Давыдавіч

Так імем па бацьку паважліва называюць пры сустрэчы былыя і цяперашні кіраўнікі  ААТ “Чырвоны партызан” кавалера ордэна Працоўнай Славы  ІІІ ступені, механізатара Васіля Селеха.

Гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды за працавітасць і адданасць зямлі Васіль Давыдавіч быў удастоены яшчэ ў савецкія часы – у 1986-м годзе. І калі б не распад вялікай краіны, то, хутчэй за ўсё, атрыманы ордэн быў бы далёка не адзіным у яго працоўнай скарбонцы. Бо ўзнагарода гэтая — не выпадковасць у жыцці калгаснага механізатара, а хутчэй заканамернасць. Проста, як гавораць, прыйшоў іншы час. З іншымі прыярытэтамі і каштоўнасцямі. Хоць сам Васіль Селех прызнаецца, што ўсё сваё жыццё працаваў не дзеля прызнання і славы, а для таго, каб годна жыць і ўтрымліваць сям’ю.
Што ж тычыцца нейкіх да­сягненняў, дык ён ніколі не гнаўся за імі, а проста сумленна выконваў работу, якую яму даручалі ў гаспадарцы. З ёй свой лёс мужчына звязаў у 1974-м годзе. Тагачасны старшыня калгаса “Чырвоны партызан” Мікалай Белякоў, а пазней і Мікалай Бардыга, Іван Міхальчук, Валерый Бялкоў, Сяргей Сцепанюк, пад кіраўніцтвам якіх давялося працаваць механізатару, не маглі не заўважыць яго працавітасць і гаспадарлівасць і не адзначыць гэтыя яго рысы. Спачатку сумленную і высокапрадукцыйную работу трактарыста заахвочвалі грашовымі прэміямі і граматамі, як гавораць, мясцовага значэння. У 1980-м годзе Васіль Селех выйшаў пераможцам раённага сацыялістычнага спаборніцтва, а праз 6 гадоў стаў ардэнаносцам.

Пачыналася ж усё ў вёсцы Высокае. Менавіта тут 65 гадоў таму ў простай сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, якога бацькі назвалі Васільком. Тут малы зрабіў першыя крокі, сказаў сваё першае слова. Тут прайшло яго бесклапотнае дзяцінства. І ў першы клас Вася Селех прыйшоў у Высокаўскую васьмігодку. Адсюль пасля яе заканчэння два гады з дня ў дзень дабіраўся пасля ў Лукава, дзе ў тутэйшай дзесяцігодцы атрымліваў сярэднюю адукацыю.
Гэта былі незабыўныя гады. Акрамя прыгод, якія часам здараліся з ім і яго аднакласнікамі, калі яны вярталіся пасля заняткаў з Лукава ў Высокае, вучоба ў сярэдняй школе падарыла хлопцу ня­мала запамінальных момантаў, а яшчэ цудоўных настаўнікаў і новых сяброў. Можа, таму і праляцелі гэтыя гады нібыта адно кароткае імгненне, бо ўсё падчас вучобы было цікава і непаўторна…

Ды толькі школьныя гады не вернеш назад. Таксама, як нельга вярнуць назад і вучобу ў Пінскім меліярацыйным СПТВ-43, куды паступіў Васіль Селех у 1968-м годзе пасля заканчэння Лукаўскай сярэдняй школы. Хутчэй за ўсё, як і многіх яго равеснікаў, захапіла Васіля рамантыка ўсесаюзнай будоўлі. Такую назву атрымала распачатае тады ў краіне асушэнне багнаў і балот. Пра меліярацыю і яе герояў у той час шмат пісалі ў газетах і часопісах. Праўда, хлопцу з беларускай глыбінкі не атрымалася стаць адным з іх, хоць ён і меў да гэтай ударнай будоўлі невялікае дачыненне. У Маларыцкай перасоўнай механізаванай калоне №8, якая займалася асушэннем балот і пракладкай дрэнажу, падчас вучобы ў вучылішчы ён праходзіў практыку памочнікам машыніста шматкаўшовага экскаватара: на Лукаўскім возеры яны рабілі прычал, ачышчалі вадаём ад глею. Праца гэтая падабалася хлопцу і ўсё ў яго атрымлівалася, ды толькі настаў час службы ў арміі. На гэтым удзел Васіля Селеха ў правядзенні меліярацыі і завяршыўся…

Разам з іншымі прызыўнікамі восенню 1970 года ён прыбыў у Печы, адкуль праз 6 месяцаў выйшаў камандзірам танка. І ўжо ў званні сяржанта, якое атрымаў у “вучэбцы”, прыбыў для праходжання далейшай службы ў адну з танкавых часцей савецкіх войскаў у Чэхаславакіі, якая базіравалася ў горадзе Крноў – паблізу граніцы з Польшчай.
Успамінаючы той час, Васіль Давыдавіч распавядаў, што служыць яму было няцяжка, хоць і трапіў ён, як гавораць, з карабля на баль – адразу ж быў пры­значаны камандзірам танка. Ён любіў і дагэтуль любіць тэхніку, ужо тады дасканала ведаў яе. А ўсё астатняе – справа нажыўная. Пасля года службы камандзірам танка, калі яму было прысвоена званне старшага сяржанта, астатнія 6 месяцаў да дэмбелю быў старшыной роты. Па абавязку службы неаднойчы выходзіў у горад і, нягледзячы на тое, што ў памяці людзей свежыя былі яшчэ ўспаміны пра падзеі 1968 года, усюды сустракаў прыязнасць і ветлівыя твары мясцовых жыхароў. Да савецкіх салдат, Васіль адчуў гэта на сабе асабіста, мясцовае насельніцтва адносілася добра. З тых далёкіх ужо маладых гадоў свайго жыцця мужчына запомніў, што за службу за граніцай у Савецкім Саюзе яму штомесяц на ашчадную кніжку паступала па 14 рублёў, і ў Чэхаславакіі ён атрымліваў па 114 крон. Гэта, вядома ж, невялікія грошы, але менавіта на іх, калі ішоў на дэмбель, Васіль Селех змог купіць невялічкія падарункі родным і паўбасаножкі сваёй дзяўчыне.

З Аленай хлопец па­знаё­міўся ў Лукаве яшчэ да арміі, куды на сваім матацыкле прыязджаў у клуб на танцы. Я не стала распытваць Васіля Давыдавіча пра тое, чым яго “зачапіла” прыгажуня-смуглянка, бо была ўпэўнена, што сціплы ад прыроды чалавек, якім і з’яўляецца ардэнаносец Селех, ніколі не раскрые свае сардэчныя таямніцы. Хапіла і таго, што сказаў, дзе пазнаёміўся з дзяўчынай: на танцах у клубе, куды вечарамі звычайна прыходзіла вясковая моладзь. Алена на той час ужо закончыла Столінскі саўгас-тэхнікум, дзе набыла спецыяльнасць бухгалтара, і працавала ў роднай гаспадарцы памочнікам брыгадзіра. Менавіта Алена Варфаламееўна, з якой у лютым адзначаць 44 гады сумеснага жыцця, слухаючы нашу размову, прызналася, што адносіны іх звязаны з матацыклам. Тады наяўнасць у маладога хлопца “Мінскага” была нечым накшталт цяперашняга легкавога аўтамабіля. А яшчэ прыметай дабрабыту. На матацыкле пасля заканчэння танцаў Васіль і катаў сваю будучую жонку па вёсцы, хоць і не быў упэўнены ў тым, што Алена стане ёю, бо наперадзе была армія. І далёка не кожная дзяўчына верна чакала свайго салдата два гады, як спяваецца ў вядомай песні. Алена свайго дачакалася. Вынікам кахання, якое зарадзілася пад рокат матацыкла, недзе праз год пасля дэмбелю Васіля Селеха, стаў сямейны саюз, які доўжыцца дагэтуль.

Алене, праўда, давялося раз­вітацца з марай аб рабоце па набытай спецыяльнасці, бо жыць маладыя сталі ў бацькоў мужа ў Высокім, адкуль штодзённа дабірацца на работу ў Лукава не атрымлівалася. А пасля і першынец у маладой сям’і з’явіўся – дачушка Валянціна. Калі ж праз два з паловай гады маладая сям’я Селехаў пасялілася ва ўласным доме, які ў ста метрах ад бацькоўскага сабралі са старой хацінкі, купленай пад разбор у вёсцы Печкі Велікарыцкага сельсавета, яна стала сапраўднай ахоўніцай сямейнага ачага і на­дзейным тылам мужа…

Пасля дэмбелю Васіль Селех не адразу прыйшоў у калгас. Спачатку працаваў на бульдозеры ў Маларыцкай МПМК-14. А праз год пасля жаніцьбы, у 1974-м го­дзе, тады яшчэ з маладой жонкай жылі разам з бацькамі, канчаткова вырашыў пусціць карані на сваёй маленькай радзіме. Тады і ў калгас “Чырвоны партызан” на работу ўладкаваўся, і будаўніцтвам уласнай хаты заняўся.

Работу у калгасе давялося выконваць самую разнастайную: і на пагрузчыку працаваў, і на бульдозеры, і тарфакрошку на МТЗ вазіў (жонка механізатара ўспомніла, як у той час зімой даводзілася ўставаць на досвітку і грэць ваду, каб завесці трактар), і кармы нарыхтоўваў. І, вядома ж, хлеб убіраў. 17 сезонаў на збожжаўборачным камбайне “Колас” адпрацаваў на жніве. І кожны з іх быў сапраўднай бітвай за ураджай, бо цяперашнія ўмовы работы камбайнераў з тымі, у якіх працаваў ён і іншыя хлебаробы яго пакалення, не ідуць ні ў якое параўнанне. Але яны не скардзіліся на спякоту і адсутнасць кандыцыянера ў кабіне, на пыл, які засцілаў вочы, а скура пад вечар ад яго станавілася чорнай.

Была ў жыцці Васіля Селеха і іншая тэхніка: новы бульдозер, трактар МТЗ-1221, кормаўборачны камбайн “Палессе”. Ды чаму была? Нягледзячы на тое, што механізатар ужо на заслужаным адпачынку, ён па-ранейшаму ўдзельнічае ў жыцці калектыву, з якім больш за 40 гадоў таму звязаў сваё жыццё. Працуе, як гавораць, сезонна: разам з напарнікам Сяргеем Герасімуком ужо які год на КЗРы ўбірае кукурузу. Калі выйшаў на пенсію, кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала аднаму са сваіх лепшых механізатараў папрацаваць часова, хоць яшчэ сезон, на ўборцы кукурузы. Маўляў, і капейку якую заробіш, і збожжа, а заадно і падвучыш каго з маладых. Васіль Давыдавіч не змог адмовіць, бо і яму ў гаспадарцы ні ў чым ніколі не адмаўлялі. Таму згадзіўся. На сезон. І так ужо 10 гадоў запар. Але гэта толькі на перыяд уборкі кукурузы. Астатні час ён прысвячае дому і сям’і.
— Жыццё на пенсіі таксама праходзіць у рабоце, — распавядаў Васіль Давыдавіч падчас нядаўняй сустрэчы ў тым самым доме, што быў сабраны на новы лад з хаціны, перавезенай з Печак. – І дровы на зіму трэба нарыхтаваць, і за каровай дагледзець, і за іншай свойскай жывёлай таксама. А летам яшчэ і з агародам управіцца. І сыну дапамагчы з будаўніцтвам дома, і дачцэ з унукамі…
І я разумею мужа і жонку Се­ле­хаў. З дзяцінства звыклыя да нялёгкай сялянскай працы, яны заўжды жылі і будуць жыць у клопатах. У цяперашні час пра дачку з сынам, пра ўнукаў і маленькага праўнучка. А як інакш? Дзеці і ўнукі — іх працяг. Яны іх жыццё і надзея…
Надзея ЯЦУРА.

На здымку: кавалер ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені Васіль Селех.

Фота Алега
Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 7 от 25.01.17 г .

Добавить комментарий


chemtest.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!