Не дай сябе замарозіць

Люты – адзін з самых марозных і халодных месяцаў года. Нядаўна цыклон “Аксель” засыпаў Беларусь не толькі снегам, але і ўдарыў маразамі па нашым здароўі. У лячэбных установах павялічылася колькасць пацярпелых ад абмаражэнняў. У нашым раёне пакуль зарэгістраваны 1 выпадак звяртання ў хірургічны кабінет паліклінікі з абмаражэннем фалангі пальца ў дзіцяці.
Абмаражэнне – гэта пашкоджанне тканак цела, выкліканае ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Яно можа быць павярхоўным і глыбокім. Гэта залежыць ад працягласці дзеяння холаду і марозу. Але часцей за ўсё зімой адбываецца агульнае пераахалоджванне цела. Што ж садзейнічае замярзанню, абмаражэнню і пераахалоджванню?
Адсутнасць рухальнай актыўнасці, алкагольнае ап’яненне, лёгкі і цесны абутак, які абцяжарвае кровазварот, гулянне без галаўнога ўбору і ў адзенні не зімовага сезону, хваробы сасудаў канечнасцей, некаторыя неўралагічныя і псіхічныя захворванні, цукровы дыябет, раней перанесенае абмаражэнне – вось асноўныя фактары рызыкі пры нізкіх тэмпературах за акном. Абмарозіць адкрытыя ўчасткі цела даволі лёгка. Падчас нават і не прыкмеціш, як гэта здарылася. Звычайна скура пры пераахалоджванні пачынае бялець, а пры глыбокім абмаражэнні на целе з’яўляюцца пузыры, напоўненыя вадкасцю. Парушаецца адчувальнасць пальцаў рук і ног, з’яўляецца пачуццё паколвання ці поўзання мурашак па скуры.
Каб засцерагчы сябе ад моцнага марозу, неабходна апранаць цёплае адзенне з натуральных матэрыялаў. Чым больш слаёў вопраткі, тым больш надзейна і цёпла. Напрыклад, не перашкодзіць апрануць байку ці світар пад паліто, на ногі — дзве пары шкарпэтак. Паветра паміж слаямі адзення дапамагае захаваць цяпло. Ногі варта абуваць толькі ў свабодны і цёплы абутак на тоўстай падэшве, рукі хаваць у рукавіцы. Абавязкова трэба насіць галаўны ўбор – шапку, якая можа закрыць вушы і лоб. Не варта насіць на марозе металічныя ўпрыгожванні, нельга прымяняць перад выхадам на вуліцу крэмы для ўвільгатнення, бо яны ўзмацняюць рызыку абмаражэння. У марознае надвор’е неабходна адмовіцца ад курэння, бо тытунь садзейнічае змяншэнню кровазвароту ў ніжніх і верхніх канечнасцях. Не ўжывайце таксама спіртныя напоі. Празмернае іх піццё правакуе страту вялікай колькасці цяпла, а таксама прыводзіць да пераахалоджвання. Нельга гуляць на марозе з галодным страўнікам, таму што арганізму трэба вялікая колькасць энергіі, каб змагацца з холадам. Асабліва асцярожна трэба выбіраць магчымасць гуляць, прагульвацца на марозе дзецям. Адпускаць дзіця адно гуляць у марозныя дні на вуліцу не варта. Калі за акном тэмпература да 15 градусаў марозу, можна дазволіць пагуляць 15 – 30 хвілін, але галоўнае — цёпла апрануць перад выхадам на прагулку. А ў моцныя маразы не рэкамендуецца зусім выводзіць малых на вуліцу. У час моцнага ветру верагоднасць абмаражэння і пераахалоджвання вышэй, таму не трэба затрымлівацца доўга на вуліцы, а варта перыядычна забягаць у любое цёплае месца, каб сагрэцца. Але лепш за ўсё ў моцныя маразы заставацца дома, не планаваць працяглых паездак на аўтамабілі, не адпускаць дзяцей без суправаджэння ў школы, якія знаходзяцца далёка.
Што рабіць пры першых прыкметах абмаражэння?
Неабходна актыўна рухацца і як мага хутчэй трапіць у цёплае памяшканне, каб адагрэцца, выпіць цёплага чаю. Ні ў якім разе нельга расціраць адкрытыя ўчасткі снегам, саграваць рукі і ногі ў гарачай вадзе, бо рэзкія перапады тэмпературы пагражаюць закупоркай сасудаў і амярцвеннем тканак. Калі пальцы анямелі ад холаду, іх варта захутаць у цёплую тканіну. Дарослыя часта саграваюцца алкаголем, але гэта таксама небяспечна. Алкаголь згушчае кроў, у выніку хуткасць кровазвароту ў канечнасцях зніжаецца, і яны хутчэй замярзаюць. Важна як мага раней звярнуцца за медыцынскай дапамогай пры абмаражэнні, бо вынікі і ўскладненні могуць быць самымі сур’ёзнымі.
Вольга КАВАЛЕЎСКАЯ, валеолаг ЦРБ.
НА ЗДЫМКУ: Вольга КАВАЛЕЎСКАЯ.

Опубликовано ГЧ № 9 1.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.