Асновы інтэлекту закладваюцца ў школе

29 студзеня – Дзень беларускай навукі. На базе СШ № 2 г.Маларыта прайшла ХІІ раённая вучнёўская навукова-даследчая канферэнцыя “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. У інтэлектуальным спаборніцтве ў 10 секцыях пасля завочнага адборачнага этапу на суд журы была прадстаўлена 31 работа з 16 устаноў адукацыі раёна. Па выніках канферэнцыі вызначана 15 лепшых работ, якія накіраваны ў Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі на папярэдні адбор. Нядаўна сталі вядомы яго вынікі.

На заключным этапе абласной навукова-даследчай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, якая праходзіць сёння у г.Бяроза, ад Маларытчыны прадстаўлена 6 работ вучняў. Гэта даследаванні Веранікі Пархамук і Юліі Шахно (“Адкуль прозвішча маё?”, секцыя “Беларуская мова”, СШ №1, 7 клас, настаўнік Таццяна Карабейка), Мікіты Бакуніна (“Стварэнне гульні “Пакары вяршыню” на java script”, секцыя “Інфарматыка”, раённая гімназія, 11 клас, настаўнік Алёна Ляўковіч), Кацярыны Краўчук (“Лікавая сімволіка рамана Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”, секцыя “Руская літаратура”, Ляхавецкі д/с-СШ, 10 клас, настаўнік Наталля Сакалюк), Лізаветы Крысінай (“Уплыў інтэрнэту і сацыяльных сетак на працэс сацыялізацыі моладзі”, секцыя “Грамадазнаўства”, СШ №1, 10 клас, настаўнік Юлія Касцевіч), Андрэя Кульбеды і Рамана Асіпука (“Выкарыстанне камп’ютарных мадэляў пры вывучэнні руху цела, кінутага пад вуглом да гарызонту”, секцыя “Фізіка і астраномія”, Ляхавецкі д/с-СШ, 11 клас, настаўнік Іван Кульбеда), Лізаветы Саўчук і Мікіты Бакуніна (“Краязнаўчы інфармацыйны праект “Электронная энцыклапедыя Маларыты”, секцыя “Геаграфія”, раённая гімназія, 11 клас, настаўнік Таццяна Мартынюк).
-Даследчая дзейнасць займае важнае месца ў сістэме развіццёвага навучання, -гаворыць Аксана Краўчанка, загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. – Ва ўстановах адукацыі раёна мы імкнёмся развіваць яе, пачынаючы з пачатковых класаў. З гэтай мэтай праводзіцца раённая навукова-даследчая канферэнцыя вучняў пачатковых класаў “Я – даследчык”. Каб сфарміраваць даследчыя навыкі у вучняў, неабходны такія ўмовы, як, напрыклад, мэтанакіраванасць і сістэматычнасць, матываванасць, улік узроставых асаблівасцей вучняў і псіхалагічны камфорт. Прытрымліваючыся гэтых умоў, можна дасягнуць пэўных поспехаў. Пераканана, што даследчая дзейнасць таксама з’яўляецца адным са шляхоў творчага развіцця вучняў. Навукоўцы даследчую дзейнасць разглядаюць і як метад працы, і як узровень, да якога могуць узняцца вучні ў сваім інтэлектуальным развіцці.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: удзельнікі ХІІ Маларыцкай раённай вучнёўскай навукова-даследчай канферэнцыі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 8 от 28.01.17г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!