Працуюць для людзей

штодня работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Фонду сацыяльнай абароны. Іх задачы простыя і зразумелыя кожнаму – аказваць дапамогу грамадзянам у вырашэнні іх сацыяльных праблем, выслухаць, зразумець і падказаць, як дзейнічаць у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях. Работнікі службы сацыяльнай абароны з’яўляюцца каардынатарамі рэалізацыі шэрагу дзяржаўных праграм: па праблемах пажылых і адзінокіх людзей, інваліднасці, занятасці насельніцтва, безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ахове працы і іншых. Як функцыянуе “сэрца” сацыяльнай абароны насельніцтва —  упраўленне па працы,занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, высвятлялі карэспандэнты райгазеты. 

Кожны аддзел упраўлення – важнае звяно агульнай сістэмы. Работнікам аддзелаў даводзіцца займацца вырашэннем самых розных пытанняў. Гэта назначэнне дапамог пры нараджэнні дзіцяці і па догляду за ім, бясплатнага харчавання для дзяцей 1-2 гадоў, адраснай дапамогі тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, працаўладкаванне, пенсійнае забеспячэнне і інш.
Наталля Іолап, якая цяпер выконвае абавязкі начальніка, а таксама ўзначальвае аддзел адраснай дапамогі, быту і сям’і, адзначае, што калектыў працуе зладжана, выпадковых людзей у ім няма. Каб стаць часткай любога з аддзелаў упраўлення, а іх чатыры, трэба быць чулым, неабыякавым, уважлівым чалавекам. Не абысціся і без такіх якасцей, як стрэсаўстойлівасць, цярплівасць і адказнасць. Напрыклад, у аддзел адраснай дапамогі, дзе разам з Наталляй Пятроўнай працуе спецыяліст Марына Касянюк, жыхары раёна звяртаюцца за дзяржаўнай падтрымкай у выгля­дзе штомесячных і аднаразовых сацыяльных дапамог, матэрыяльных дапамог,за выдзяленнем адраснай дапамогі на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузкаў інвалідам, аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Прыходзяць у аддзел і з радаснымі весткамі – нараджэннем двойні: у 2016 годзе – гэта 6 сем’яў, якія атрымалі аднаразовыя выплаты на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці. За гэты год адрасная дзяржаўная сацыяльная дапамога была аказана жыхарам раёна на суму больш чым 300 тысяч рублёў.
Пытанні своечасовай аплаты працы, гарантый у аплаце яе, сацыяльнага партнёрства, аховы працы трымаюць на кантролі работнікі аддзела па працы. Узначальвае яго Антаніна Лапіч – чалавек адказны, з вялікім працоўным стажам. З 1 студзеня 2015 года на аддзел працы ўскладзена яшчэ адна важная функцыя — назначэнне сямейнага капіталу. У 2015 годзе за ім звярнуліся 90 жыхароў раёна, у 2016 – 93. Дапамагае сабраць усе неабходныя дакументы для яго назначэння вопытны спецыяліст Таццяна Ванюшына. Да людзей яна ставіцца ўважліва, даходліва тлумачыць незразумелыя простаму чалавеку заканадаўчыя дакументы. Мы самі змаглі ў гэтым пераканацца (на здымку ўнізе). Умацаванне грамадскай бяспекі і вытворчай дысцыпліны, высвятленне прычын і абставін няшчасных выпадкаў і папярэджанне іх – пытанні, у важнасці якіх не даводзіцца сумнявацца. Каб менш выпадкаў вытворчага траўматызму было на працоўных месцах, трэба сачыць за захаваннем заканадаўства па ахове працы. Гэтыя задачы выконвае яшчэ адзін спецыяліст аддзела – Сяргей Пачанчук. Дарэчы, сёлета на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці ў раёне затрачана 733 тысячы рублёў, а на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне ўздзеяння шкодных ці небяспечных вытворчых фактараў – 298 тысяч рублёў.
Прыярытэтным накірункам работы з’яўляецца пенсійнае забеспячэнне — ім ахоплена амаль што трэцяя частка насельніцтва раёна – 7029 пенсіянераў і 416 атрымальнікаў дапамог. Усе пенсіі выплачваюцца своечасова, а іх памеры залежаць ад укладу кожнага чалавека ў працоўнае жыццё. Работнікі аддзела пенсій і дапамог, як азначае яго начальнік Людміла Вітрук, вельмі ўважліва падыхо­дзяць да збору дакументаў для налічэння пенсій, бо разумеюць, што для пажылога чалавека дарагая кожная капеечка. Таццяна Грузінская і Таццяна Косік не так даўно прыйшлі працаваць ва ўпраўленне. Але іх актыўнасць і энтузіязм, памножаныя на вялікі прафесійны багаж, працавітасць Ніны Кузьміч і Таццяны Церашчук, у цэлым садзейнічаюць згуртаванню калектыву аднадумцаў, які паспяхова выконвае пастаўленыя перад імі задачы.
У пастаянных зносінах з людзьмі праходзяць працоўныя будні спецыялістаў аддзела занятасці. У цяперашніх няпростых умовах на працоўным рынку важна дапамагчы людзям знайсці працу ці атрымаць новую запатрабаваную спецыяльнасць, арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць шляхам прадастаўлення субсідый. Гэтыя і іншыя пытанні дапамагаюць вырашаць Марына Кот і Таццяна Анішчук. Малады энергічны кіраўнік Таццяна Хатынюк прыўнесла ў работу аддзела новую афарбоўку. За садзейнічаннем у занятасці сёлета звярнулася 528 чалавек, 420 з іх — беспрацоўныя. Былі працаўладкаваны 368 грамадзян раёна, 29 беспрацоўных накіраваны на прафесійнае навучанне, выдзелены 7 субсідый для арганізацыі прадпрымальніцтва, 2 інваліды прайшлі адаптацыю да працы. Дапамогі па беспрацоўі атрымлівалі 275 чалавек, 20 — была аказана матэрыяльная дапамога. Калі рыхтавалі матэрыял, Марына Станіславаўна была задзейнічана ў непасрэднай рабоце з людзьмі (на здымку ўверсе). Не зможа функцыянаваць упраўленне і яшчэ без двух работнікаў – спецыяліста па аўтаматызацыі Сяргея Селівоніка і галоўнага бухгалтара Ірыны Крэнь. Не забывае сённяшні калектыў арганізацыі і пра сваіх ветэранаў, дзейнасць якіх стала фундаментам, на аснове якога пабудавана цяпер работа ўпраўлення. Узяўшы ўсё лепшае з вытокаў, развівацца далей, каб быць надзейнай апорай для нашых людзей, накіравана невялікая, але згуртаваная каманда ўпраўлення.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано ГЧ  № 1 от 4.01.17 г.

Добавить комментарий


sellmax.com.ua

www.chemtest.com.ua

деньги под залог авто
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!