“ДАКРАНУЎШЫСЯ СЭРЦАМ, ПАДАРЫЦЬ НАДЗЕЮ…”

Інтэграваны фестываль, які стаў завяршэннем акцыі “Дакрануўшыся сэрцам,  падарыць надзею”, аб’яўленай у пачатку года раённай арганізацыяй Беларускага Фонду міру, сабраў у адной зале і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, і дарослых – прадстаўнікоў розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія не засталіся раўнадушнымі да праблем хворых дзяцей.
Цярплівасць, вера, надзея – гэтыя словы  не раз гучалі са сцэны фестывалю. Пра тую эфектыўную дапамогу, якую атрымліваюць ад спецыялістаў больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з цяжкімі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі і больш за 400 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, расказала гасцям сустрэчы дырэктар  раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Людміла Лукавец. Яе словы ярка пацвердзілі відэапрэзентацыі. Яны знаёмілі з дзейнасцю  інтэграваных груп у школах і дашкольных установах раёна, якія наведваюць ра­зам  і здаровыя дзеці,  і дзеці з праблемамі ў развіцці.
Кожнае дзіця, нават калі яно абмежавана ў магчымасцях рухацца, размаўляць, бачыць ці чуць, мае свае здольнасці, галоўнае толькі дапамагчы раскрыць іх. Тое, што дзеці з цяжкімі фізічнымі парушэннямі вельмі творчыя і таленавітыя, даказвалі яны, выступаючы на сцэне. Для Ігара Глушчыка са Збуража, які прыехаў на сустрэчу разам са сваёй настаўніцай,  інсцэніроўка была дэбютам, а таму ён вельмі хваляваўся. Хвалявалася, але ўдала выконвала свае ролі і маленькая Алёна Коцелева, і многія іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі. А вось для маладых людзей, якія наведваюць дзённае аддзяленне інвалідаў пры тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выступаць са спектаклямі — справа звыклая. У вобразе казачных герояў самадзейныя артысты шукалі шчасце, вучыліся чуласці і дабрыні. Пра добрыя справы, веру ў людзей і Бога, надзею і вялікую сілу любві спявалі ў сваіх песнях дзеці з атрада “Добрыя сэрцайкі”. Свае музычныя падарункі дарылі яны і хворым дзецям, і іх цярплівым, мужным, самаадданым бацькам, і ўсім спагадлівым, неабыякавым людзям, якія падтрымліваюць і добрым словам, і добрымі справамі.
— Год назад у раёне стартавала акцыя “Дакрануўшыся сэрцам, падарыць надзею..”. З просьбай аказаць дапамогу на набыццё абсталявання дзецям, якія наведваюць Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, мы звярнуліся амаль ва ўсе арганізацыі і прадпрыемствы горада і раёна. Тых, хто не застаўся раўнадушным і прыняў актыўны ўдзел у акцыі, якая дазволіла набыць для цэнтра два дарагія артапедычныя стулы, а таксама нямала цацак і гульняў, што даюць магчымасць развівацца, аказалася нямала. Сродкі ад чулых людзей яшчэ працягваюць паступаць, — адзначала, выказваючы шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў удзел у акцыі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру Жанна  Кібальнік.
Лісты падзякі атрымалі на сустрэчы прадстаўнікі калектываў райветстанцыі, пагранкамендатуры, Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы, райбальніцы, Маларыцкага лясгаса, кансерва­вагароднінасушыльнага кам­біната, раённага вузла паштовай сувязі, аддзела культуры, райаграпрамтэхнікі і многіх іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Асаблівая падзяка была выказана сельгаспрадпрыемствам “Гвозніца”, “Дарапеевічы”, “Радзеж” і “Чырвоны партызан”, калектыву «Брэстплемпрадпрыемства», якія не засталіся ў баку ад праблем хворых дзяцей,  ТАА “Талаш” і асабіста Уладзіміру Талашку, які адзіны з прадпрымальнікаў раёна далучыўся да акцыі.
Паколькі фестываль праходзіў напярэдадні Дня інвалідаў, які напамінае кожнаму з нас пра тое, што трэба быць больш уважлівым да чужой бяды, ніхто з маленькіх гасцей свята не застаўся без падарункаў, якія ахвотна прадаставілі раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і прыватныя прадпрымальнікі Сяргей Антонаў, Васіль Захарчук і Людміла Варановіч, яшчэ раз даказаўшы тое, што свет не без добрых, чулых і шчодрых лю­дзей.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час фестывалю “Дакрануўшыся сэрцам, радасць падарыць..”
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


learn more

velomarket.org.ua

www.oncesearch.com/category/gay
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!