Гаворым ці маўчым па-беларуску ?

Артыкул Марыі Наўрось “Жыццё як адкрыты ўрок”, які надрукаваны ў раённай газеце 7 снежня мінулага года, апрача іншага, выклікаў сумныя развагі, роздум пра стан беларускай мовы, якая на Маларытчыне з’яўляецца, на вялікі жаль, не гаспадыняй, а парабчанкай.
Спачатку некалькі афіцыйных лічбаў, якія абнадзейваюць, усяляюць веру, грэюць душу.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва на Маларытчыне пражывала 25 780 чалавек, з іх 88,34% — беларусы. 56,94% беларускую мову назвалі роднай, 28,1% на ёй размаўляюць дома. Акрамя таго, з агульнай колькасці насельніцтва 14,8% назвалі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой валодаюць свабодна. Аднак ці можна гэтым працэнтам верыць і давяраць? Не! У раёне склалася парадаксальная сітуацыя: родную мову цяпер у родных мясцінах пачуць практычна немагчыма. Беларуская мова ёсць, але на Маларытчыне на ёй практычна ніхто не размаўляе. Так і хочацца з’едліва сказаць: 56,94% і 28,1% сведчаць, напэўна, толькі аб тым, што на роднай мове мы па-майстэрску ўмеем толькі… маўчаць.
Што на гэты конт думаюць маларытчане.
Мікіта Сезік, вучань 6 “А” класа раённай гімназіі:
-Мова – гэта штосьці роднае, надзвычай блізкае, вельмі дарагое. Гэта тое, без чаго нельга жыць! Мы, беларусы, сваю мову забылі, кінулі пры дарозе. Яе топча кожны з нас. Прыкра, крыўдна і балюча. Мова стаіць як адзінокі, асірацелы колас у полі.
Паводле даследвання, праведзенага ЮНЕСКА, наша родная мова — самая мілагучная пасля італьянскай. Таму, відаць, яна так западае ў душу! Я спадзяюся, што беларуская мова некалі набярэ сілы, моцы і расквітнее. Нездарма Пімен Панчанка, захапляючыся роднай мовай, так напісаў пра яе: “Ільняная і жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы ў расе. Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая!”
Таццяна Іолап:
-Па нацыянальнасці я руская, але так склаліся абставіны, што замуж выйшла і пераехала жыць у Маларыту. Беларуская мова мне спадабалася адразу. Цяпер яе выдатна разумею. Праўда, гаварыць прыгожа па-беларуску пакуль не магу. Я не магу адказаць, чаму беларусы саромяцца сваёй роднай мовы? Дзе ў Маларыце, скажыце, можна цяпер пачуць беларускую мову? На вуліцах – не, у гандлёвых кропках – зноў жа не, ва ўстановах культуры і падчас правядзення розных культурна-масавых мерапрыемстваў – таксама рэдка… Адзіным месцам на Маларытчыне, дзе штодзень гучыць родная мова, цяпер з’яўляюцца толькі ўстановы адукацыі. Ну і раённая газета, дзе большасць матэрыялаў друкуецца толькі на беларускай мове.
Ведаеце, калі б не назвы населеных пунктаў, напісаных на дарожных знаках па-беларуску, дык у мяне склалася б уражанне, што я жыву ў Расіі.
Павел Сахашчык:
— Я беларус і мая родная мова беларуская. Але гэта не значыць, што я размаўляю на ёй увесь час. Хацелася б, але няма, на жаль, у Маларыце адпаведнага моўнага асяроддзя. А вось у Мінску сярод студэнтаў размаўляць па-беларуску ўваходзіць у моду. Я ведаю родную мову і стараюся паляпшаць свае веды па ёй, абавязкова чытаю беларускамоўныя газеты і часопісы. Цяпер у мяне мала магчымасцяў размаўляць па-беларуску. Раз у тыдзень, бывае, гаворым з сябрамі па скайпу.
Марыя Джыга:
— Калі да мяне звяртаюцца на беларускай мове, то і адказваю па-беларуску. На роднай мове размаўляю рэдка, ды і то пераважна з некаторымі калегамі.
Са станам роднай мовы на Маларытчыне мяне здзіўляе многае. Назвы магазінаў на шыльдах практычна ўсе выкананы на рускай мове. Ды і ва ўстановах адукацыі сітуацыя з беларускай мовай, лічу, ненармальная. Што мяне асабліва абурае? Мой сын вучыцца ў 9 класе ў школе з беларускай мовай навучання. Яго класны кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. На роднай мове яна размаўляе выключна толькі на ўроках, а вось інфармацыйныя гадзіны, класныя гадзіны праводзіць на рускай мове, з дзецьмі ўсюды таксама размаўляе па-руску.
Аляксандр Млынец:
— У мяне не раз было жаданне размаўляць па-беларуску, але не было зручнага моманту. Складана пачаць, пераступіць нейкую нябачную перашкоду, бар’ер. Цяжка гаварыць штосьці па-беларуску, калі навокал чуваць толькі рускую мову і мясцовы дыялект. А яшчэ складаней, калі пры размове на рускай мове гавораць усе твае сябры і знаёмыя. Яны звыкліся з табой рускамоўным, а ты ім тут нешта па-беларуску кажаш. На смех падымуць і тым самым адаб’юць ахвоту гаварыць на роднай мове надоўга.
Зракаючыся мовы, мы зракаемся сваёй гісторыі, продкаў, векавых традыцый, культуры. Гэта надзвычай небяспечна для грамадства. У рэшце рэшт, ці не прывядзе такая сітуацыя са станам роднай мовы да таго, што мы, беларусы, можам страціць сваю ідэнтычнасць і гістарычную памяць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у раённай гімназіі дарагіх гасцей сустракаюць заўсёды з хлебам-соллю на ручніках і абавязкова “па-беларуску”.
Фота аўтара.
Опубликовано ГЧ № 9 от 1.02.17 г.

Добавить комментарий


ремонт квартир под ключ киев

profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!