадак у хаце і ля яе.

Ну а пажадаць на­пя­­рэдадні свят усім нам яны хочуць на-дзейнага здароўя, невычарпальнай жыццёвай энергіі і, вядома ж, працавітасці.

 

З рэкардсменамі года сустракалася і іх распытвала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і з архіваў.

Опубликовано ГЧ № 101 от 31.12.16г.

 

Добавить комментарий


http://lkredit.com.ua

https://uniti.ua

узнать больше chemtest.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!