“Музейшчык” з Мельнік

У пачатку снежня 2016г. 70-гадовы юбілей адзначыў Пётр Іванавіч Ківачук, ветэран педагагічнай працы, настаўнік-практык, выдатнік асветы БССР (1983г.), настаўнік-метадыст (1988г.), які 51 год сеяў разумнае, добрае, вечнае ва ўстановах адукацыі Маларытчыны.

Педагагічны шлях Пятра Іванавіча цесна звязаны з Мельніцкай базавай школай, дзе яскрава раскрыўся яго талент як выдатнага настаўніка, дарадцы і сябра вучняў. Ды і калегі заўсёды маглі абаперціся на яго надзейнае плячо, звярнуцца за парадай, дапамогай, падтрымкай. А яшчэ П.І.Ківачук вядомы ў раёне як арганізатар і стваральнік гісторыка-края­знаўчага музея школы. Ім Пётр Іванавіч загадваў 36 гадоў. За гэты час музей наведала больш за 8 тысяч чалавек. На экскурсіях пабывалі прадстаўнікі не толькі Брэстчыны, але і іншых рэгіёнаў краіны. У кнізе наведванняў – запісы-падзякі ад жыхароў Масквы, Ленінграда, Кіева, Варонежа, Ніжняга Ноўгарада, Новасібірска, Валгаграда, Белай Царквы…
Адкрыўся музей 18 мая 1980г. У гэты дзень на базе Мельніцкай школы прайшоў злёт партызанаў атрадаў імя Жукава і Варашылава. Аднак і пазней музей быў месцам сустрэчы ўдзельнікаў вайны. Напрыклад, у 1981г. у школе прайшоў злёт былых воінаў 75-й стралковай дывізіі, якая вяла баі з немцамі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Маларыцкага раёна. Памятным стаў і 1984г., калі на базе Мельніцкай школы прайшоў злёт воінаў 38-й гвардзейскай Лазоўскай стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел у вызваленні Маларыцкага раёна ў 1944г. У музеі і цяпер традыцыйна праводзяцца сустрэчы з ветэранамі вайны, экскурсіі для вучняў школ раёна, шматлікіх гасцей.
Цяпер у музеі Мельніцкай базавай школы 7 экспазіцый: “Гісторыя ўзнікнення вёскі і яе развіццё да 1941 г.”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і бой ля вёсак Мельнікі і Хаціслаў 25.06.1941 г.”, “Партызанскі рух у Маларыцкім раёне і ўдзел у ім жыхароў вёсак Мельнікі і Хаціслаў”, “Аперацыя савецкай разведкі 14 мая 1944 г. па выратаванні і адпраўцы ў Маскву польскай дэлегацыі на сустрэчу са Сталіным”, “Нашы аднавяскоўцы – удзель­­нікі вызвалення Еўропы ад фашызму”, “Трагедыя партызанскіх сем’яў”, “Гісторыя Мельніцкай школы: 1884-2016 гг.” Як бачым, асноўнае месца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Мельніцкай базавай школы займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Цікавасць да яе падзей з цягам часу не змяншаецца. Аб гэтым сведчаць экскурсіі, якія яшчэ і цяпер праводзіць Пётр Іванавіч Ківачук. Важным звяном работы школьнага музея таксама з’яўлялася і з’яўляецца пошукавая работа па выяўленні захаванняў былых воінаў і іх перазахаванне.
Пётр Іванавіч Ківачук закончыў Маларыцкую сярэднюю школу, паступіў ву­чыцца ў авіяцыйнае радыётэхнічнае вучылішча ў г.Даўгаўпілс. Аднак аса­бістыя абставіны склаліся так, што неўзабаве давялося “кінуць” вучобу, вярнуцца дадому і ўладкавацца на працу паштальёнам. Свой педагагічны шлях Пётр Іванавіч Ківачук пачынаў настаўнікам фізічнай культуры Арэхаўскай школы ў 1965г., калі паступіў вучыцца на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Затым ён пра­цаваў настаўнікам пачатковых класаў Хаціслаўскай школы. Некаторы час выкладаў гісторыю ў гэтай жа ўстанове адукацыі. А з 1969г. стаў працаваць настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Мель­ніцкай школе. У гэтай установе адукацыі Пётр Іванавіч Ківачук нязменна працаваў да 2016г.
Цікавасць да гісторыі з’явілася ў яго ў дзяцінстве. У значнай ступені гэтаму спрыялі ўспаміны бацькі – Івана Сямёнавіча Ківачука, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удзельніка баёў за вызваленне Польшчы.
Для многіх пакаленняў вучняў в.Мельнікі школьныя ўрокі Пятра Іванавіча Ківачука сталі сапраўднымі ўрокамі мужнасці, патрыятызму… Многія вучні, дзякуючы асабістаму прыкладу Пятра Іванавіча, выбралі ваенныя прафесіі, сталі настаўнікамі гісторыі. Ця­пер ён падтрымлівае су­вязі з многімі сваімі выпускнікамі.
На працягу многіх гадоў Пётр Іванавіч Ківачук таксама актыўна супрацоўнічаў з Маларыцкім райваенкаматам, дапамагаў устанавіць месцы пахавання байцоў, якія загінулі ў гады вайны. Пётр Іванавіч Ківачук знайшоў уладальніка ордэна Чырвонай Зоркі, страчанага ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Хаціслаўскага сельсавета. Ва ўрачыстай абстаноўцы яго сын, Сяргей Пятровіч Іваненка, са сваёй жонкай атрымалі ўзнагароду бацькі ў 2015г. у Мельніцкай базавай школе.
За сваю плённую і шматгадовую працу настаўнік быў неаднаразова адзначаны рознымі ўзнагародамі, у тым ліку — Ганаровай граматай Цэнтральнага камітэта Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Мо­ладзі, Міністэрства асветы БССР, медалямі. Таксама Пётр Іванавіч Ківачук мае бронзавы медаль пад нумарам 1 “Лепшаму прапагандысту”, які ў 1979г. яму асабіста ўручыў Пётр Міронавіч Машэраў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Пётр Іва­навіч Ківачук (унізе ў цэнтры) падчас пошукавых раскопак астанкаў салдат Вялікай Айчыннай вайны на месцах баёў у Хаціслаўскім сельсавеце, 2016г.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 3 от 11.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


e-kirpich.kiev.ua

узнать больше poliv.ua

www.profvest.com