Навагоднія Рахіль і Ксенія

Калі ў сям’і з’яўляюцца дзеці, больш становіцца клопатаў і знікае спакой. Але шчасце падарыць жыццё, каштоўнейшы дар лёсу, дае бацькам новы імпульс. Звычайны ход падзей змяняецца, аднак кожны пражыты дзень напаўняецца асаблівым сэнсам. Першае студзеня 2017 года для дзвюх сем’яў з Маларыты стала не проста святочным, але і хвалюючым, важным. У гэты дзень з’явіліся на свет дзяўчынкі Рахіль і Ксенія. Яны і адкрылі лік першынцаў года ў нашым горадзе.
Роўна ў 14 гадзін пачула першы крык свайго дзіцяці Юлія Ермаліцкая. У гэты час яе муж Веніямін не знаходзіў сабе месца ад хвалявання. Дзяўчынка вагой 2440 грамаў і ростам 47 сантыметраў, на думку маладых бацькоў, самы важкі падарунак ў іх жыцці. Маленькая Рахіль, а менавіта такім рэдкім імем тата з мамай назвалі дзяўчынку, — першае дзіця ў сям’і Ермаліцкіх. Яе чакалі на 6 дзён пазней, але тое, што дачушка нарадзілася ў першы дзень года, сям’я лічыць добрым знакам.
— Новы год заўсёды падводзіць вынікі мінулага. 2016-ы быў для нас шчаслівым. І мы лічым вялікай радасцю, што Бог благаславіў нас, падарыўшы дзіця менавіта ў першы дзень года, — гаворыць Веніямін Ермаліцкі.
На здымкУ: Веніямін і Юлія Ермаліцкія з дачушкай Рахіль.

Дачушка, якой далі імя Ксенія, нарадзілася вечарам 1 студзеня ў сям’і Вольгі і Эдуарда Цяльновых. Цяпер у іх старэйшай дачкі ёсць сястрычка. Свята маладыя бацькі таксама планавалі адзначыць дома, але маленькая дачушка зрабіла нечаканы падарунак і нарадзілася ў 21 гадзіну 15 хвілін.
Цёпла і шчыра па традыцыі віншуюць бацькоў, у сем’ях якіх у першы дзень новага года нарадзіліся дзеці, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, аддзела ЗАГС, прадпрыемстваў нашага раёна. Маленькім грамадзянам яны прыносяць шмат падарункаў. Сёлета ў дамы шчаслівых мам і тат завіталі старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вадзім Шпетны, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын, начальнік аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама Наталля Камянчук, спецыяліст па маркетынгу ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Эла Пракапук.
— Заўсёды прыемна віншаваць з такімі шчаслівымі падзеямі. Цяпер Новы год для вас — двайное свята. Хочацца пажадаць дзяўчынкам моцнага здароўя, а вам цярплівасці і сіл, каб выгадаваць добрых людзей, — звяртаўся да маладых бацькоў Вадзім Шпетны.
— Сёлета органы ЗАГСа адзначаюць 100-гадовы юбілей. Вашы дзеці пачалі адлік юбілейнага года. І гэта вельмі знамянальна для нас, — адзначала, уручаючы падарункі, Наталля Камянчук. — Наперадзе шмат шчаслівых падзей, будуць і цяжкасці, але задача бацькоў — дапамагчы дзецям выбраць правільны шлях. А для гэтага трэба акружыць іх клопатам і цяплом, каб яны адчувалі сябе любімымі і абароненымі.
Падарункі маленькія жыхары раёна таксама атрымалі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”. А кансервавагароднінасушыльны камбінат уручыў бацькам дзіцячае харчаванне гандлёвай маркі “Таптышка”, якім з 4 месяцаў можна прыкормліваць малыша.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымкУ: падарункі прымае Вольга Цяльнова.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГ

Опубликовано ГЧ № 6 от 21.01.17 г.

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!