Аграгарадок “Чарнянскі”

І хоць, пад’язджаючы да Чарнян, пакуль яшчэ не ўбачыш указальніка з новай назвай: “Аграгарадок “Чарнянскі”, статус яго Чарняны атрымалі летась. Аграгарадок – цэнтр сельсавета. Тут жыве каля 700 чалавек. Ёсць агульнаадукацыйная школа, дзе займаецца 135 вучняў, дзіцячы сад на 35 месцаў, Дом культуры, бібліятэка, музыкальная школа, а таксама ФАП, комплексны прыёмны пункт, які аказвае 11 відаў паслуг, 2 магазіны, аддзяленне паштовай сувязі, філіял “Беларусбанка”. Да паслуг вяскоўцаў і гандлёва-культурны цэнтр “Кацюша”, дзе ёсць не толькі прадуктовы магазін з аднайменнай назвай, але і залы для правядзення розных урачыстасцей, месцы для адпачынку. У аграгарадку знаходзіцца і царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Юлія Плуцэнік, старшыня Чарнянскага сельвыканкама:
— Чарняны маюць свой гістарычны летапіс. У 1892-1905 гадах тут дзейнічаў завод па вытворчасці шкла і крышталю. У розны час на ім выпускалі аконнае і ліставое шкло, бутэлькі, шкляны посуд і крыштальныя вырабы.
У некаторых жыхароў вёскі і сёння на сталах можна ўбачыць старадаўнія гранёныя чаркі і шклянкі, якія некалі выпускаліся на мясцовым шклозаводзе. Як сведчаць архіўныя дадзеныя, рабочыя завода былі працавітымі і прыстойнымі людзь­мі. Гэтая якасць – працавітасць — перадаецца ў жыхароў Чарнян з пакалення ў пакаленне, і сёння тут жывуць сапраўдныя працаўнікі.
Аграгарадок – цэнтральная сядзіба СВК “Чарняны”. З трох малочнатаварных фермаў, якія ёсць у гаспадарцы, самая вялікая, на 800 галоў, знаходзіцца ў в. Горы. Тут занята большасць работнікаў сельгаскааператыва, таму менавіта ў Горах будуецца больш за ўсё жылля. Толькі за 2008 – 2009 гады ў СВК было зда­дзена ў эксплуатацыю 10 дамоў прысядзібнага тыпу, а з 2005 года ў гаспадарцы справілі наваселле 40 сямей.
Міхаіл Перкавец, старшыня СВК “Чарняны”:
— Наша аграпрадпрыемства спецыялізуецца на вырошчванні зерневых культур, вытвор­часці малака і мяса. У нашым кааператыве працуе 120 чалавек. Менавіта будаўніцтва дамоў дапамагло нам вырашыць жыллёвую, а разам з тым і кадравую праблему. Жыллё мы даем усім, хто ў ім мае патрэбу, у тым ліку спецыялістам невытворчай сферы. Скажам, летась домік атрымаў фельчар ФАПа, малады спецыяліст, які забяспечвае медыцынскае абслугоўванне сяльчан, у тым ліку работнікаў кааператыва і іх дзяцей.
У 2006 годзе вёска Чарняны была газіфікавана, і сёння аграгарадок “Чарнянскі” з’яўляецца адным з самых перспектыўных населеных пунктаў раёна. Сюды едуць жыць і працаваць спецыялісты з іншых раёнаў вобласці, а таксама з суседняй Украіны. Аграгарадок размешчаны ў вельмі зручным месцы – на трасе Мінск-Кобрын-граніца Украіны. З Чарнян лёгка дабрацца не толькі ў райцэнтр, але і ў абласны цэнтр, а таксама ў іншыя гарады суседніх раёнаў.
У апошні час Чарняны памаладзелі. У аграгарадку часта святкуюць вяселлі. Амаль што кожны месяц радуюцца нараджэнню дзяцей. Ужо сёння ў мясцовай школе навучаюцца 135 хлопчыкаў і дзяўчынак, запоўнены і дзіцячы сад на 35 месцаў.
Таццяна Баброўская, дырэктар Чарнянскай сярэдняй школы:
— У 2011 годзе наша школа адзначыць 35-годдзе. З першага дня свайго існавання яна не толькі вучыла дзяцей, але і выхоўвала ў іх любоў да спорту, фізічнай культуры. Спартыўныя традыцыі, якія былі закладзены настаўнікам фізкультуры Іванам Міхайлавічам Ігнацю­ком, працягваюць сён­няшнія школьнікі. 34 гады аддаў фізічнаму выхаванню чарнянскіх вучняў Віктар Грыгор’еў. За гэтыя гады ён падрыхтаваў больш чым 20 спартсменаў, імёны якіх сёння вядомыя далёка за межамі раёна і вобласці. Гэта Васіль Іванюк, дырэктар рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі адзінабор­цаў, Андрэй Чырук, майстар спорту па­жарна-прыкладнога адзінаборства, Віктар Кулічык, кандыдат у майстры спорту, Сяргей Клебановіч, майстар спорту афіцэрскага мнагабор’я, Валянціна Клебановіч, майстар спорту па лёгкай атлетыцы і інш. Дзякуючы гэтаму вялікаму энтузіясту, яго любві да дзяцей, фізічнай культуры і спорту, школа кожны год займае прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе сярод школьнікаў.
Сёння калектыў школы можа ганарыцца добрай паспяховасцю вучняў. У 2009 годзе працэнт паступлення склаў 75%. Нярэдка нашы выпускнікі, атрымаўшы прафесію педагога, вяртаюцца на работу ў родную школу. Палова цяперашняга складу настаўнікаў – учарашнія выпускнікі школы.
Калі моладзь вяртаецца ў родную вёску, гэта паказчык таго, што тут ёсць умовы для жыцця і работы.
Час ставіць перад кіраўнікамі СВК і сельвыканкама задачы па далейшым умацаванні матэрыяльнай базы гаспадаркі і развіцці комплексу сацыяльнай інфраструктуры аграгарадка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!