“Стаханаўка” дадатковай адукацыі

Не адзін год праляцеў з таго ча-су, а перад вачамі Алы Шабогінай, культарганізатара вышэйшай квалі-фікацыйнай катэгорыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дагэтуль яскрава паўстае адзін незабыўны, яркі малюнак дзяцінства.

— Як ні дзіўна,  але памятаю яго дакладна, — усміхаецца Ала Мікалаеўна. – Колькі было гадоў мне? Цяжка сказаць, але не больш за пяць. Сонечны цёплы дзень. Я ў летняй лёгкай квяцістай сукенцы са стужкаю ў руках. Пад яблыняй сядзіць мужчына і іграе на гармоніку. Вакол сабраўся гурт людзей. Нечакана незнаёмец спыніў ігру і неяк незвычайна спытаў: “Можа, станцуеш, Алачка?” У знак згоды я кіўнула галавой. Паліліся вясёлыя гукі музыкі, і я стала кружыцца, узмахваць рукамі.  Незнаёмы перастаў ужо іграць, а я яшчэ ўсё кружылася, кружылася… Потым мяне аклікнуў голас матулі: “Хопіць ужо, дачушка!” Яна падышла да мяне, узяла за руку і дала цукерку. Тады і вырашыла, што сваё жыццё звяжу са сцэнай.

Нешта з задуманага ў маленстве ў жыцці Алы Мікалаеўны не збылося, а штосьці знайшло рэальнае ўвасабленне.
Пасля заканчэння СШ №2 г.Маларыта Ала Шабогіна нечакана вырашыла стаць бібліятэкарам.
— Не, я сваёй мары не здрадзіла, — прызнаецца Ала Мікалаеўна. – Выпадкова неяк гэта атрымалася. У Беларускі ўніверсітэт культуры на бібліяграфічную справу паступала мая лепшая школьная сяброўка Таццяна Крысіна (цяпер загадчык Маларыцкай дзіцячай бібліятэкі). Яна мяне здолела ўгаварыць падаць туды разам дакументы. Але так атрымалася, што я не паступіла.
Каб не марнаваць год, Ала Шабогіна вырашыла ўладкавацца куды-небудзь на працу. Дапамагла цётка Любоў Апанасаўна Чырук. Якраз тады яна, дырэктар Ужоўскага СДК, пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Аддзел культуры шукаў на яе месца чалавека. Цётка параіла пляменніцы паспрабаваць свае сілы. Ала Шабогіна, падумаўшы, прыслухалася да слоў Любові Апанасаўны і згадзілася.
— Так я і стала дырэктарам сельскага Дома культуры. Справа, якой займалася, вельмі падабалася. Шмат мерапрыемстваў праводзіла. Бралася за ўсё. Многае выдатна атрымлівалася. Мяне перапаўнялі самыя розныя ідэі, якія хацелася ажыццявіць ці не ў той самы момант, калі ўзніклі. Праца прыносіла маральнае задавальненне. Але я разумела: неабходна, каб была спецыяльная адукацыя. Таму праз год паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Мне так хацелася набыць спецыяльнасць, звязаную з танцамі. У Доме піянераў у Маларыце ў час майго дзяцінства былі розныя гурткі. Я наведвала лялечны, мяккай цацкі, вязання… А танцавальнага гуртка не было. І гэта мяне вельмі засмучала. Я запамятала назаўсёды словы мамы, якая некалі сказала, што любы талент трэба пастаянна развіваць і ўдасканальваць.
Студэнцкія гады былі творчымі, вясёлымі, цікавымі, насычанымі сустрэчамі з вядомымі ў краіне людзьмі. У вучылішчы канчаткова сфарміравалася ўпэўненасць у тым, што жыццёвы лёс неабходна звязаць з дзецьмі і танцамі. Але як гэта аб’яднаць у адно цэлае, Ала Мікалаеўна пакуль не ведала.
Пасля заканчэння вучобы Ала Шабогіна атрымала дыплом з адзнакай па спецыяльнасці “Арганізатар культурна-за­баў­ляльнай дзейнасці. Кіраўнік самадзейнага харэаграфічнага калектыву”. На першае месца працы малады спецыяліст паехала ў Маларыту. У ГДК адразу прапанавалі пасаду балетмайстра.
— Гэта было трошкі не тое, што ўяўляла, чым мне хацелася займацца. Некаторы час я шукала сябе. Практыкі набіралася ў вопытных калег.
Крыху пазней Ала Мікалаеўна перайшла на працу ў Дом піянераў г.Маларыта. Дырэктар Ніна Алесіюк запрасіла працаваць кіраўніком танцавальнага гуртка і культарганізатарам.
— Гэта было якраз тое, чаму вучылася, — кажа Ала Мікалаеўна.- Я ўпэўнілася, што танец, як сапраўднае мастацтва, надае сілы, натхненне, жаданне жыць цікавей. Танец для мяне — гэта своеасаблівае асяроддзе, дзе жыву, якім дыхаю, з якога чэрпаю ідэі і ўвасабляю іх на сцэне. І вось ужо 20 гадоў займаюся любімай справай. Я імкнуся дапамагчы дзецям паказаць сябе, а бацькам — убачыць талент свайго сына ці дачкі.
Каб павысіць свой прафесійны ўзровень, майстэрства, каб адпавядаць патрабаванням часу, паспяхова выконваць пастаўленыя перад дадатковай адукацыяй дзяцей і моладзі задачы, Ала Шабогіна закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна.
— Жыццё ў педагагічнай прафесіі — гэта нястомная праца душы, — пераканана Ала Мікалаеўна. — Я цвёрда ўпэўнена, што чалавеку нельга спыняцца на дасягнутым. Ён павінен пастаянна вучыцца, не замыкацца ў сабе, самаўдасканальвацца. Тады поспех абавязкова прыйдзе. Я прытрымліваюся думкі: рабі тое, што заслугоўвае ўзнагароды, але не чакай яе.
За час сваёй педагагічнай дзейнасці Ала Шабогіна атрымала шмат узнагарод рознага ўзроўню. Яе старанні і майстэрства адзначаны, напрыклад, дыпломамі рэспубліканскага агляду-конкурсу дзядуль Марозаў і Снягурак “Ёлка Фэст”, рэспубліканскага конкурсу гульнёвых праектаў “Гуляюць дзеці – гуляем мы” (2013г., намінацыя “За выкарыстанне этнапедагогікі ў гульнёвай праграме”, праграма “Сказ пра Маларытчыну”; 2014г., праграма “Мэры Попінс вяртаецца”). Акрамя таго, Ала Шабогіна заняла І месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую сцэнарную распрацоўку навагодняй конкурсна-гульнёвай праграмы “Чароўны гадзіннік, ці Навагоднія прыгоды Бураціна” (2016г.). Ала Мікалаеўна заўсёды рыхтуе арыгінальныя гульнявыя праграмы з цудоўным мастацкім і музычным афармленнем, пастаянна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі па актуальных і надзённых пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Багаты матэрыял назапашаны ў яе па тэмах: “Выхаванне ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці”, “Гульня як сродак сацыялізацыі школьнікаў падчас правядзення культмасавых мерапрыемстваў”, “Роля масавых мерапрыемстваў у сістэме грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў”, “Прапаганда здаровага ладу жыцця”.
— Адкуль чэрпаеце сілы для працы?
— Іх, як і ўпэўненасць, дадаюць сям’я, калегі, любімая работа. Нельга апускаць рукі перад часовымі цяжкасцямі. Вельмі многае ў жыцці залежыць ад нас саміх.
* * *
…Я пераглядаю яшчэ раз фотаальбом Алы Шабогінай. На фотаздымках, дзе застыла гісторыя педагагічнай дзейнасці жанчыны за 20 гадоў, яна заўсёды з дзецьмі і абавязкова з усмешкай на вуснах.
Сёння Алу Мікалаеўну некаторыя калегі, жартуючы, называюць стаханаўкай. Да яе асобы падыдуць і многія іншыя характарыстыкі. Аднак за ўсім гэтым на першае месца ўсё роўна выйдуць галоўныя якасці Алы Шабогінай – чалавечнасць, талент, тактоўнасць і неймаверная працавітасць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ала Шабогіна, культарганізатар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з дзецьмі ў час канцэрта.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 4 от 14.01.17 г.

Добавить комментарий


читайте здесь kapli.kiev.ua

best-cooler.reviews

www.ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!