Ад бабра – чакаць дабра?..

Суседства людзей і баброў не заўсёды добрае. “Бу­даўнічыя” планы гэтых жывёлін рэдка супадаюць з інтарэсамі апошніх, якім, у выніку, даводзіцца засцерагаць сваю маёмасць ад вострых зубоў грызуна. Калі ў нашым раёне часцей паступаюць паведамленні аб тым, што бабры арудуюць у лесе, побач з вадаёмамі, на меліярацыйных каналах, наносяць шкоду мастам і дарогам,  дык у іншых рэгіёнах краіны бабры селяцца непасрэдна ў вёсках і тэрарызуюць мясцовых жыхароў. Хаця і на Маларытчыне былі выпадкі, калі фермеры звярталіся за дапамогай да паляўнічых, каб пазбавіцца ад назойлівых жывё­­лін-”інжынераў”, якія знішчалі іх сады.

Не так даўно бабра лічылі рэдкай жывёлінай. Для ўзнаўлення віду стваралі нават заказнікі. Але цяпер папуляцыі бабра ні­чога не пагражае. Наадварот, разумная рэгуляцыя колькасці гэтых жывёлін проста неабходная. Інакш “зубастыя інжынеры” запаланяць усе тэрыторыі, пры­годныя для іх жыцця. А гэта рэчкі, тэхнічныя вадаёмы, ме­лія­рацыйныя каналы, невялікія ручаі. Нагадаем, што бабры выключаны з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі, цяпер яны аднесены да разраду паляўнічых. Функцыі ўліку і адлову баброў ускладзены на Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Як расказалі ў Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры БТПР, па правілах, на бабра можна паляваць з 1 верасня па 31 сакавіка і толькі ў светлы час сутак. Цяпер у раёне ў сярэднім налічваецца каля 230 баброў. Дакладна падлічыць іх, зразумела, немагчыма. Спецыялісты раённай структуры аналізуюць іх папуляцыю, колькасць па­сяленняў, уваходаў і выхадаў з нор, аб’ёмы нагрызенай кары і іншыя відавочныя фактары падліку. Па спецыяльнай формуле выводзіцца ліміт здабычы жывёлы, перавышаць які забаронена, каб зноў, як у савецкія часы, не прывесці да знішчэння баброў як віду жывёл.
— За сезон 2016-2017гг. у нашым раёне можна здабыць 74 баброў. Летась колькасць гэтых жывёлін у раёне была большай, таму адлавіць дазвалялася 100 асобін. Для гэтых мэт раённая структура выдала 100 ліцэнзій. Дарэчы, каб адстрэльваць бабра, паляўнічы павінен мець пасведчанне на права палявання і пуцёўку, набыць якую можна ў раённай арганізацыйнай структуры БТПР. Аднак, бабёр – жывёліна хітрая, таму адлоў яе вядзецца не толькі ружэйным спосабам, але і з дапамогай пастак. У гэтым паляўнічым сезоне ўжо выдадзена 42 дазволы на адлоў бабра 22 паляўнічым, — каменціруе Сцяпан Нікалайчук, дырэктар Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.
Спецыялісты сцвярджаюць, што павелічэнне колькасці баброў можа нанесці істотную шкоду нашым лясам, сельгасугоддзям, дарогам. Бабры руйнуюць дамбы, ствараюць запруды. З-за іх актыўнай будаўнічай дзейнасці затопліваюцца каштоўныя леса­пасадкі, захламляюцца лясы. Таксама абцяжарваецца іх праходнасць. Немалая шкода і ад несанкцыянаваных “высечак” лесу бабрамі. Асабліва ім даспадобы дрэвы з сакавітай і тоўстай карой, напрыклад, асіны, таполі. А апетыты ў звяркоў сур’ёзныя: каб паваліць асіну дыяметрам 5-7 сантыметраў, бабру дастаткова 5 хвілін, а дрэва дыяметрам 40 сантыметраў валіць і раскрыжоўвае ён за ноч. Таму да раніцы на месцы “працы” звярка застаецца толькі голы пянёк і кучка стружкі.
Нямала праблем ствараюць бабры і дарожнай гаспадарцы. Гэты хітры звярок будуе сваё жыллё побач з дарогамі, капае норы на праезнай частцы, пад інжынернымі збудаваннямі, тым самым стварае аварыйныя сітуацыі на дарогах.
— У год па 6-7 разоў нам даводзіцца ліквідоўваць катлаваны на дарогах, якія з’явіліся з-за “будаўнічай” дзейнасці баброў. Змагацца з імі не ў нашай кампетэнцыі, прадбачыць, дзе ў чарговы раз яны зробяць падкопы, мы таксама не можам. Аб тым, што дарога пашкоджана бабрамі, мы даведваемся, толькі выехаўшы на мясцовасць, ці калі людзі паведамляюць нам аб праблемных участках. Магу сказаць, што асабліва актыўна “арудуюць” бабры на дарогах у арэхаўскім накірунку, — расказвае начальнік ДРБУ-179 Аляксандр Бурштын.
Узнікае пытанне, чаму жывёліна, якая раней засяляла ў асноўным забалочаныя ўчасткі нашай краіны, глыбінку, дзе рэдка ступала нага чалавека, раптам так наблізілася да населеных пунктаў?
— Адказ на паверхні. Бабры селяцца там, дзе для іх ёсць кармавая база. Калі меліярацыйныя каналы забруджаны, вадаёмы не дагледжаны, верагоднасць таго, што там паселяцца бабры, вельмі вялікая. Таму ў многім ад чалавечага фактара залежыць, ці прыйдуць бабры ў вёску. У савецкія часы, напрыклад, калі за кожным меліярацыйным каналам быў замацаваны работнік, які за ім даглядаў, бабры не сяліліся ў іх. Цяпер жа на 5-6 — кіламетровым канале жывуць па 2-3 сям’і баброў, — тлумачыць Сцяпан Нікалайчук.
Спрыяе павелічэнню папуляцыі бабра і той факт, што ў прыродным асяроддзі ў гэтай жывёліны не шмат ворагаў. Часам на бабра можа паляваць воўк, але іх у нашым раёне мала. І далёка не ўсім паляўнічым цікавы бабёр. Шкура яго цяпер каштоўнасці не ўяўляе. Некаторым падабаецца дыетычнае мяса гэтай жывёліны. Для фармацыі і парфумнай вытворчасці можа быць прыдатным бабровы струмень — рэчыва, якое вы­працоўваюць спецыяльныя пах­кія залозы звяркоў. Бабровы струмень выкарыстоўваецца пры вы­творчасці мазяў і парашкоў, з дапамогай якіх можна лячыць шматлікія хваробы. Гэтае рэчыва выкарыстоўваюць і для вытворчасці духоў.
На самой справе, нельга сцвярджаць, што бабры сваёй жыццядзейнасцю прыносяць толькі шкоду прыродзе і лю­дзям. Калі задумацца, і мы, людзі, не заўсёды нясём карысць для сваёй планеты. Бабры, будуючы свае плаціны, ствараюць умовы для жыцця многіх відаў птушак, рыб, садзейнічаюць развіццю заліўных лугоў і росту дрэў, а яшчэ ачышчаюць вадаёмы. Разумная рэгуляцыя папуляцыі баброў важная для добрасуседскіх узаемаадносін жывёл з чалавекам. Але захаваць гэты від – наш абавязак.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымках: работа баброў.
Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 3 от 11.01.17 г.

Добавить комментарий


cialis-viagra.com.ua/kamagra/kamagra-soft

www.pills24.com.ua

алиэкспресс часы женские
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!