Фундамент будучыні — патрыятычнае выхаванне

Нагодай для грунтоўнай размовы на пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое прайшло ў форме “круглага стала” ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, стаў прыемны факт – прысуджэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Такой узнагароды ўдастоена Федэрацыя за шэраг праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку дзяцей, вучнёўскай і працоўнай моладзі. 

Таму нездарма тэма адраджэння традыцый і памяці аб мінулым і стала лейтматывам дыялогу, які, распачаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк пасля кароткага знаёмства вядучай мерапрыемства, загадчыцы аддзела абслугоўвання бібліятэкі Валянціны Ібрагімавай, з маштабным укладам нацыянальнага прафсаюзнага цэнтра ў рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”.
Пад увагай прафсаюза, як заўважыў ён, жыццё працоўных калектываў, сітуацыя ў грамадстве, пытанні заработнай платы, аховы працы, сацыяльныя пытанні, абарона правоў працоўных. Вырашэнне надзённых праблем – гэта важна. Але не менш важна дапамагчы чалавеку працы раскрыць свае здольнасці, каб калегі ўбачылі яго з іншага боку. А таму адраджэнню духоўных ка­ш­тоўнасцей, патрыятычнаму вы­хаванню надаецца значная ўвага. І гэтая работа праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі.
Адным з самых маштабных праектаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, узнагародай за ажыц­цяў­ленне якога і стала прэмія “За духоўнае адраджэнне”, была рэ­канструкцыя мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. Але ў нас у раёне ёсць сотня сваіх памятных месцаў, якія, як адзначаў, працягваючы дыялог, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, падтрымліваюцца ў належным стане дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву розных арга­нізацый, у тым ліку і галіновых аб’яднанняў прафсаюзаў. Кожную вясну праводзіцца агляд помнікаў, тэрыторыі ля іх. Яны знаходзяцца пад адкрытым небам, а таму, вядома, патрабуюць пастаяннай увагі і догляду. І тое, што за кожным з іх замацаваны не толькі працоўныя калектывы, але і школьнікі, адыгрывае значную ролю ў патрыятычным выхаванні.
Амаль 72 гады мы жывем без вайны. І тых, чые лёсы звязаны з Вялікай Айчыннай, з кожным годам становіцца ўсё менш. Абавязак грамадства паклапаціцца аб тым, каб жыццё ветэранаў было дастойным. 27 ветэранаў вайны, з іх 9 удзельнікаў яе непасрэдна, 4 працаўнікі тылу, двое тых, хто працаваў на прыфрантавых участках чыгуначных дарог, – гэтыя і многія іншыя катэгорыі людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да вайны, атрымліваюць розныя віды дапамог, канстатавала, працягваючы размову, выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Іолап. Склалася добрая традыцыя не толькі падтрымліваць ветэранаў матэрыяльна, але і радаваць увагай. І гэтая работа праводзіцца сумесна з многімі грамадскімі аб’яднаннямі.
У раёне дзейнічае больш за 20 розных арганізацыйных структур, і кожная з іх уносіць сваю лепту ў патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, падкрэслівала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Жалнерык. Дзясяткі акцый, шэфская дапамога, удзел у мітынгах, валанцёрская падтрымка, месячнікі патрыятычнай работы, урокі мужнасці – усё гэта выхоўвае павагу да старэйшага пакалення, вучыць дабрыні.
Аб тым, як важна адраджаць самыя лепшыя традыцыі, сярод якіх шчырыя зносіны з людзьмі, падтрымка добрым словам ці ўчынкам, гаварыла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. Яна прывяла прыклад таго, як на­дзейнае партнёрства прафсаюза і адміністрацыі дапамагае з году ў год падтрымліваць добрую традыцыю не забываць пра тых, хто ў калектыве працаваў раней.
— Майму свёкру нядаўна споўнілася 80 гадоў, — расказвала Людміла Віктараўна. — Якой радасцю было для яго прачытаць у раённай газеце віншаванне з юбілеем ад калектыву Маларыцкай ПМК-8, дзе ён некалі працаваў. За многія гады змяняліся кіраўнікі, прафсаюзныя лідары, але пра былых калег на прадпрыемстве не забываюць.
Вопытам таго, як умеюць разнастайваць свае будні на заслужаным адпачынку ветэраны-педагогі, дзялілася Соф’я Якубчык. Раённая арганізацыя ветэранаў педагагічнай працы арганізоўвае паездкі па памятных мясцінах, для ветэранаў пры падтрымцы галіновага прафсаюза праводзяцца тэматычныя сустрэчы, не застаюцца без віншаванняў юбіляры, не забываюць у арганізацыі ўшанаваць памяць тых калег, якія пайшлі ўжо з жыцця, і, што самае галоўнае, ветэраны сустракаюцца з моладдзю, перадаюць не толькі свой настаўніцкі вопыт, але і дзеляцца лепшымі традыцыямі.
“Круглы стол” не выпадко­ва праводзіўся менавіта ва ўстанове культуры. Адраджэнне духоўных каштоўнасцей, выхаванне гра­мадзянскасці і патрыятызму, як адзначала дырэктар Маларыцкай ЦБС Наталля Кузьміцкая, прыяры­тэтны напрамак дзейнасці бібліятэкі. Патрыятызм – паняцце шырокае. Гэта і любоў да сваёй маленькай радзімы, да людзей, якія жывуць побач, да роднай мовы. Каб выхоўваліся гэтыя пачуцці, бібліятэкары арганізоўваюць кніжныя выставы, праводзяць урокі патрыятызму, інфармацыйныя гадзіны. Значнае месца ў патрыятычным выхаванні адводзіцца і выдавецкай дзейнасці, дзякуючы якой ёсць магчымасць захаваць успаміны сведкаў вайны, знаёміцца з гісторыяй вёсак раёна, а, разам з тым, і з лёсамі людзей. Наталля Аляксееўна пазнаёміла ўсіх з кантэнтам бібліятэчнага сайта, дзе можна адшукаць шмат карыснай інфармацыі па краязнаўству.
Госці на пасяджэнне прафсаюзнага актыву былі запрошаны не выпадкова. Многіх з іх чакаў прыемны момант узнагароджання. За ўзаемадзеянне з прафсаюзным актывам раёна ва ўтрыманні ў належным стане помнікаў воінскай славы дыплом ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымаў старшыня савета ветэранаў Уладзімір Бойка. За актыўнасць у рабоце з ветэранамі была заахвочана старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Соф’я Якубчык. Не засталіся без увагі і прадстаўнікі маладога пакалення. За шэфскую дапамогу ветэранам вайны і ініцыятыўную работу па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў дыпломам узнагароджаны навучэнец дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Антон Ілюкевіч.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час мерапрыемства.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКА.

Опубликовано ГЧ № 11 от 8.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий