Дзясятка надзейных

Кожны з мужнай дзясяткі вырата­вальнікаў мог бы стаць героем асобнага нарыса. Бо прафесійная біяграфія кожнага напоўнена фактамі адважнага служэння абранай раз і назаўжды справе. Аб’ядноўвае ўсіх больш за 20 гадоў службы ў падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У кожнага ў багажы прафесійнага вопыту ліквідацыя соцень пажараў, выратаванне людзей, выхаванне на сваім прыкладзе надзейнай змены. Гэтыя людзі смелыя і рашучыя ў “баявых” буднях, надзейныя і адданыя дому і сям’і ў жыцці па-за службай, таму што добра ведаюць цану чалавечага жыцця.

У 1996 годзе ў вае­ні­за­ваную пажарную службу раёна прыйшоў старшы лейтэнант Мікалай Дубач. Пачынаў сваю дзейнасць начальнікам каравула. 196 выездаў на пажары, 5 выратаваных жыццяў пакінулі немалы вопыт, загартавалі характар. Вось ужо 10 гадоў Мікалай Паўлавіч узначальвае раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Прымаць правільныя рашэнні, беспамылкова ацэньваць сітуацыю дапамагаюць яму асабістыя практычныя навыкі. У ліку многіх заслужаных узнагарод, якія атрымліваў Мікалай Дубач за 20 гадоў службы, медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені. Ён – сведчанне вернасці справе выратавальніка.
У кожнага чалавека ёсць свае асабістыя рэкорды. У старшага прапаршчыка Мікалая Клюнчыка, камандзіра аддзялення аварыйна-выратавальнага паста вёскі Макраны, яны звязаны са справай, якой служыць ён ужо два дзясяткі гадоў. На рахунку выратавальніка ўдзел у 272 пажарах, ён выратаваў 9 ахвяр агню. Летась Мікалай Мікалаевіч быў прызнаны лепшым выратавальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яго прафесійная інтуіцыя, навыкі тушэння пажару з’яўляюцца сапраўдным майстэрствам. Не выпадкова ў ліку нямногіх ён мае ўзнагароду – медаль “За бездакорную службу”.
Такой жа ўзнагароды ўдастоены і Сяргей Дайнека. Яго працоўная біяграфія напрамую звязана з гісторыяй заснавання ваенізаванай пажарнай службы. Вось ужо 23 гады ён умела водзіць пажарную машыну і выдатна спраўляецца са сваёй задачай – трымаць тэхніку ў баявой гатоўнасці і хутка дастаўляць каманду на месца надзвычайнага здарэння. Спецыфіка прафесіі вадзіцеля пажарнай машыны ў тым, што кіраваннем тэхнікі абавязкі не абмяжоўваюцца, а даводзіцца разам з іншымі ўступаць у бой са стыхіяй. На рахунку Сяргея Мікалаевіча ўдзел у тушэнні 294 пажараў, пры яго дапамозе выратавана 6 чалавек.
Пажар лягчэй папярэдзіць, чым ліквідаваць. І каб своечасова прадухіліць бяду, трэба пільна сачыць за станам пажарнай бяспекі. Гэты прынцып ужо больш за два дзесяцігоддзі стараецца данесці да кіраўнікоў і адказных асоб на ўсіх аб’ектах раёна першы намеснік начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоль Нікіцюк, які з’яўляецца таксама начальнікам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду. У дзейнасць інспекцыі ўваходзяць такія задачы, як прафілактыка і дазнанне. Своечасова заўважыць праблему, а калі здараецца пажар, дакладна высветліць яго прычыну, дапамагаюць Анатолю Іванавічу вопыт і веды. А ўмелая прафілактычная работа садзейнічае значнаму змяншэнню ў раёне колькасці пажараў.
Пажарны аварыйна-вы­ратавальны пост у вёсцы Гвозніца вось ужо 21 год з’яўляецца месцам службы камандзіра аддзялення Сяргея Бурштына. У гэтага падраздзялення адзін з самых вялікіх раёнаў выезду, а значыць заўжды трэба быць у гатоўнасці. 127 пажараў, 1 выратаванае жыццё… Для Сяргея Іванавіча гэта не проста лічбы статыстыкі. Гэта тыя будні прафесіі, у якіх неаднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём. Гэта яго справа, якую выратавальнік лічыць сапраўды мужчынскай.
Адказны ў рабоце, спрытны ў спорце. Менавіта так характарызуюць калегі ка­мандзіра аддзялення аварыйна-выратавальнага паста вёскі Чарняны Віталя Самалюка. Прафесіяналу, абавязак якога — прыходзіць на дапамогу людзям у самых складаных, небяспечных для жыцця сітуацыях, трэба заўжды быць у форме. І ў гэтым выратавальніку-пажарнаму дапамагае бег. З Віталем Васільевічам, выдатным марафонцам, цяжка зраўнавацца. Ён неаднаразовы пераможца спартыўных спаборніцтваў. Удзельнічаў у ліквідацыі 164 пажараў.
У 1995 годзе ў падраз­дзяленне Макранскага па­жарнага аварыйна-выратавальнага паста прый­­шоў працаваць вадзіцелем Сяргей Самасюк. На яго прафесій­ным рахунку 154 выезды на пажары. Але Сяргей Аляксеевіч, як адзначае кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях, ўмела спраўляецца не толькі з кіраваннем аўтамабілем і тушэннем пажараў. Ён яшчэ віртуоз у рабоце з бензапілой. Яго ўменне валодаць інструментам выручае ў самых складаных сітуацыях, калі трэба аказаць дапамогу насельніцтву ў спілоўванні аварыйных дрэў. А творчы падыход дапамагае ствараць з дрэва цудоўныя рэчы, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю паста.
Залатыя рукі і ў непасрэднага калегі Сяргея Самасюка – вадзіцеля Макранскага паста Анатоля Мікалаевіча Нікіцюка. Дзякуючы яму пажарны аўтамабіль знаходзіцца ў ідэальным стане, а многія рацыяналізатарскія прапановы дапамаглі ўда­сканаліць тэхніку, зрабіць яе ўніверсальнай. Анатоль Нікіцюк – удзельнік тушэння 141 пажара. Умелы, рашучы, надзейны – так характарызуюць яго ў калектыве.
Падтрымліваць баявую гатоўнасць пажарна-тэх­нічнага ўзбраення, каб асабісты састаў падраз­дзялення, выконваючы няпростыя задачы, быў заўжды абаронены – з гэтай і мно­гімі іншымі задачамі больш за 20 гадоў умела спраўляецца камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста в. Чарняны Сяргей Скрашчук. Сам ён – удзельнік ліквідацыі 71 пажара. А значыць за плячыма немалы вопыт, які дапамагае знайсці правільнае рашэнне ў любой складанай сітуацыі.
Сваю працоўную бія­графію Вячаслаў Гадзецкі пачынаў у пажарнай ава­рыйна-выратавальнай часці № 1 са спецыяльнасці ра­дыётэлефаніста. Але любоў да тэхнікі ўзяла верх, Вячаслаў Анатольевіч стаў вадзіцелем. А з 2008 года быў назначаны старшым вадзіцелем і з таго часу адказвае за гатоўнасць да выезду па трывожнаму сігналу і тэхнікі, і вадзіцеляў усіх падраздзяленняў аддзела. Сам вадзіцель-выратавальнік неаднойчы прыходзіў на дапамогу людзям. Ён удзельнічаў у тушэнні 121 пажару, пры яго дапамозе выратавана з агню 4 чалавекі. А яшчэ Вячаславу Гадзецкаму ўдзячны дзясяткі жыхароў не толькі раёна, што заблудзіліся ў лесе, але і вобласці — тыя, каго ён у цёмны час сутак адшукаў, каб паказаць дарогу дамоў. За свае заслугі старшы вадзіцель узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік”.
У кожнага з гэтай дзясяткі надзейных людзей свой шлях у прафесію. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адна важная справа, дэвіз якой: “Прафесіяналізм, гонар і адвага!”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дзясятка надзейных.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубліковано ГЧ № 5 от 18.01.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!