Шанц ёсць у кожнага

У кожнага з нас ёсць шанц… Развівацца, займацца любімай справай, стаць вядомым, зрабіць нешта важнае для сваёй сям’і, горада, краіны. Не выпадкова назву “Шанц” атрымала платная тэатральная студыя Вольгі Жыльцовай.  Па словах Вольгі Паўлаўны, сумесная творчасць з дзецьмі – гэта шанц не толькі для юных талентаў праявіць сябе, паглыбіцца ў тэатральны асяродак, зрабіць крок да прафесіі акцёра, але і для яе, як для настаўніцы, ажыццявіць самыя яркія ідэі і вобразы, раскрыцца ў сваёй спецыяльнасці. 

Пачыналася ўсё cа стварэння тэатральнага калектыву “Шанц” 6 гадоў таму. Першыя выпускнікі тэатральнай студыі ўжо студэнты. Але Вольгу Паўлаўну не пакідала думка, як гаворыцца, вырасціць сваіх тэатралаў: весці іх па творчым шляху, літаральна, з дзіцячага сада, перадаваць свае веды і навыкі і самой вучыцца ў іх. Сёлета задума пачала ажыццяўляцца. У сваю тэатральную студыю яна набрала дзве групы дзяцей: старэйшую, куды ўвайшлі дзеці ад 11 да 15 гадоў, і малодшую, дзе займаюцца малышы ва ўзросце 5-8 гадоў. Іх настаўніца ласкава называе “шансікі”.
— У падлеткавым узросце дзеці самі ўжо разумеюць, у якім накірунку жадаюць развівацца, якая сфера дзейнасці прынясе задавальненне, дапаможа раскрыцца. Уся старэйшая група – гэта творчыя асобы, для якіх тэатральная студыя не проста захапленне, яны адказна ставяцца да заданняў, роляў, якія атрымліваюць. Сярод іх ёсць і тыя, хто ў будучым жадае ператварыць захапленне ў прафесію, — расказвае Вольга Жыльцова.
З маленькімі дзецьмі, зразумела, іншая сітуацыя. За іх выбар робяць бацькі, якія жадаюць знайсці прымяненне бязмежнай энергіі сваіх сыноў і дочак. Але на гэтым місія дарослых не заканчваецца. Яны цярпліва павінны прыводзіць на заняткі сваіх дзяцей, рабіць дамашнія заданні, разам з дзецьмі вучыць ролі. Для гэтага патрэбна прыкласці нямала намаганняў. Але вынік, які нават за такі кароткі тэрмін заняткаў у студыі адчувальны, не можа не радаваць тат і мам.
Заняткі ў платнай тэатральнай студыі праходзяць два разы на тыдзень. 45 хвілін у творчай атмасферы пралятаюць як адно імгненне. Нярэдка, асабліва дарослая група, просіць настаўніцу затрымацца, каб яшчэ раз прыпыніцца на складаных сцэнах. Дарэчы, у падарунак маларытчанам старэйшая група тэатральнай студыі “Шанц” падрыхтавала навагоднюю тэатралізаваную казку “Як стаць Снягуркай”. Малышы таксама атрымалі першыя ў сваім жыцці ролі і рэпеціруюць спектакль “Залатое правіла”. Першымі яго ўбачаць бацькі, затым гэтае прадстаўленне малодшая група пакажа ў дзіцячым садку, выпускнікамі якога ўсе яны з’яўляюцца.
…Пачынаецца занятак у акцёрскім паўкрузе. Гэта патрэбна, каб паміж настаўнікам і “акцёрамі” быў пастаянны зрокавы і энергетычны кантакт. Яшчэ да пачатку заняткаў кожны юны тэатрал заняў сваё месца. Нягледзячы на ўзрост, да свайго захаплення дзеці падыходзяць адказна. Не забываюць вучыць словы (бывае, не толькі свае, але і “калег” па студыі), не прапускаюць рэпетыцыі. Так прынята ў тэатральным асяродку – паважаць акцёраў і свайго рэжысёра. “Шансікі” арыентуюцца ў прафесійнай тэатральнай і акцёрскай тэрміналогіі не горш за дарослых. Працуюць на занятках яны над артыкуляцыяй, мімікай, жэстамі, эмоцыямі. Важныя якасці тэатрала – уменне імправізаваць, фантазіраваць. З імі малышы спраўляюцца “на ўра”.
— Кожнае дзіця – асоба. Але з імі лёгка працаваць, бо яны “гнуткія” як пластылін, не саромеюцца, адчуваюць сябе на сцэне лёгка, натуральна. Паміж дзецьмі яшчэ няма спаборніцтва, яны працуюць у камандзе, дапамагаюць адзін аднаму, па-добраму ацэньваюць, — расказвае Вольга Жыльцова. – Важная частка нашых заняткаў – індывідуальныя трэнінгі. Дзіця выходзіць на сцэну і выступае перад сваімі сябрамі. Потым мы разам абмярковаем, што атрымалася, а дзе трэба яшчэ нешта “падцягнуць”. Такая методыка работы вельмі стымулюе дзяцей. Але ў мяне ёсць правіла – хвалі перад усімі, а крытыкуй адзін на адзін.
За парогам студыі работа над акцёрскім майстэрствам у дзяцей не завяршаецца. Дамашнія заданні дзеці вельмі палюбілі. Яны запамінаюць скорагаворкі, адпрацоўваюць заданні на артыкуляцыю, развіццё моўнага апарату, дыханне, сілу голасу. Ну і, вядома, вучаць словы. Маленькім у гэтым не абысціся без дапамогі бацькоў.
— Маім дочкам — Віталіі і Аляксандры – вельмі падабаюцца заняткі ў студыі. Яны перажываюць, калі недзе не давучылі словы, ім не хочацца расчароўваць сваю настаўніцу. Хоць студыю яны наведваюць усяго некалькі месяцаў, ужо можна заўважыць станоўчыя вынікі. Напрыклад, паляпшаецца памяць, уважлівасць, развіваецца фантазія, — адзначае Ганна Алесік.
— Магу дадаць яшчэ, што пасля заняткаў дзеці дахаты прыходзяць з пачуццём задавальнення. Для майго дзіцяці тэатральная студыя – добрая пляцоўка, дзе ёсць прымяненне энергіі, эмацыянальнасці, — дзеліцца ўражаннямі яшчэ адна мама — Хрысціна Аўдзяюк.
Група “Шансікаў” ужо ўкамплектавана. А вось у старэйшую групу тэатральнай студыі яшчэ можна запісацца. Вольга Паўлаўна адзначае, што ў акцёрскім амплуа шмат плюсаў. Спецыфіка прафесіі такая, што на сцэне, кожны раз у новай ролі, чалавек можа перажыць тыя эмоцыі, якім, магчыма, не можа даць выхад у сваім жыцці. А таксама здзейсніць сваю мару, якая пакуль яшчэ не спраўдзілася.
Дар’я ПАўлянкова.
На здымку: малодшая група тэатральнай студыі “Шанц” у час рэпетыцыі спектакля.
Фота аўтара.
Опубликовано ГЧ № 1 от 4.01.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!