ПАЖАДАЕМ ТАЛЕНТАМ УДАЧЫ

Маларытчына багатая на адораную моладзь. Гэта ў чарговы раз даказала навагодняя сустрэча таленавітых маладых людзей з кіраўніцтвам раёна, якая напярэдадні Новага года прайшла ў райвыканкаме. Сто лепшых у вучобе, спорце, творчасці, пераможцаў алімпіяд і конкурсаў, актывістаў у грамадскім жыцці штогод атрымліваюць магчымасць у святочнай атмасферы прымаць віншаванні, граматы і прэміі, салодкія падарункі ад прадстаўнікоў улады. Дзякуючы гэтаму сустрэча набывае асаблівую значнасць, трапіць на яе ганарова. І сёлета юнакі і дзяўчаты сустракалі апладысментамі старшыню райвыканкама Мікалая Шума, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанну Стаціўка, старшыню раённага Савета дэпутатаў Пятра Губея, намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Шпетнага, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяну Лаўрэенка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэя Гарбацэвіча.

Перад тым, як выканаць прыемную місію – уручыць заслужаныя ўзнагароды – старшыня райвыканкама звярнуўся да маладых і таленавітых:
— Напрыканцы года мы традыцыйна падводзім вынікі. Прыемна гаварыць аб вашых дасягненнях, а іх сёлета нямала. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах маларыцкая каманда заваявала 11 дыпломаў: 6 з іх — другой ступені і 5 – трэцяй. У мінулым годзе, для параўнання, было 8 дыпломаў. Заяўлялі аб сабе вучні не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на міжнародным. Поспехаў нашы здольныя вучні дасягнулі і ў навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці,творчасці, спорце.
Не баяцца ісці новымі дарогамі жадала сотні актывістаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Жанна Уладзіміраўна адзначыла, што сочыць за поспехамі нашай моладзі і ўпэўнена, што ў будучым яны стануць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, а іх веды і ўменні будуць карысныя нашай Радзіме. Дэпутат уручыла падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” адораным вучням Івану Буглаку, Аляксандры Пацурай і Кацярыне Марашчук, якія занялі на абласной алімпіядзе па два прызавыя месцы.
Былі адзначаны на сустрэчы і поспехі моладзі ў грамадскім жыцці.
— Валанцёрства, дабрачынная дзейнасць, выхаванне на прынцыпах патрыятызму і здаровай нацыі не даюць ачарсцвець нашым сэрцам. Важна пад­трымліваць людзей, якія бяруць на сябе грамадскую нагрузку, — гаварыў Вадзім Шпетны. – Поспехаў у гэтых справах дасягнулі “Беларускі фонд міру”, клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі, школа боксу, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, піянерская арганізацыя і іншыя.
Валанцёрскі атрад БРСМ “Пакаленне дабра” і агітбрыгада “Новае пакаленне” былі заахвочаны граматамі і салодкімі падарункамі.
Без увагі не засталіся і творчыя таленты. Былі ўшанаваны навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, якія паказваюць высокія вынікі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Гэта Дар’я Пацяюк, Аляксандра Тыцык і Анжэла Пяшко.
Не пакінулі раўнадушнымі ўдзельнікаў сустрэчы выступленні агітбрыгады “Новае пакаленне” і скрыпачкі Анжэлы Пяшко.

* * *
У той жа час у гарадскім Доме культуры сабрала дзяцей-інвалідаў, дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем’яў навагодняя дабрачынная ёлка. Адкрыў яе старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Шчыра віншуючы дзяцей, ён падзякаваў ім за веру ў сябе, аптымізм, мужнасць і мэтанакіраванасць. Артыстам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія ладзілі на сцэне святочнае прадстаўленне “Навагодні баль у шахматным каралеўстве” і вадзілі разам з дзецьмі карагоды, Мікалай Мікалаевіч уручыў кошык ласункаў. Запрошаныя на дабрачынную ёлку 95 дзяцей-інвалідаў і 44 дзіцяці з апякунскіх і прыёмных сем’яў атрымалі навагоднія падарункі ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 1 от 4.01.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!