Пра інвестыцыі, рабочыя месцы, навуку і іншае

пыталіся журналісты ў старшыні абл­вы­канкама Анатоля Ліса на прэс-канферэнцыі.
Ва ўступным слове Анатоль Васільевіч пазнаёміў журналістаў з вынікамі развіцця вобласці ў мінулым годзе і адзначыў асноўныя накірункі, на якіх будуць сканцэнтраваны намаганні органаў кіравання ў 2017 годзе. У прыватнасці, кіраўнік вобласці адзначыў, што ў цэлым эканоміка Брэстчыны развівалася са станоўчай дынамікай. Па выніках мінулага года вобласць займае 1 – 2 месцы ў рэспубліцы па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, экспарту тавараў і паслуг, рознічнага тавараабароту, па аб’ёмах уводу ў эксплуатацыю жылля. Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі таксама самы высокі сярод рэгіёнаў рэспублікі. На рынку працы захоўвалася ў цэлым кантралюемая сітуацыя. Узровень беспрацоўя па стану на 13 сту-дзеня гэтага года склаўся на ўзроўні 0,9% пры заданні 2%. Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, не спынялася мадэрнізацыя прамысловых вытворчасцей. Так, летась аб’ём інвестыцый на мэты мадэрнізацыі склаў больш за 480 мільёнаў рублёў. Значных поспехаў, як адзначыў Анатоль Васільевіч, удалося дасягнуць у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, у вобласці летась былі самыя высокія тэмпы росту валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак – 107%. Вышэй сярэднерэспубліканскага ўзроўню атрыманы сярэдні ўдой малака на карову – 5226 кг, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы – 624 г, свіней – 651 г. Палепшылася якасць малака: гатункамі “экстра” і “вышэйшы” рэалізавана яго 87,8%, што на 1,2% больш, чым у 2015 г.

Традыцыйна з году ў год вобласць у рэспубліцы займае месца лідара па вытворчасці прадуктаў харчавання, такіх, як цэльнамалочная прадукцыя, сыры, цукар, каўбасныя вырабы. Брэстчына знаходзіцца на першым месцы ў рэспубліцы па экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання, які складае 50% ад агульнага аб’ёму. Прадпрыемствы вобласці летась адкрылі 11 новых рынкаў збыту. Вобласць працавала стабільна са станоўчым сальда знешняга гандлю як па таварах, так і па паслугах. Вядома, не ўсё было ідэальна, адзначыў Анатоль Васільевіч. Ёсць прадпрыемствы, якія працавалі з няпоўнай занятасцю. Нялёгка складваўся мінулы год у будаўнічай сферы. Агульнае зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці, скарачэнне дзяржаўнага фінансавання жыллёвага будаўніцтва і дзяржаўных праграм сталі прычынай таго, што аб’ём будаўніча-мантажных работ знізіўся больш чым на 17%, а падрадных – на 9,3%. Аднак дзякуючы прымаемым мерам удалося сфарміраваць устойлівую станоўчую дынаміку развіцця галіны.
У цэлым эфектыўная работа эканомікі Брэстчыны забяспечыла паступленне ў мясцовыя бюджэты больш 1,3 млрд. рублёў уласных даходаў, што на 20,3% больш, чым у 2015 годзе. І гэта, як адзначыў Анатоль Ліс, дазволіла прафінансаваць будаўніцтва шэрагу значных для вобласці аб’ектаў, сярод якіх — спальны корпус для Брэсцкага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей “Тонус”, школа-сад на 471 месца ў Паўднёвым гарадку Брэста, рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы і інш. Адрамантавана 217 км мясцовых дарог. І гэта нямала.
Анатоль Васільевіч назваў задачы, якія трэба вырашаць у 2017 годзе. Яны не менш напружаныя, чым былі ў мінулым годзе. Так, валавы рэгіянальны прадукт павінен вырасці на 2,2% пры росце прадукцыйнасці працы не менш чым на 2,5%. На 2,1% запланавана павялічыць аб’ёмы прамысловай вытворчасці, на 102% — рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Будуць прыняты ўсе меры, як гаварыў Анатоль Васільевіч, па стабілізацыі работы будаўнічай галіны. Экспарт тавараў павінен вырасці не менш чым на 5%. У планах вобласці – прыцягнуць сёлета не менш 80 мільёнаў долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.
Назваўшы асноўныя прыярытэты, па якіх вобласць працавала летась і па якіх будзе працаваць сёлета, старшыня аблвыканкама адказаў больш чым на 2 дзясяткі пытанняў журналістаў.
Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, у прыватнасці, якія галіны эканомікі маглі б, на думку губернатара, развівацца больш інтэнсіўна, якім з іх сёлета будзе ўдзелена больш увагі.
У якасці перспектыўных напрамкаў развіцця галін кіраўнік вобласці назваў харчовую, лёгкую, хімічную, дрэваапрацоўчую прамысловасці, а таксама машынабудаванне. Далейшаму дынамічнаму развіццю галін будуць садзейнічаць будаўніцтва завода па вытворчасці кампосту для вырошчвання шампіньёнаў у Кобрынскім раёне, арганізацыя вытворчасці сыру “Манчэга” на прадпрыемстве “Белавежскія сыры” і шэраг іншых запланаваных да рэалізацыі ў 2017 г. праектаў. Будзе арганізавана вытворчасць электрычных катлоў на Белаазёрскім энергамеханічным заводзе, зборачная вытворчасць малатанажных грузавых аўтамабіляў з кітайскіх машынакамплектаў на ААТ “Брэстмаш”, будаўніцтва акумулятарнага завода “Волат” у СЭЗ “Брэст” і г.д. Узрасце роля малога і сярэдняга бізнесу – у абласным бюджэце на гэты год для падтрымкі суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў выглядзе прадастаўлення льготных крэдытаў запланавана 2,3 млн. рублёў. У прыярытэце, як гаварыў Анатоль Васільевіч, развіццё тых галін і вытворчасцей, якія арыентаваны на выкарыстанне мясцовай сыравіны і размешчаныя ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці.
Журналістаў цікавіла, ці ўдасца захаваць шэраг буйных будаўнічых арганізацый, што аказаліся ў цяжкай сітуацыі, у прыватнасці, будаўнічы трэст № 8 і наогул, якая сітуацыя прагназуецца ў 2017 годзе ў будаўнічай галіне, на што губернатар адказаў:
— Для дасягнення прагназуемых тэмпаў росту плануецца павелічэнне будаўніцтва долевага шматкватэрнага жылля. Тэма гэта сёння актуальная. За кошт зніжэння кошту 1 кв. метра жылля ў грамадзян ёсць магчымасць пры атрыманні крэдытаў пад 15% будаваць такое жыллё. У 2017 годзе ў вобласці плануецца пабудаваць 472 кв.м. жылля, у тым ліку і з дзяржпадтрымкай. Будаўнічыя арганізацыі павінны працаваць за межамі вобласці. Трэба наладжваць доўгатэрміновыя пагадненні з пэўнымі рэгіёнамі Расіі, у прыватнасці, з Калінінградскай вобласцю, якая сёння развіваецца дынамічна, нарошчваць аб’ёмы экспарту ў Рэспубліку Польшча.
ААТ “Будтрэст № 8” – гэта арганізацыя, якая з’яўляецца важнай складаемай як усяго будаўнічага комплексу вобласці, так і адыгрывае важную ролю пры будаўніцтве такіх значных аб’ектаў, як Беларуская АЭС і горнаабагачальны камбінат у Туркменістане. Асноўная праблема трэста – закрэдытаванасць і адсутнасць абаротных сродкаў. Сітуацыя разгледжана рэспубліканскімі органамі кіравання і аблвыканкамам на пасяджэнні камісіі па папярэджанні эканамічнай неплацежаздольнасці. Не стаіць задача трэст закрыць, як адзначыў Анатоль Ліс, бо ён з’яўляецца адным з лепшых трэстаў рэспублікі. Распрацоўваюцца канкрэтныя меры, накіраваныя на фінансавае аздараўленне прадпрыемства. У 2017 г. запланавана будаўніцтва буйнейшага ў вобласці аб’екта “Заходні абход” г. Брэста. 2 чарга”, на якім будтрэст № 8 выступіць генеральным падрадчыкам.
Журналісты пыталіся ў губернатара пра перспектывы СЭЗ “Брэст”, пра тое, што не задавальняе ў дзейнасці яе рэзідэнтаў.
Гэта першая ў нашай краіне СЭЗ, ёй ужо 20 гадоў. У цэлым сітуацыя там, як адзначыў Анатоль Ліс, нармальная. Сваю дзейнасць цяпер вядуць у СЭЗ “Брэст” больш за 70 рэзідэнтаў, створана больш за 21 тысяча рабочых месцаў. У 62 краіны свету экспартуецца прадукцыя, рост экспарту адзначаны па 43 краінах. Доля прамысловай вытворчасці ў агульным аб’ёме яе ў вобласці – каля 19%. Ёсць праблемы па зарплаце, прыцягненні прамых замежных інвестыцый. І хоць сярэдняя зарплата на прадпрыемствах СЭЗ вышэй сярэдняй па вобласці (складае 650 рублёў), яна не дацягвае да прымальнага ўзроўню. Таму заснавальнікам трэба думаць не толькі пра свае прыбыткі, але і пра тое, як больш падтрымліваць людзей. На думку губернатара, у бліжэйшай перспектыве СЭЗ “Брэст” застанецца не толькі найбольш прыцягальнай інвестыцыйнай пляцоўкай рэгіёна, але і атрымае сваё далейшае развіццё.
Не маглі журналісты абысці ўвагай і пытанне, наколькі паспяховая Брэстчына ў адкрыцці новых рынкаў збыту, каб канкурыраваць з эканомікамі іншых краін.
Прадпрыемствы вобласці, гаварыў Анатоль Ліс, пастаянна вядуць работу па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Прадукцыя экспартуецца ў 84 краіны свету. Асноўным гандлёвым партнёрам з’яўляецца Расійская Федэрацыя (80% экспарту вобласці). Каля 70% экспарту складаюць прадукты харчавання і сельгаспрадукцыя. Летась было адкрыта 11 новых рынкаў: Аргенціна (машыны пасудамыечныя), Бразілія (тканіна баваўняная), Ліван (веласіпеды трохколавыя), Нігерыя (касцюмы, камплекты, камізэлькі), Партугалія (лесаматэрыялы) і г.д. Сёлета працягваюцца пастаўкі пра­дукцыі ў Іран, на Філіпіны, у Японію. Вырас экспарт на 20% у краіны ЕС. Напрыклад, у Венгрыю – у 5,8 раза, у Бельгію – у 4,3, у Іспанію – у 3,6, Балгарыю – у 2,7, у Чэхію – у 2,7 раза і г.д. Расце экспарт у краіны “далёкай дугі”: Афрыкі, Азіі, Аўстраліі, Акеаніі. Значна выраслі экспартныя пастаўкі ў Кітай.
На пытанне, ці будзе захавана на Брэстчыне тэндэнцыя стварэння новых рабочых месцаў і якія для гэтага ёсць рэзервы, Анатоль Васільевіч, у прыватнасці, адзначыў, што ў 2017 годзе павінна быць створана не менш за 6,5 тысячы новых рабочых месцаў, і ў першую чаргу стаўка робіцца на развіццё прадпрымальніцтва, у сферы якога плануецца стварыць не менш за 685 новых мікра- і малых арганізацый. Для аказання падтрымкі суб’ектам малога прадпрымальніцтва ў абласным бюджэце запланавана 2,3 млн. рублёў. Акрамя таго, на развіццё суб’ектаў інфраструктуры будзе накіравана 297 тысяч рублёў.
Журналісты пацікавіліся, ці захаваецца ў 2017 годзе практыка правядзення “прамых ліній” і ці не будзе якіх-небудзь змяненняў у ёй.
Практыка такіх зносін з жыхарамі вобласці, адзначыў губернатар, паказала сваю эфектыўнасць і будзе працягнута сёлета. У 2016 годзе ў час правядзення “прамых ліній” кіраўніцтвам аблвыканкама паступілі званкі ад 926 грамадзян. 75% зваротаў носяць растлумачальны характар, 15% знаходзяцца на разглядзе да іх канчатковага вырашэння. Кожны дзясяты зварот вырашаны станоўча.
На пытанне, ці будзе працягнута практыка правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі” (сёлета ён праводзіцца ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна) у буйных населеных пунктах – былых раённых цэнтрах, Анатоль Васільевіч адказаў, што “Дажынкі” – гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект, калі вырашаюцца розныя сацыяльныя задачы: выдзяляюцца сродкі, прыводзяцца ў парадак дарогі, рамантуюцца школы, бальніцы, аб’екты культуры, спорту і інш. Улічваючы, што такія святы прайшлі практычна ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці, цяпер плануецца іх праводзіць у буйных населеных пунктах.
Не маглі журналісты абы­сці ўвагай у час прэс-канферэнцыі і Дэкрэт Прэзідэнта № 3, якім замацаваны абавя­зак беларусаў удзельнічаць у фі­нансаванні дзяржаўных расходаў. Якой колькасці жыхароў вобласці падатковыя органы накіравалі пісьмы ў сувязі з дзеючым Дэкрэтам? Колькі жыхароў рэгіёна заплацілі ўжо збор, у якой суме? Колькі чалавек даказалі, што не з’яўляюцца так званымі дармаедамі, а, значыць, пісьмы з па­датковай ім былі адпраўлены беспадстаўна?
Па стану на пачатак года, ска­заў Анатоль Васільевіч, такія пісьмы атрымалі 70 тысяч фізічных асоб Брэстчыны. 2,3 тысячы заплацілі ўжо збор у суме 691 тысячы рублёў. Па стану на 6 студзеня 2017 г. падатковыя органы Брэсцкай вобласці адмянілі патрабаванні аб уплаце збору ў адносінах больш 4 тысяч чалавек (у асноўным гэта грамадзяне, якія знаходзіліся ў 2015 г. за межамі рэспублікі больш за 183 дні).
Цяпер назіраецца паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Польшчай. Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, якія сумесныя праекты ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах плануецца рэалізаваць у сувязі з гэтым з удзелам прадстаўнікоў нашай вобласці? Ці паўплывае пацяпленне адносін на паскарэнне запуску малога прыгранічнага руху?
Як адзначыў Анатоль Ліс, адным з напрамкаў развіцця беларуска-польскага ўзаемадзеяння з’яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, у прыватнасці, па праграмах тэхнічнай дапамогі. У рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2007 – 2013” арганізацыі Брэсцкай вобласці рэалізавалі 34 праекты на агульную суму каля 43 мільёнаў еўра, з якіх на беларускі бок даводзіцца каля 22 мільёнаў. Цяпер актыўна рыхтуецца Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020”. Вызначаны спіс буйных інфраструктурных праектаў для прамога пазаконкурснага фінансавання. У двух з іх будуць удзельнічаць арганізацыі Брэсцкай вобласці. Гэта “Бяспека польска-беларускага прыгранічча. Паляпшэнне патэнцыялу пажарных і выратавальных служб” (Брэсцкая АУМНС) і “Паляпшэнне дарожнай інфраструктуры прыгранічнага рэгіёна шляхам устойлівага доступу ў прыгранічны рэгіён (мадэрнізацыя і будаўніцтва дарогі Р-16). Дзякуючы будаўніцтву і рэканструкцыі аўтадарога Р-16 атрымае III тэхнічны статус, набудзе асфальтавае пакрыццё шырынёй 8 метраў, што забяспечыць міжнародны аўтобусны і грузавы рух непасрэдна да пагранічнага пераходу ў абыход населеных пунктаў.
У 2016 г.заключаны пагадненні паміж Маларыцкім раёнам і Чыр­ванастаўскім паветам Люблін­ска­га ваяводства, а таксама Жа­бінкаўскім раёнам і Тамашоўскім паветам Люблінскага ваяводства, Жабінкаўскім раёнам і гмінай Лашчаў Люблінскага ваяводства.
У Брэсцкай вобласці, падкрэсліў губернатар, праводзіцца актыўная работа па ўмацаванні і наладжванні сувязяў з Рэспублікай Польшча на міжрэгіянальным узроўні ў сферы культуры, адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму. Паміж Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам і Беластокскім політэхнічным інстытутам, універсітэтам імя Марыі Кюры-Складоўскай, Вышэйшай школай фінансаў і кіравання ў Беластоку заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве. А Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна наладзіў партнёрскія сувязі і заключыў пагадненні аб супрацоўніцтве з Прыродна-гу­манітарным універсітэтам г. Седліцэ, Апольскім універсітэтам, Тэхнічным універсітэтам у Беластоку.
Актыўнай у развіцці адносін з польскімі і ўкраінскімі суседзямі на трохбаковай аснове Анатоль Васільевіч назваў ролю Еўрарэгіёна “Буг”, які ўключае ў сябе Брэсцкую вобласць, Люблінскае ваяводства і Валынскую вобласць. Важнае значэнне мае і Еўрарэгіён “Белавежская пушча”, які аб’ядноўвае раёны Брэсцкай, Гродзенскай абласцей і Падляскае ваяводства Польшчы.
На завяршэнне прэс-кан­ферэнцыі прагучала пытанне пра тое, якім, на думку губернатара, павінна быць змястоўная складаемая Года навукі і як найбольш адукавана і эфектыўна выкарыстаць наяўны навуковы патэнцыял Брэстчыны.
Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што навука на Брэстчыне дэманструе высокія дасягненні ў медыцынскай сферы, іншых галінах. Напрыклад, выконваемыя абласнымі хірургамі аперацыі ў сферы транспланталогіі і не толькі па ўзроўню не ўступаюць тым, якія выконваюць у рэспубліканскіх навукова-практычных медцэнтрах. У вобласці ёсць 4 ВНУ з рознымі профілямі і спецыялізацыяй, якія могуць быць выкарыстаны ў самых розных накірунках дзейнасці. З інавацыйнага фонду аблвыканкама, абласнога бюджэту сродкі выдзяляюцца для таго, каб распрацоўваць і рэалізоўваць найперш за ўсё інавацыйныя праекты.
— Хацеў бы, каб работа вучоных насіла прыкладны характар, — падкрэсліў Анатоль Ліс. – Трэба, каб іх прапановы ўкараняліся ў вытворчасць і прыносілі карысць.

НА ЗДЫМКУ: у час прэс-канферэнцыі.

Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано ГЧ № 8 от 28.01.17г.

Добавить комментарий


www.ukrterminal.kiev.ua

https://biceps-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!