Зіма і сонца – дзень цудоўны!

Студзень гэтага года паспеў парадаваць ужо сапраўдным зімовым надвор’ем. Мароз, сонца, скрыпучы снег… Для некаторых студзень — гэта самая спрыяльная пара адпачынку. Таму многія маларытчане, каб весела і з карысцю для здароўя правесці вольны час, выбіраюць актыўны адпачынак. Зразумела, што для яго патрэбны лыжы, канькі… Але нават калі іх і няма дома, то можна ўзяць напракат, напрыклад, у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.
— 8 студзеня ў гарадскім парку мы залілі адну пляцоўку для катання на каньках памерам 20 на 40 метраў, — гаворыць Мікалай Бойка, дырэктар установы, — а 9 студзеня падрыхтавалі яшчэ адну пляцоўку на адкрытым вадаёме памерам 15 на 30 метраў.

Таму месца хопіць усім, хто жадае актыўна правесці свой вольны час.
ДЮСШ напракат можа прапанаваць адначасова 43 пары канькоў памерамі з 33-га па 46-ы ўключна. Пакатацца на каньках на залітых пляцоўках можна штодзень з 10.00 да 21.30. Кошт памяркоўны: 3 рублі за адну гадзіну ці 1 рубель 50 капеек – за паўгадзіны. Работнікі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы дапамагаюць аматарам канькоў, пры неабходнасці, вызначыцца і з іх памерам. Уваход жа на лёд наогул свабодны. Пік наведвання ў першыя дні назіраўся пасля 17.00. На каток у пераважнай большасці прыходзілі дзеці ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. А вось самі бабулі і дзядулі, так, як і бацькі, сваіх унукаў і дзяцей прыводзілі на каток і проста назіралі. Усе наведвальнікі, наездзіўшыся, пакідалі лёд з цудоўным настроем і шчырымі ўсмешкамі на тварах.
Як паведамілі ў ДЮСШ, за першыя 3 дні за пракат канькоў атрымана больш за 450 рублёў. Між іншым, пляцоўкі ў гарадскім парку аднаўляюцца два разы на суткі – вечарам і ранкам. А гэта далёка не лёгкая справа, бо неабходна зрабіць лёд “чыстым” і ідэальна гладкім. Якасць маларыцкіх каткоў наведвальнікі ацэньваюць на «выдатна».
У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе напракат таксама можна ўзяць і лыжы. Праўда, гэтая паслуга ў маларытчан пакуль што асобай папулярнасцю не карыстаецца. Лыжы выбіраюць людзі старэйшага ўзросту. За гадзіну пракату пары пластыкавых лыж з чаравікамі неабходна заплаціць 5 рублёў. У наяўнасці ёсць лыжы памерамі з 36-га па 44-ы.
…Залітыя каткі ў гарадскім парку Маларыты не пустуюць і прыносяць шмат радасці, задавальнення, весялосці і дадаюць прыгожы здаровы румянец на шчокі яго наведвальнікаў.
Не ўпусціце шанц праехацца з ветрыкам на каньках ці лыжах!
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: на лядовым катку ў гарадскім парку Маларыты.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 5 от 18.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://ka4alka.com.ua

ссылка unc-mps.com.ua

на сайте