ЛЁС ПЕРШАГА ДЫРЭКТАРА

Усё ў гэтым жыцці не выпадковае. Не выпадкова я прыйшоў тым летам у родную Ляхавецкую школу і не выпадкова заўважыў на адным са стэндаў спіс дырэктараў школы. Першым у гэтым спісе быў Апанас Мікітавіч Гапановіч. Магчыма, я б і не звярнуў на яго ўвагі, калі б ён не быў цёзкам па прозвішчы маёй жонкі. І тут прафесійная цікавасць узяла верх над усімі бытавымі клопатамі. 

Як аказалася, у самой школе няма інфармацыі пра першага дырэктара, але мне параілі звярнуцца да педагогаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Адным з такіх быў добравядомы ў нашым раёне чалавек, Мікалай Іванавіч Пацяюк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мікалай Іванавіч успомніў першага дырэктара Ляхавецкай школы, але ведаў ён пра яго толькі тое, што жыве цяпер Апанас Мікітавіч у Кобрынскім раёне. А мая жонка таксама з Кобрынскага раёна. Вось і пачалі сыходзіцца нітачкі. Аказалася, што ў Кобрынскім раёне ў яе роднай вёсцы Дзівін жыве і Апанас Мікітавіч Гапановіч.
Праз тры тыдні я ўжо ішоў па вуліцах Дзівіна, загадзя дамовіўшыся аб сустрэчы з Апанасам Мікітавічам. Даведаўся, што Апанас Гапановіч даволі вядомы чалавек у родным Дзівіне. Многія яго ведаюць як прафесійнага краязнаўцу і майстра па пляценні кошыкаў. Вось і мяне ён чакаў як чалавека, зацікаўленага яго дзейнасцю. Але мне хацелася больш даведацца пра яго лёс.
У сям’і бацькоў Апанаса Гапановіча было трынаццаць дзяцей, а сам ён быў дванаццатым. З-за хвароб і голаду яшчэ ў дзіцячыя гады сямёра з іх памерла. І засталіся тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі.
— Жыць было нялёгка. Мясцілася наша сям’я ў маленькай хатцы з аднаго пакоя. Ён для нас быў і гасцінай, і дзіцячай, і кухняй.
Але цяжэй за ўсё нашаму герою было ўспамінаць гады вайны, магчыма, таму так мала ён пра яе і расказаў. Яго братоў і сясцёр забралі на фронт, і ў сям’і ён застаўся адзіным памагатым. У свае трынаццаць гадоў Апанас даўно забыў, што такое дзяцінства. У 1946 годзе ён заканчвае сямігодку (першы пасляваенны выпуск), а ў 1947 годзе ўладкаваўся ў Дзівінскі райспажыўсаюз бухгалтарам.
Бацька Апанаса Мікіта­віча быў веруючым чалавекам і хацеў, каб сын стаў святаром, але лёс распарадзіўся інакш. Апанасу Мікітавічу прапанавалі стаць настаўнікам. І ўсё было б добра, толькі для таго, каб паступіць, трэба было даехаць да Брэста, а машын тады ў Дзівіне было зусім мала, нягледзячы на тое, што гэта быў раённы цэнтр. Дапамог Апанасу Мікітавічу выпадак.
— Быў гэта жнівень, я пайшоў з маці на ржышча і парэзаў сабе палец. Маці не магла спыніць кроў і адправіла мяне дахаты. Па дарозе нехта са знаёмых сказаў, што з Дзівіна ідзе машына на Брэст. І я, доўга не думаючы, сабраўшы ў хаце сякія-такія рэчы, паехаў паступаць. Машына мяне давезла да Кобрынскага маста ў Брэсце, а там я пайшоў сам. На вуліцы ўжо цямнела, і трэба было шукаць начлег. Пастукаў у адны дзверы, там не адчынілі, у другія — прагналі. У роспачы пастукаў у самую непрыкметную хатку. Ведаў, што чым бядней хата, тым дабрэй людзі. Мяне ў гэтай хаце прынялі, спаць паклалі ў адрынцы, дзе стаяла каза. Так і пераначаваў. Раніцай прачнуўся, а ў мяне ні торбы, ні рэчаў, ні ежы. Я пайшоў да гаспадароў, а яны мяне выгналі. Так я і пайшоў без рубля, без ежы. Папытаўшы ў людзей, знайшоў педвучылішча. Яно знаходзілася на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Будзённага. Паступіў у вучылішча, але паўстала новая праблема, Трэба было нешта есці, а грошай на ежу не было. Мяне падкормліваў кухар сталовай, якая знаходзілася на вуліцы Савецкая за кінатэатрам «Беларусь»…
Вось так пачаліся сту­дэнцкія гады нашага героя. Здавалася б, гэтая пара адна з самых цікавых у яго жыцці, але ў той жа час і самая цяжкая. Часам, каб пабачыць бацькоў, яму да самага Дзівіна даводзілася ісці пешшу.
Калі заканчваў вучобу, Апанас Мікітавіч пазнаёміўся з будучай жонкай. Яны ўзялі шлюб і пасля вучобы па размеркаванні трапілі ў Гарадзец. Там працавалі ў мясцовай школе з 1951 па 1953 гады. За гэты час Апанас Мікітавіч і яго жонка атрымалі завочна дыпломы, якія дазвалялі ім выкладаць у пятых – сёмых класах.
Ну а сям’я Гапановічаў тым часам расла: на­радзіліся сын і дачка. І месца жыхарства змянілі, пераехалі ў Маларыцкі раён, у вёску Ляхаўцы, дзе Апанаса Мікітавіча прызначылі дырэктарам Ляхавецкай школы.
— У Ляхаўцах была вялікая школа, шмат вучняў, быў добры педагагічны калектыў,– успамінае Апанас Мікітавіч. – Жыццё ў гэтай вёсцы бурліла. Там людзі нейкія асаблівыя, працавітыя. Але цягнула на радзіму, таму пачаў задумвацца, каб пабудаваць хату ў Дзівіне і пераехаць туды з сям’ёй. Каб знайсці матэрыял на дом, пайшоў да мясцовага ляснічага. І ён дапамог, з мясцовага ўрочышча прывезлі 3 хвоі на 15 кубоў. Ніводная піларама не магла іх распілаваць і таму давялося наймаць адмысловую брыгаду, якая іх разразала.
У Дзівін сям’я Гапановічаў пераехала ў 1957 годзе, калі дом толькі пачалі будаваць. Пакуль доўжылася будоўля, жылі разам з бацькамі ў старэнькай хатцы. Апанаса Мікітавіча прызначылі на пасаду інспектара аддзела адукацыі Дзівінскага раёна. А раён быў вялікі, з’яўляўся часткай цяперашніх Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў. Яму як інспектару трэба было абыходзіць з праверкай усе школы раёна. Машын тады не было, Апанас Мікітавіч хадзіў па вёсках пешшу…
Дзівін стаў месцам, на якім сям’я Гапановічаў асела канчаткова. Працавалі яны шмат і доўга. Цяпер Апанас Мікітавіч застаўся адзін: жонка памерла, а дзеці раз’ехаліся. Але наш герой ніяк не сумуе без работы, ён у дзеянні. Яму больш за 80, а ён яшчэ гатовы працаваць. Калі выйшаў на пенсію, напісаў манаграфію роднага краю, у якой расказаў пра гісторыю Дзівіна.
Свой жыццёвы шлях Апанас Мікітавіч прайшоў годна. Гэта адзін з тых людзей, якім не сорамна азірнуцца на мінулае і спакойна жыць далей.
Павел Канановіч.
На здымку: першы дырэктар Ляхавецкай школы Апанас ГАПАНОВІЧ.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 6 от 21.01. 17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.