Падпалкоўнік Дужы

Людзі, якія ведалі і помняць начальніка  Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў з такім прозвішчам,   называюць яго, бадай, адной  з самых  каларытных   фігур за гады дзейнасці гэтага адміністрацыйнага  органа грамадскага  правапарадку Маларытчыны, хоць асабіста ён сам так не лічыць, а прыкладам прафесіяналізму называе свайго папярэдніка і    настаўніка Сяргея Дзмітрыевіча Лядзінскага.

Я асабіста ў час знаходжання на пасадзе начальніка міліцыі Сцяпана Дужага (1976-79 гады мінулага стагоддзя) не была з ім знаёма. Ды толькі прозвішча гэтае з тых далёкіх гадоў чамусьці ўрэзалася ў памяць. Таму калі тагачасны супрацоўнік раённага аддзела ўнутраных спраў Мікалай Сацюк назваў яго, адразу згадала: быў у нас такі начальнік міліцыі. Праўда, зрокава яго ўспомніць не змагла. Нават тады, калі на стол перада мной лёг чорна-белы фотаздымак з трыма мужчынамі на ім у міліцэйскай форме, якія засядалі ў прэзідыуме нейкага сходу. У чацвёртым, які знаходзіўся за трыбунай, без цяжкасці прызнала тагачаснага сакратара райкама партыі Пятра Аляксандравіча Якімчыка, а астатнія, як гавораць, засталіся непазнанымі. Магчыма, таму, што раней нашы шляхі-дарогі не перасякаліся…
А вось падчас сустрэчы з падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы Дужым у музеі ўнутраных спраў у Брэсце, якая адбылася ў адзін са студзеньскіх дзён, зразумела, што недзе ўсё ж бачыла гэтага чалавека. Хоць не выключана, што проста пазнала ў ім аднаго з тых траіх мужчын у форме на здымку. Невысокага росту, з такімі ж непаслухмянымі, толькі ўжо не цёмнымі, а пасівелымі і парадзелымі валасамі на галаве, знешне ён зусім не адпавядаў свайму прозвішчу. Вочы таксама не тыя: перапісаны ад рукі на лісце паперы верш Расула Гамзатава “Берегите друзей” чытае ў акулярах. Пра колішнюю службу ў органах напамінае толькі афіцэрская выпраўка. Нягледзячы на ўзрост, а ў пачатку студзеня Сцяпану Мікалаевічу споўнілася 75 гадоў, і на асколак у назе (ён засеў там яшчэ ў Вялікую Айчынную вайну), як і належыць супрацоўніку міліцыі, няхай і ў адстаўцы, акуратны і пад­цягнуты. Ветлівы, прыязны. Стос фотаздымкаў і нейкіх папер, якія падпалкоўнік міліцыі Дужы прынёс на сустрэчу, гаварылі пра тое, што да яе ён грунтоўна падрыхтаваўся.

Гаротнае дзяцінства
…У сям’і Пелагеі і Мікалая Дужых з Чарнігаўскай вобласці суседняй Украіны на пачатак Вялікай Айчыннай вайны падрасталі дзевяцігадовы сын Міша і трохгадовая дачка Алена. У снежні 41-га за сувязь з партызанамі мужчына загінуў ад рук фашысцкіх акупантаў. А праз 26 дзён пасля гэтай трагічнай падзеі яго жонка нарадзіла трэцяе дзіця. Хлопчыка назвалі Сцяпанам…
Пра тыя падзеі, а таксама пра тое, як брат маці перавёз іх бліжэй да сябе, у сяло Полюшкіна, дзе жанчыну з траімі дзецьмі прытулілі суседзі, хлопчык даведаўся ад маці, калі падрос. Яна ж распавяла і пра тое, як падчас вызвалення гэтага населенага пункта ў верасні 1943 года, калі яму было крыху больш за паўтара года, ля склепа, у якім яны хаваліся ад бамбёжкі , разарваўся снарад, два невялікія асколкі якога патрапілі яму ў калена. Адзін удалося выняць, а другі дагэтуль “сядзіць” у назе.
А вось гаротнае пасляваеннае дзяцінства Сцяпан Дужы помніць добра. І голад, і холад, і беднасць, у якой гадаваліся. І пра тое, як бульбу гнілую ў полі збіралі, каб не памерці ад недаядання, таксама ніколі не забудзе. Дагэтуль дзіву даецца, як маці, якая працавала ў калгасе, дзе практычна нічога не плацілі, удалося ў такі нялёгкі час адной падняць на ногі траіх дзяцей.
Распавядаючы пра той далёкі час і сваё гаротнае дзяцінства, Сцяпан Мікалаевіч успомніў, як у 1949 годзе пайшоў у першы клас, а калі закончыў сямігодку, два гады збіраў ягады, грыбы і шышкі, каб купіць веласіпед. На ім ён ездзіў у школу ў суседнюю вёску, дзе атрымліваў сярэднюю адукацыю, бо штодзённа хадзіць за 6 кіламетраў было няпроста.

Выбар
Пасля заканчэння сярэдняй школы хлопец вырашыў паспытаць лепшай долі ў горадзе. Так лёс закінуў яго ў Сумы, адкуль Сцяпан Дужы і быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Праходзіў яе ў пагранічных войсках. Спачатку навабранца накіравалі ў вучэбку ў горад Баграціёнаўск Калінінградскай вобласці, якую той закончыў на выдатна. Пасля – перакідка на асобны кантрольна-прапускны пункт у прыгранічны Брэст і 9-месячная школа сяржантаў на востраве Пагранічным.
— Падрыхтоўка ў школе, — ус­памінаў яе колішні курсант Дужы, — была даволі моцная.
І веды, атрыманыя ў ёй, былі яму добрай падтрымкай падчас службы камандзірам аддзялення кантрольна-прапускнога пункта Брэст. Сумесна са сваімі падначаленымі Сцяпан Дужы ахоўваў граніцу: праводзіў дагляд цягнікоў, якія ішлі да нас з-за мяжы і ад нас за мяжу.
Калі служба заканчвалася, да іх на КПП завіталі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў вобласці і разам з двума саслужыўцамі з’агітавалі яго паступаць у сярэднюю школу міліцыі імя Фрунзе ў Мінску. Так украінскі хлопец з-пад Чарнігава зрабіў выбар, які ў далейшым назаўжды паяднаў яго з сінявокай Беларуссю і з гераічнай зямлёй Брэстчыны ў прыватнасці.
Два гады вучобы ў сярэдняй школе міліцыі ў сталіцы Беларусі, дзе, акрамя заняткаў, было і што паглядзець, праляцелі для курсанта Сцяпана Дужага непрыкметна. Дысцыпліна, акуратнасць ва ўсім, выпраўка і падцягнутасць не проста падабаліся, яны пасавалі яму. Як гавораць, былі да твару. І вучоба хлопцу давалася лёгка. Галоўнае — за гэты час ён канчаткова зразумеў, што выбар зрабіў правільны, бо заўжды быў на баку закона і справядлівасці.
А першыя свае крокі на нялёгкім шляху барацьбы за законнасць і справядлівасць выпускнік сярэдняй школы міліцыі лейтэнант Сцяпан Дужы зрабіў на пасадзе інспектара аддзела барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыі Брэсцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. Сюды на работу ён быў накіраваны не выпадкова: вучоба на другім курсе сярэдняй школы міліцыі была больш скіравана на службу менавіта ў АБКС. У гэты ж час, як гавораць, без адрыву ад вытворчасці, завочна паступае ў вышэйшую школу міліцыі. Праз 5 гадоў ініцыятыўнага і адукаванага спецыяліста пераводзяць спачатку інспектарам, а пазней – старшым інспектарам АБКС абласнога упраўлення ўнутраных спраў…

Зямля
маларыцкая
Чарговым месцам службы ўжо капітана міліцыі Сцяпана Дужага стала Маларыта. Сюды для ўмацавання аддзела яго накіравалі ў красавіку 1975 года намеснікам начальніка. Гэтую пасаду яму прапанаваў тагачасны кіраўнік УУС аблвыканкама Валерый Асташонак.
— Ад той Маларыты, у якую я прыехаў з жонкай у сярэдзіне сямідзясятых гадоў, уражанне было далёка не самае лепшае, — успамінаў падчас сустрэчы Сцяпан Мікалаевіч. — Асабліва, калі яе параўнаць з цяперашняй. І вопыту работы ў райаддзеле ў мяне практычна ніякага не было. Мне пашанцавала з начальнікам. Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі, які на той час ужо 15 гадоў кіраваў аддзелам, стаў для мяне не проста кіраўніком, а сапраўдным настаўнікам. Інтэлігентны: усіх супрацоўнікаў называў толькі на Вы, спагадлівы. Ён добра ведаў сваю работу. А яшчэ — ведаў раён, кіраўнікоў калгасаў, прадпрыемстваў і арганізацый і людзей таксама. У зразумелай форме Сяргей Дзмітрыевіч увёў мяне ў курс спраў аддзела, пазнаёміў з асабовым саставам, старшынска-дырэктарскім корпусам раёна…
А крыху больш чым праз паўгода, у студзені 1976-га , па рэкамендацыі Сяргея Лядзінскага, які пайшоў у адстаўку, яго намеснік Сцяпан Дужы ўзначаліў райаддзел. І толькі тады, бадай, упершыню сутыкнуўся з цяжкасцямі. І няхай яны больш тычыліся гаспадарчай дзейнасці, вырашэнне іх лягло на плечы маладога начальніка. Людзі старэйшага пакалення, мабыць, памятаюць, якім цесным у тыя гады быў будынак раённага аддзела міліцыі. У ім нават не было пакоя для затрыманых. Вось і давялося для парушальнікаў устанавіць у памяшканні металічную клетку, якую зварылі ў райсельгастэхніцы. Сцяпан Дужы з гумарам зараз успамінае, як многія маларытчане прыходзілі паглядзець на гэтае дзіва.
У абласным аддзеле пайшлі насустрач начальніку міліцыі з Маларыты, які хацеў пабудаваць новае памяшканне, нават прапанавалі знайсці ўчастак пад яго будаўніцтва. І ён знайшоў такі, на вуліцы Чкалава, за домам, дзе размяшчаецца аптэка, ды толькі ў Міністэрстве не знайшлося грошай на ажыццяўленне яго задумы. Давялося задаволіцца прыбудовамі да старога будынка. А вось на транспартную праблему пасля рапарта начальніка ў вобласці адрэагавалі: выдзелілі аддзелу адну легкавую машыну і аўтазак.
Распавядаючы пра той час і пра сваё станаўленне як кіраўніка, Сцяпан Дужы, вядома ж, не мог не ўспомніць пра лю­дзей, з якімі давялося працаваць, бо, як зазначыў сам: начальнік моцны сваімі падначаленымі. А яны ў яго былі і сапраўды на сваіх месцах. Гэта следчыя, сапраўдныя прафесіяналы Сцяпан Гапанюк і Васіль Яўчук, начальнік крымінальнага вышуку Мікалай Бурштын, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Мікалай Макарук, начальнік АБКС Анатоль Кічыгін, начальнік ГАІ Адам Паско, інспектар дзяржпажнагляду Пётр Грыцук, дзякуючы яму ўсе калгасы раёна былі забяспечаны пажарнымі машынамі, што на той час было рэдкасцю. А яшчэ — сакратар Тамара Хатынюк і машыністка Марыя Васілюк. І, вядома ж, участковыя, якіх Сцяпан Дужы і зараз называе начальнікамі міліцыі на сваіх участках. Мікалай Крэнь, Васіль Паўлаў, Мікалай Чарняўскі, Мікалай Чуль, Фёдар Улезла. Гэтых, па-сапраўднаму адданых сваёй справе мужчын многія маларытчане не толькі помняць, але і ведаюць, як гавораць, у твар. Участковыя на рабоце выхоўваліся і даспявалі, як хлеб у печцы. Менавіта яны на сваіх участках, пры вялікай падтрымцы і дапамозе кіраўнікоў гаспадарак, якія таксама адказвалі за маральнае аблічча сваіх падначаленых, зніжалі злачыннасць у раёне. А калі ў каго не хапала адукацыі, адзначаюць колішнія падначаленыя Сцяпана Дужага, пры першай жа магчымасці накіроўваў маладых супрацоўнікаў на вучобу ў школу міліцыі. Бо ўпэўнены, каб падрыхтаваць работніка міліцыі, патрэбны вызначаны час і ўмовы. Сам жа супрацоўнік праваахоўных органаў павінен быць сумленным, справядлівым, акуратным, настойлівым, ініцыятыўным, вы­нос­лівым і ніяк не высакамерным.
Што тычыцца злачынстваў, то з-за адсутнасці граніцы, па словах Сцяпана Мікалаевіча, да 45 працэнтаў іх учынялі прыезджыя. Вось і 9 крадзяжоў за 2 дні падчас яго работы ў Маларыце ўчынілі залётныя злодзеі, якія займаліся нячыстай справай яшчэ ў Брэсцкім і Жабінкаўскім раёнах. Для выкрыцця злачынства была створана аператыўная група. Сумеснымі намаганнямі аднаго са злодзеяў затрымалі ў Тамашоўцы Брэсцкага раёна.
А ў 1977 годзе з універмага райцэнтра было ўкрадзена 13 футраў. Аб гэтым начальніку паведамілі з дзяжуркі а палове другой гадзіны ночы. Яго падазрэнне адразу ж пала на аднаго з жыхароў раёна, які напярэдадні вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі і звяртаўся да яго асабіста з просьбай дапамагчы ўладкавацца на работу. Калі ж пытанне з працаўладкаваннем было вырашана, нават паабяцаў, што яго партрэт пабачаць яшчэ на Дошцы гонару калгаса. Сцяпан Мікалаевіч успомніў таксама, як амаль паўдня настаўлялі яго на шлях справядлівы.
Калі ж падазраваемага затрымалі, ён увесь быў акрываўлены. Пасля допыту гора-працаўнік прызнаўся: футры схаваны ў адным з хлявоў па вуліцы Несенюка ў сене, дзе іх і знайшлі.
Гэта ўсяго адзін з момантаў штодзённай карпатлівай працы супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў, які Сцяпан Дужы ўзначальваў крыху больш за тры гады. Але менавіта за высокую выкрывальнасць злачынстваў у 1977 годзе аддзел быў адзначаны Памятным вымпелам Міністэрства ўнутраных спраў БССР. Уручыў яго міністр ведамства Віктар Пескароў. Момант гэтай важнай падзеі і быў адлюстраваны на фотаздымку, які дагэтуль захоўваецца ў асабістым фотаархіве падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Сцяпана Дужага (у цэнтры).

Пасляслоўе
Сустрэча са Сцяпанам Мі­ка­лаевічам у музеі доўжылася без малога дзве гадзіны. І, вядома ж, у газетным артыкуле пра ўсё, што ён распавёў і чым жыве зараз, не раскажаш. Але ўражанне яна пакінула незабыўнае. Прычым не столькі ад аповяду пра службовую дзейнасць. Пасля Маларыты Сцяпан Дужы працаваў крыху больш за 3 гады намеснікам і без малога 5 гадоў начальнікам аддзела барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыі УУС аблвыканкама. У адстаўку выйшаў у званні падпалкоўніка. Але гэта ўжо іншая гісторыя, якая напрамую з Маларытчынай не звязана.
Мяне больш уразіла начытанасць гэтага чалавека. Падчас размовы ён так і “сыпаў” выказваннямі вядомых людзей, нават апостала Паўла. Пра сумленнасць, патрыятызм, прабачэнне, нават прытчу распавёў пра крыўду, якую нельга трымаць на людзей і тым больш, на блізкіх. Даспадобы прыйшліся яго адносіны да падначаленых: “начальнік, як мора: зверху — шум, унізе — спакой”, да сямейных каштоўнасцей: “тыл патрэбна ўсяляк аберагаць”. І здаецца, не выпадкова ён у свой час для плаката, якія ў той час развешвалі на адміністрацыйных будынках прадпрыемстваў і устаноў, выбраў не патрыятычны заклік, а, як прапанаваў яму тагачасны дырэктар СШ №1 Васіль Маркаў, выказванне пісьменніка Антона Чэхава: “У чалавеку ўсё павінна быць прыгожа: і твар, і адзенне, і душа, і думкі”…
Надзея ЯЦУРА.
Фота з архіва.

Опубликовано ГЧ № 9 от 1.02.17 г.

Добавить комментарий


прокат свадебных платьев киев

https://www.etalon.com.ua/

У нашей организации полезный сайт про направление купить мебель мебель киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!