Патрыёт прафесіі

Работа органаў міліцыі заўсёды выклікала інтарэс у людзей. Не выпадкова зашкальваюць рэйтынгі серыялаў,фільмаў, кніг, пры­свечаных дзей­нас­ці аператыўнікаў, крымі­на­лістаў, следчых. І ў нашым раёне нямала людзей, якіх зацікавіць  мі­нулы і сённяшні дзень супрацоўнікаў міліцыі. Круг­лай даце будзе пры­свечаны цыкл ма­тэ­рыялаў аб ветэранах рай­аддзела ўнутраных спраў, працоўныя будні якіх не былі спакойныя і аднастайныя. Гэтыя людзі, можна сказаць,  жылі сваёй справай і пасля выхаду на заслужаны адпачынак застаюцца патрыётамі сваёй прафесіі. Пастараемся перажыць з імі самыя яскравыя ўспаміны аб міліцэйскай рабоце.

НА ЗДЫМКУ: 30 гадоў службе ў міліцыі аддаў Васіль Яўчук.

На месца
злачынства — на лыжах
ці маторнай лодцы
Васіля Фёдаравіча Яўчука калегі называюць старажылам аддзела. У ім ён працаваў з моманту заснавання раёна, са студзеня 1965 года. Родам Васіль Фёдаравіч з вёскі Стрыгава Кобрынскага раёна. Там прайшлі яго дзяцінства, юнацтва. Але служба занесла далёка за межы малой радзімы. Сем гадоў ён працаваў участковым у Карэліі. Гэты перыяд мужчына лічыць сапраўднай школай жыцця, загартоўкай характару. Было складана, небяспечна, але Васіль Федаравіч за час службы ў адным з самых крымінальных раёнаў Карэліі пачарпнуў каштоўны вопыт, які затым спатрэбіўся ў рабоце ўчастковага, следчага ўжо ў Маларыце.
— Калі служыў у Карэліі, у цэлым па ўчастку, а знаходзіўся ён за 70 кіламетраў ад райцэнтра, назіралася складаная сітуацыя. Кожны другі жыхар яго – асу-джаны, таму злачыннасць была вялікая. На Маларытчыне і за месяц столькі злачынстваў не ўчынялася, колькі там за дзень. Можна на пальцах пералічыць дні, калі лёг вечарам і праспаў да ранку, бо вельмі часта выклікалі і ноччу, і на досвітку. Утапленні, крадзяжы, забойствы былі нярэдкія, праводзіў аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, а да месца злачынстваў зімой дабіраўся на лыжах, летам — пешшу ці на маторнай лодцы.
Участак Васіля Фёдаравіча раздзяляў Беламорска-Балтыйскі канал. Вакол разліліся азёры, таму да многіх мясцін без маторнай лодкі не дабярэшся. Увогуле ўчастковы любіў хадзіць пешшу. 30-40 кіламетраў, якія праходзіў у дзень, па словах Васіля Федаравіча, былі нормай, нават прыносілі задавальненне. Але не абыходзілася і без прыгод, калі, абраўшы па карце шлях, ішоў адзін праз лес.
Былі выпадкі, калі Васілю Фёдаравічу даводзілася рызыкаваць жыццём у час затрыманняў і пад абстрэл трапляць.
— Рабілі мы аблаву на хутары, дзе хаваўся злачынца. Ён адкрыў агонь з дробнакалібернай вінтоўкі. Я малады быў, грэбаваў сваёй бяспекай, ды раптам пачуў, як па пагоне штосьці чыркнула. Толькі потым зразумеў, што гэта была куля. Але мне пашанцавала. Бывала і так, што сабак на нас спускалі, каб абяззброіць…
Праз сем гадоў службы Васіля Фёдаравіча пацягнула дадому, на Кобрыншчыну. У рапарце так і прасіў, каб перавялі на радзіму. Але патрэбны былі кадры ў Маларыцкі раён, які толькі ўтварыўся.
Адзіны на раён
У аддзеле міліцыі ў Маларыце ў той час працавалі 24 чалавекі. Тэхнічнае ўзбраенне было не­вялікім, адно аўто на ўвесь аддзел. Дабірацца “па выкліках” олтушскаму ўчастковаму, а менавіта на такой пасадзе пачынаў работу трыццацігадовы Васіль Яўчук, трэба было на кані ці пешшу. Але для Васіля Фёдаравіча дайсці з Олтуша ў Радзеж, Галёўку праблемай не было, улічваючы карэльскі вопыт пешых “прагулак”. Пасля Карэліі работа ўчастковым тут спачатку здавалася “курортам”. Гартаючы фотаздымкі з гісторыі аддзела 60-х, Васіль Фёдаравіч узгадвае многіх саслужыўцаў.
— Калі пачынаў працаваць, на­чальнікам аддзела быў Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі, яго намеснікам – Фёдар Кандратавіч Грынько. На жаль, многіх з тых, хто на гэтым фотаздымку, ужо няма ў жывых. У сямейным альбоме таксама шмат міліцэйскіх фатаграфій. Праз два з паловай месяцы мяне назначылі следчым. Дык фотаапарат заўсёды насіў з сабою.
Пычанаць работу на новай пасадзе Васілю Фёдаравічу было нялёгка, бо даводзілася ўнікаць у новую спецыяльнасць. Але адаптаваўся хутка, тут і спатрэбіліся навыкі і якасці, якімі авалодаў у Карэліі. А яшчэ Васіль Фёдаравіч завочна прайшоў навучанне ў Ленінградскай спецыяльнай школе міліцыі. Праз тры гады працы на Маларытчыне ажаніўся. Так і пусціў карані ў нашым раёне. Маладому следчаму прапанавалі месца ў Кобрыне, але Маларыта яму спадабалася: ціхае і ўтульнае месца, да якога ён прывык.
У той час на горад і раён быў усяго адзін следчы. Васіль Фёдаравіч узгадвае, што нагрузка была вялікай. У распрацоўцы да 20 спраў у месяц. Для параўнання, цяпер на Маларытчыне працуе цэлы следчы аддзел.
У 60-70-я гады сярод зла­чынстваў пераважалі дарожныя здарэнні, крадзяжы дзяржаўнай маёмасці, а таксама хуліганствы, забойствы. Расследаваў Васіль Фёдаравіч серыі крадзяжоў, у ходзе выкрыцця якіх выяўляліся яшчэ па 6-8 злачынстваў не толькі ў нашым раёне, але і ў Кобрынскім,Брэсцкім. Сітуацыя з крадзяжамі ўскладнялася блізкім суседствам з Украінай, мяжы з якой тады не было.
— Асноўная задача следчага – знайсці доказы. Для гэтага патрэбны не толькі розум і ўважлівасць, але і так званае шостае пачуццё. Бывае, абставіны гавораць пра тое, што чалавек вінаваты, ёсць пры-знанне, але доказаў не хапае, ды і інтуіцыя падказвае, што злачынца яшчэ на волі. З гадамі зразумеў, што да ўнутранага голасу трэба прыслухоўвацца, — лічыць Васіль Фёдаравіч. – На допытах трэба было прымяняць навыкі, якім навучылі ў міліцэйскай школе на занятках па судовай псіхалогіі. Гэта далікатная работа — знайсці падыход да любога чалавека, выклікаць прыхільнасць яго да сябе, каб ён давяраў і расказваў.
У 1976 годзе Васіля Фёдаравіча назначылі намеснікам начальніка аддзела міліцыі. З гэтай пасады яшчэ праз адзінаццаць гадоў ён і пайшоў на заслужаны адпачынак. Усяго службе ў органах міліцыі Васіль Фёдаравіч аддаў 30 гадоў свайго жыцця.
— Моладзі, якая цяпер працуе ў аддзеле, парэкамендую больш увагі надаваць прафілактыцы, быць бліжэй да людзей. А таксама працаваць з жаданнем. Гэта першае, што патрэбна ў любой прафесіі.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымках: ветэран райаддзела ўнутраных спраў Васіль Фёдаравіч Яўчук атрымлівае ўзна­гароду за працу; калектыў аддзела міліцыі пад кіраўніцтвам С.Д. Лядзінскага.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА
і з архіва.

Опубликовано ГЧ № 8 от 28.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


стоимость ремонта квартиры

читать далее proffitness.com.ua

хостел в киеве hbhostel.com.ua