Што пасееш – тое і пажнеш

Маладосці ўласцівы самыя непрадказальныя ўчынкі. І менавіта ў раннім узросце чалавек можа аступіцца незнарок сысці з правільнага шляху. Учыненыя падлеткам супрацьпраўныя дзеянні нярэдка вядуць да цяжкіх вынікаў і пакідаюць цёмны след на ўсёй біяграфіі. Гэтага магло б і не быць, скажуць многія, калі б непаўналетні адчуваў пастаянную ўвагу, быў своечасова папярэджаны аб тым, да чаго прыводзяць гульні з законам. Але падлеткавая злачыннасць – праблема складаная. І прычыны яе шматлікія. Тут і прабелы ў сямейных узаемаадносінах, і матэрыяльны бок, і ўплыў вуліцы, і адсутнасць кантролю, і рысы характару, а часам і проста сумная выпадковасць, няўменне справіцца са складанай сітуацыяй. А таму праблема “падлетак і злачыннасць” даволі актуальная. Абмеркаваць яе вырашана было за “круглым сталом” у Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі з удзелам прадстаўнікоў улады, аддзела адукацыі, спорту і турызму, педагогаў, супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, следчага камітэта, пажарнай і пагранічнай службаў, прадстаўнікоў Маларыцкага благачыння, медыцынскіх і многіх іншых спецыялістаў. Тэма размовы — “Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх. Праблемы і шляхі вырашэння” — была шырока адлюстравана ў кнігах на выставах, якія прадставілі бібліятэка Мікалаеўскай праваслаўнай царквы і раённая. А сама размова была ўмоўна падзелена на дзве часткі. У першай удзельнікі “круглага стала” расказвалі аб дзейнасці па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці, канстатавалі канкрэтныя факты, акрэслівалі праблемныя пытанні. Другая прадугледжвала шырокую дыскусію аб тым, што ж падштурхоўвае непаўналетняга на ўчыненне злачынства і якім павінна быць выхаванне, каб яно давала станоўчы эфект.

Падмурак  для размовы

Пляцоўкай для правядзення “круглага стала” па такой надзённай тэме прафесійны ліцэй стаў невыпадкова, як адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, яго дырэктар Станіслаў Ляшчук. У навучальнай установе сканцэнтравана тая група падлеткаў, якая часта лідзіруе ў статыстыцы правапарушэнняў. І ў тым, каб знайсці “ключык” да праблемы, калектыў установы сапраўды зацікаўлены.
На кожным чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх разглядаюцца пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях непаўналетніх, а значыць, у чарговы раз даводзіцца ўмешвацца ў лёс падлетка. Камісія, якая, у першую чаргу, мае функцыю выхаваўчую, як заўважаў, пачынаючы дыялог “круглага стала”, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Вадзім Шпетны, працуе па факту ўчыненага правапарушэння. Даводзіцца глыбока ўнікаць у змест пратаколаў не з мэтай пакараць, а каб высветліць, чым у той ці іншай сітуацыі можна дапамагчы, каб не дапусціць таго, што падлетак, спатыкнуўшыся аднойчы, пойдзе далей па сцежцы злачыннасці. На гэта накіравана, як падкрэслівалася ў выступленні, работа па абароне законных інтарэсаў дзіцяці, якая праводзіцца з неспрыяльнымі сем’ямі. І тут ужо выхоўваць даводзіцца бацькоў, а гэта задача вельмі складаная.
Аб тым, як ускладняецца выхаваўчая работа з непаўналетнімі, калі выпадае з працэсу важнае звяно – сям’я, засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў размовы і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДзПЛ СВ Галіна Стасюк. З 252 навучэнцаў ліцэя 40 выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, 43 – у сем’ях беспрацоўных бацькоў, 27 – у мнагадзетных сем’ях, 15 – у сем’ях, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна-небяспечным ста­новішчы, 27 – у малазабяспечаных сем’ях, 22 падлеткі ўзяты на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх, 7 падлеткаў былі асуджаны. У выніку сацыяльны недабрабыт складае 75%. 15-16-гадовыя падлеткі, якія паступаюць вучыцца ў ліцэй, прыходзяць сюды з багажом пэўнага негатыву. Перавыхаваць іх у такім узросце ўжо нельга, педагогі могуць толькі ўплываць на паводзіны. Але і гэта ўдаецца не з кожным. У выніку за перыяд з пачатку года на “рахунку” ліцэістаў 9 злачынстваў (летась іх было 7), 35 правапарушэнняў (у 2015 г. – 39). Да крадзяжоў, хуліганства дабавіліся такія віды злачынстваў, як захоўванне наркатычных рэчываў, парушэнне права на палавую недатыкальнасць. Самыя распаўсюджаныя правапарушэнні – распіццё спіртных напояў і парушэнне правілаў дарожнага руху.
Прэзентацыя, якую прадэманстравала Галіна Стасюк, падрабязна пазнаёміла з той выхаваўчай работай, што праводзіць ліцэй у супрацоўніцтве з аддзелам пагранічнай службы, райаддзелам міліцыі, Маларыцкім благачыннем.
Як рэалізоўваецца ідэя супрацоўніцтва царквы і грамадства ў выхаванні духоўных каштоўнасцей моладзі, расказаў благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла. Толькі тая краіна, як працытаваў ён адно з выказванняў, выстаіць у сучасным свеце, заняволеным грахом, дзе дзяржава і царква праз сістэму адукацыі будуць разам выхоўваць маладое пакаленне. Царква, адзначыў айцец Віктар, мае багаты вопыт выхавання. І важна скарыстацца здабыткамі праваслаўнай спадчыны, культуры, духоўнасці на карысць грамадства.
На ролі грамадства, у першую чаргу грамадскіх арганізацый, у выхаванні ў моладзі правільных прыярытэтаў спынілася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Жалнерык. Звыш 5 тысяч жыхароў раёна – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Больш за 20 арганізацыйных структур будуюць сваю дзейнасць, не абмінаючы такі важны накірунак, як работа з моладдзю. На слыху мерапрыемствы, якія праводзяцца па ініцыятыве і з удзелам грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Беларускі фонд міру”, “Белая Русь”, раённы савет ветэранаў, ДТСААФ, прафсаюзных арганізацый. Актыўнае далучэнне да грамадскага жыцця падлеткаў дае свой выхаваўчы эфект.
Але не заўжды занятасць непаўналетніх гарантуе, што падлетак не ўчыніць правапарушэнне, канстатавала, працягваючы размову, спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Горбік. Кожная школа працуе над тым, каб усе вучні былі ахоплены пасля ўрокаў заняткамі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Але актыўнасць у школе, заняткі ў спартыўных секцыях не даюць гарантыю таго, што ўвечары, калі дзіця выходзіць на вуліцу ці трапляе ў прывычную кампанію сяброў, яно будзе паводзіць сябе правільна. І, як вынік, сёлета школьнікамі ўчынена 25 правапарушэнняў і 1 злачынства.
Да падлеткаў, якіх нярэдка называюць “цяжкімі”, патрэбны свой падыход. На тых формах работы, якія прымяняюць спецыялісты сацыяльна-педагагічнага Цэнтра, каб дапамагчы падлеткам з неспрыяльных сем’яў паверыць у сябе, адчуць сваю значнасць, сканцэнтравала ўвагу дырэктар Цэнтра Вольга Барысюк. Яна пазнаёміла ўдзельнікаў “круглага стала” з вопытам работы клуба “Падлетак”, дзейнасць якога накіравана на папярэджанне злачынстваў.
А напрацоўкамі ў пра­філактычнай рабоце з падлеткамі, якія ўжо ўчынілі правапарушэнні, падзялілася інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Людміла Бадрыцкая. На ўлік у інспекцыі ўзяты 39 падлеткаў, 5 з іх – за ўчыненне злачынстваў. Трывожыць, як адзначалася ў выступленні, рост у раёне падлеткавай злачыннасці. Летась непаўналетнімі было ўчынена 5 злачынстваў, сёлета ўжо шэсць. А значыць, у пытаннях выхавання трэба шукаць новыя падыходы.

 

Дыскусійная пляцоўка

Узброіўшыся фактамі для па­лемікі, удзельнікі “круглага стала” распачалі дыскусію. Яна закранула не толькі галоўную тэму – пошук шляхоў для прафілактыкі падлеткавай злачыннасці, але і ў цэлым пытанні культуры ўзаемаадносін, вытокаў маральнасці, сэнсу і сутнасці зла, ролі бацькоўскай любві. У шматгадзіннай размове было закранута шмат “вострых” вуглоў праблемы. Хоць усе меркаванні заслугоўваюць таго, каб надаць ім галоснасць, але рамкі газеты не дазваляюць зрабіць гэта. І ўсё ж у чытачоў ёсць магчымасць пазнаёміцца з асноўнымі думкамі ўдзельнікаў “круглага стала”.

Сяргей Глушчык, афіцэр аддзялення пагранічнай службы “Маларыта”:
— Пытанні выхавання многія ўспрымаюць з пазіцыі сілы. Але значна большы эфект дае прававая адукацыя дзяцей. Прычым пачынаць асвету трэба з малога ўзросту. Меншыя дзеці заўжды глядзяць на старшакласнікаў, пераймаюць іх паводзіны, не заўжды ведаючы, правільныя ўчынкі робяць ці не. Добра, калі прававыя веды даюць бацькі. Але часцей за ўсё тата і мама заняты на рабоце. І гэты прабел трэба запаўняць. Аддзел пагранічнай службы заўжды гатовы да супрацоўніцтва. Сустрэчы, гутаркі, экскурсіі, калі ўсё гэта відовішчна, прымушаюць дзяцей задумацца аб правільных паводзінах, аб сваёй будучыні.

Ігар Букач, намеснік началь­ніка раённага аддзела Следчага камітэта:
— Сапраўды, трэба вучыць дзяцей задумвацца над сваімі ўчынкамі. Калі ў школе хоць раз у тыдзень будзе праводзіцца гутарка, у час якой дзецям будуць напамінаць аб тым, як важна берагчы сваё жыццё, расказваць, што трэба абавязкова насіць флікер, і зусім не таму, што за адсутнасць яго пакараюць, а што ён можа выратаваць жыццё, што на пешаходным пераходзе трэба быць пільным, паглядзець па баках, каб не трапіць пад колы аўтамабіля, гэтая, няхай і надакучлівая інфармацыя, якую яны будуць чуць рэгулярна, адкла­дзецца ў памяці. Не будзе лішнім напомніць і аб існаванні артыкула, які прадугледжвае пакаранне за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару. Не кожны школьнік, а магчыма, і дарослы, ведае, што націснуўшы асэнсавана ці памылкова пад убачаным у сацыяльных сетках “пікантным” здымкам кнопку, ён становіцца распаўсюджвальнікам парна­графіі, а значыць, будзе пакараны. Закон ёсць закон. І каб не парушаць яго, патрэбны веды.А таму важна даваць дзецям інфармацыю.

Віталь Равінскі, настаяцель храма в. Ляхаўцы:
— І не толькі дзецям, але і бацькам. На жаль, многія бацькі зусім не цікавяцца, для чаго дзіця выкарыстоўвае тэлефон, камп’ютар, з кім і як зносіцца ў сацыяльных сетках, якую музыку слухае, якія фільмы глядзіць. А потым, калі нешта здараецца, здзіўляюцца. А пад увагай бацькоў павінна быць усё.

Станіслаў Ляшчук, дырэктар Маларыцкага ДзПЛ СВ:
— Даць нашым ліцэістам карысную інфармацыю дапамагаюць відэаролікі. У сталовай, дзе навучэнцы бываюць штодня, размешчаны тэлевізар, а таму, сумяшчаючы прыемнае з карысным, юнакі атрымліваюць дадатковыя веды. Мы можам дэманстраваць відэаролікі розных служб, таму запрашаем да супрацоўніцтва.

Пётр Пяшко, настаяцель храма аграгарадка Хаціслаў:
— Гэта добра, што мы сабраліся разам, каб абмеркаваць такую надзённую тэму. Прафілактыка злачынстваў па-царкоўнаму – гэта прафілактыка граху. Але колькі б ні выхоўвалі школа, царква, калі не будзе ўдзелу сям’і, не будзе і выніку. Выхаванне пачынаецца яшчэ ва ўлонні маці. А калі цяжарная жанчына сядзіць увесь час ля тэлевізара, якую інфармацыю атрымае дзіця? Многія вясковыя дзеці наведваюць нашу ня­дзельную школу, якая, між іншым, з’явілася першай у раёне. Ня­дзельная школа не ставіць мэтай даць багаслоўскую адукацыю, важна навучыць дзіця заўважаць бліжняга. Калі наведваю дамы жыхароў вёскі, звяртаю асаблівую ўвагу на пакоі, дзе знаходзяцца дзеці. І калі бачу на сценах страшныя плакаты, абавязкова раблю заўвагу бацькам. Калі гаварыць пра выхаванне, нельга не сказаць і пра мабільныя тэлефоны. Яны ў сучасных дзяцей зусім не простыя. Такія тэлефоны патрэбны многім у першую чаргу для гульняў. Але псіхолагі заўважаюць: можна вылечыць чалавека ад курэння, нават алкагалізму, але толькі не ад іграманіі. А бацькі падобныя захапленні дзяцей не кантралююць. Са свайго дзяцінства памятаю, што пасля школы мы, дзеці, ішлі дапамагаць бацькам, займаліся фізічнай працай, за гэты час “адпачывала” галава, а пасля фізічных нагрузак браліся за ўрокі. Такім было выхаванне. А цяпер як і ад чаго адпачываюць дзеці?

Людміла Ляўчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1:
— Сапраўды, самае галоўнае выхаванне дае сям’я. Мой тата заўжды гаварыў: выхоўваць дзіця трэба тады, калі яно памяшчаецца ўпоперак лаўкі. А школа ўжо толькі карэкціруе тое, што закладзена сям’ёй. На жаль, не заўжды гэта ўдаецца. Самае страшнае, што дзіця ў сям’і часта недаатрымлівае любоў, увагу. І гэта адбіваецца на паводзінах.

Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі:
— Бацькі больш увагі надаюць адукацыі дзіцяці, а не выхаванню. Упускаецца важнае, а потым гэта адбіваецца на адносінах дзяцей да бацькоў. Важна выхоўваць сем’яніна. Увогуле духоўная складаемая павінна праследжвацца ў выхаванні, якое даюць усе службы. Трэба, да прыкладу, каб дзіця разумела, што флікер патрэбны не толькі для таго, каб выратаваць сваё жыццё, але і жыцці іншых людзей.

Алена Смаль, інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях:
— Калі гаварыць пра бяспеку, мне б хацелася пазнаёміць усіх з новым праектам “Ганарымся, што навучылі”, які рэалізоўвае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Бацькі ганарацца поспехамі дзяцей, іх адзнакамі, дасягненнямі ў спорце. Нам хацелася б, каб бяспека была яшчэ адным аспектам гонару. Вывучыўшы з сынам ці дачкою правілы бяспекі, таты і мамы могуць прайсці на сайце анкетаванне і, калі на ўсе пытанні адкажуць правільна, атрымаць узнагароджанне – грамату, якую можна раздрукаваць. Маё дзіця добра ведае правілы бяспекі – чаму б гэтым не ганарыцца?

Юрый Варанчук, намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:
— Ёсць такое выказванне:у здаровым целе – здаровы дух. Мне б хацелася сказаць пра ўплыў на выхаванне спартыўных заняткаў. Спорт загартоўвае, ставіць у пэўныя рамкі, выхоўвае працавітасць, мэтанакіраванасць. У жыхароў нашага раёна ёсць цудоўная магчымасць наведваць спартыўны комплекс “Жамчужына”. Многія прыходзяць сюды сем’ямі, і гэта добра.

Аляксандр Галоўчык, намес­нік старшыні камісіі па справах непаўналетніх:
— Добра, калі ў сям’і з усёй адказнасцю займаюцца выхаваннем. І вельмі дрэнна, калі бацькі раўнадушныя да ўчынкаў дзяцей. На пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх, калі абмяркоўваюцца паводзіны дзяцей, вельмі адчувальная атмасфера, што існуе ў сям’і. Многія бацькі займаюць пазіцыю, што выхоўваць дзіця павінны ўсе: і дзяржава, і школа, але толькі не яны. Іх задача – грошы зарабляць. Як паказвае практыка, у такіх сем’ях і ўзнікаюць праблемы.

Жанна Саўчук, урач-нарколаг цэнтральнай райбальніцы:
— Нельга не сказаць пра той прыклад выхавання, які даюць дзіцяці сем’і, дзе бацькі п’юць.Неўладкаванасць быту, недахоп станоўчых эмоцый, адсутнасць клопату прыводзяць дзяцей з неспрыяльных сем’яў да той жа праблемы, што і ў іх бацькоў. Такім дзецям важна бачыць добрыя прыклады ў паводзінах, адчуваць увагу да сябе.

Віталь Тычынскі, раённы ўрач-педыятр:
— А мне б хацелася засяродзіць увагу на традыцыях сямейнасці. Калі губляецца сувязь пакаленняў у сям’і, парушаецца і выхаванне. Лягчэй выхоўваць дзяцей там, дзе маладым бацькам парады дадуць бабуля і дзядуля. Раней так і было. Цяпер жа маладыя пары жывуць асобна, парад ад бацькоў не хочуць. Вырастаюць іх дзеці і як яны ставяцца да старэйшых? У бальнічных калідорах шмат састарэлых людзей, якія прыходзяць сюды самі, без дапамогі дзяцей. Парушаюцца ўзаемаадносіны. І гэта таксама праблема выхавання.

Сергій Бірук-Русу, настаяцель храма в. Лукава:
— Можна шмат гаварыць аб выхаванні, але важна, каб адчуваўся канкрэтны клопат аб канкрэтным дзіцяці. Каб мы ўсе не былі абыякавымі да лёсаў дзяцей. Прычым не толькі па абавязку сваёй службы, а таму, што хочам, каб яны сталі лепшымі, больш здаровымі, разумнейшымі. І без духоўнай складаемай тут не абысціся. З яе і трэба пачынаць.
* * *
Падагульняючы вынікі размовы, усе ўдзельнікі “круглага стала” згадзіліся з тым, што важна было не толькі паслухаць кожнага, але і пачуць адзін аднаго. Бо той, хто здольны чуць, можа нешта змяніць у сабе.

Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: удзельнікі “круглага стала”.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 1 от 4.01.17 г.

Добавить комментарий


купить аккумулятор Днепропетровск
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!