І інспектару важна быць псіхолагам

— Работа павінна прыносіць маральнае задавальненне. Калі чалавек атрымлівае аддачу ад сваёй справы, бачыць, што яго сілы патрачаны не дарэмна, тады ў яго будзе і жаданне працаваць, — лічыць інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі дома тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дар’я Уласюк.
Яе праца напрамую звязана з людзьмі: сацыяльнымі работнікамі, якія абслугоўваюць людзей, і з самімі падапечнымі аддзялення, у асноўным, адзіно­кімі і пажылымі. Таму стымулам да яшчэ больш актыўнай працоўнай дзейнасці для яе з’яўляюцца добрыя водгукі бабуль і дзядуль аб сацыяльных работніках аддзялення, шчырая удзячнасць за тое, што створана і бесперабойна працуе сістэма сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія самі пра сябе паклапаціцца не могуць. А іх Дар’і даводзіцца чуць часта.
Работа яе заключаецца ў вя­дзенні дакументацыі і кантролі за дзейнасцю сацыяльных ра­ботнікаў па аказанні шэрагу паслуг. Інспектар кантралюе работу 23 сацыяльных работнікаў. Наведваючыся да пажылых людзей, яна цікавіцца, як працуе сацыяльны работнік, ці выконвае пералік асноўных паслуг, ці ўважліва ставіцца да просьбаў. Бываюць сітуацыі, калі інспектару даводзіцца вырашаць і канфліктныя сітуацыі, добрым словам залечваць душэўныя раны адзінокіх людзей. Але часцей візіты у дамы пажылых, па словах спецыяліста, адбываюцца з нагоды добрых падзей. Не забываюць у аддзяленні павіншаваць пажылых людзей, што знаходзяцца на абслугоўванні, і з рознымі свя­тамі, юбілеямі.
Па спецыяльнасці Дар’я педа­гог-псіхолаг. У цяперашняй рабоце навыкі, якія яна атрымала ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, выкарыстоўваюцца актыўна. Напрыклад, прымяняюцца механізмы правільных зносін з людзьмі. Пачынала сваю працоўную дзейнасць Дар’я Уласюк у сацыяльна-педагагічным Цэнтры педагогам-псіхолагам. Старт быў нялёгкі, бо дзяўчына ў той час яшчэ была студэнткай завочнага аддзялення, і ведаў ёй, вядома, не хапала. А работа з неспрыяльнымі, прыёмнымі і шматдзетнымі сем’ямі патрабуе неабыякавасці, цярплівасці і настойлівасці. І далёка не кожная сям’я, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, жадае, каб ёй дапамаглі. Але, дзякуючы добраму калектыву, які сустрэў маладога спецыяліста з цеплынёй і зычлівасцю, знаёмства з прафесіяй прайшло добра. Псіхолагам Дар’я пачынала працаваць і ў тэрытарыяльным Цэнтры. Тут ёй давялося асвойваць работу з новай для яе катэгорыяй – ма­ладымі інвалідамі.
— Яны шчырыя і адкрытыя і многаму могуць нас навучыць. Мне вельмі хацелася ім дапамагчы, праз трэнінгі, розныя методыкі пазбавіць ад страхаў і трывог, каб зрабіць іх светаўспрыманне яшчэ больш радасным. Але гэта няпросты шлях, на якім разам з перамогамі чакаюць і няўдачы, — дзеліцца Дар’я Уласюк.
Работа інспектара, хоць яна амаль не звязана з абранай спе­цыяльнасцю, Дар’і падабаецца. Тут яна адчувае сябе на сваім месцы. У многім дзякуючы загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Наталлі Сай, якая ўсяму, што ведала сама, навучыла маладога спецыяліста. На думку Дар’і, у ра­боце важна ўважліва і адказна ставіцца да кожнай дробязі, тады, хоць не адразу, але ўсё атрымаецца. Вопыт жа прыходзіць з гадамі. А іх наперадзе яшчэ не адзін дзясятак.
На здымку: Дар’я Уласюк, інспектар па асноўнай дзейнасці ад­дзялення сацыяльнай дапамогі дома.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 7 от 25.01.17 г.

Добавить комментарий


artma.net.ua

также читайте www.topobzor.info

www.buysteroids.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!