Адзін лёс на дваіх

Ганна Сямёнаўна і Іван Аляксандравіч Седзюкі, да якіх наведаліся мы,  завіха­ліся ў двары. У апошнія асеннія дні клапатлівыя гаспадары, нягледзячы на свой узрост (Ганне Сямёнаўне 78, Івану Аляксандравічу – 83), стараліся давесці ўсё да толку.
— Мы з дзяцінства прывыклі працаваць, — заўважае гаспадыня і пачынае ўспамінаць пражытае і перажытае.
Нарадзілася Ганна Сямёнаўна ў вёсцы Лясавец. Бацькі яе былі людзі працавітыя, трымалі вялікую гаспадарку, засявалі немалыя ўчасткі зямлі. Дзеці, якіх у сям’і было сямёра,  з маленства ведалі, што трэба ўсё лета пасвіць кароў, працаваць на полі, і толькі зімою адпраўляліся ў школу, каб навучыцца чытаць, лічыць.
— На ўсё жыццё запомніла бацькаву прыказку: хата прыгожая не кутамі, а пірагамі, — дзялілася Ганна Сямёнаўна. —  І ў нас сапраўды было ўсяго ўдосталь. Вось і прызналі бацьку кулаком. Усё нажытае сям’ёй за доўгія гады забралі, пакінуўшы дом без кавалка хлеба.
Сем пераляканых дзяцей са слязамі назіралі за ўсім. Яны яшчэ не разумелі, што іх чакае сапраўдны голад. Бацька Ганны Сямёнаўны, сабраўшыся ў дарогу, прыказаў жонцы: “Дзеці няхай на вуліцу гуляць выходзяць, але каб нікому і слова пра тое, што галодныя, не казалі, і хлеб ні ў каго не прасілі”.
— Тыдзень не было бацькі дома. Вярнуўся ён не з пустымі рукамі. Адправіўшыся ў горад, купіў 16 кілаграмаў зерня. Яго змалолі, маці напякла хлеба. Усім дала па скібцы. Ён такі смачны быў… Так хацелася яшчэ хоць крышачку. Але на дзіцячыя просьбы маці толькі сказала: “Трэба,  каб і на другі дзень нешта засталося”, – уздыхаючы, успамінала мая субяседніца.
Не адзін дзень, і нават не адзін год даводзілася вялікай сям’і жыць у нястачы, пакуль, працуючы на зямлі, яны не пачалі крыху паднімацца на ногі. Але абжыцца не дала вайна. За гады яе многае давялося перажыць. Вайна ўсплывае ў памяці Ганны Сямёнаўны ўрыўкамі. Асабліва ярка запомніўся той час, калі ў іх доме размяшчалася партызанская сталовая.
У 1945-ым сям’я Ганны Сямёнаўны першай запісалася ў калгас. Нялёгкімі былі пасляваенныя гады. Бацькі, як маглі, стараліся працаваць, каб пракарміць дзяцей. Ды і самі дзеці, пазбаўленыя дзяцінства, добра ведалі салёны смак працы.
Непрыкметна прабягалі год за годам. Нядаўна яшчэ зусім маленькая Ганна падрасла, стала прываблівай дзяўчынай. Аднойчы, прыехаўшы з Чарнян у Лясавец у госці да сваякоў, пабачыў яе хлопец Іван. Два гады, пакахаўшы адзін аднаго, сустракаліся яны. І вось аднойчы прыйшоў юнак разам з цёткаю да яе бацькоў у сваты. Калі згулялі вяселле, Ганне Сямёнаўне было ўсяго васямнаццаць. 11 гадоў пражыла яна ў доме бацькоў Івана і заўжды старалася быць добраю нявесткаю.
— Цяпер і вяселлі ўжо не такія, ды і да маладых па-іншаму ставяцца. А тады традыцыя была: з першага дня трэба было пераканаць усіх у тым, што ў цябе працавітыя рукі. Толькі паспелі мне вэлюм зняць, як свякроў паклікала; “Пайшлі ў хлеў, кароў даіць”. А я да работы па гаспадарцы была звыклая, таму мяне нічога не пужала”, – успамінае Ганна Сямёнаўна.
60 гадоў пражылі Ганна Сямёнаўна і Іван Аляксандравіч Седзюкі ра­зам. Траіх сыноў выгадавалі, дапамаглі ў жыцці знайсці сваю дарогу. А самі да пенсіі і нават пасля выхаду на яе ў мясцовым калгасе працавалі, ды і сваю немалую гаспадарку заўжды трымалі. Вось і сёлета, хоць здароўе ўжо слабое, 20 сотак бульбы садзілі, добры ўраджай яе атрымалі. Спраўляцца з цяжкай работай дапамагае сын Анатоль, які жыве ў Кобрыне. А  вось  сын Міхаіл, былы марак, наведваецца рэдка, бо жыве ў Расіі. Сёлета на Сёмуху адзначылі Седзюкі брыльянтавае вяселле. І хоць жыццё іх не было ўсыпана брыльянтамі, але ўмелі цаніць яны простыя чалавечыя адносіны, радавацца нават малым поспехам, не адчайвацца нават ад вялікага гора, дасягаць усяго сваёё працай. А гэта і ёсць галоўнае багацце чалавека.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Сямёнаўна і Іван Аляксандравіч Седзюкі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://avto-poliv.com.ua

velotime.com.ua

Buy Turinox online in Canada