Вялікія перамогі пачынаюцца з маленькіх

У раёне ёсць шмат педагогаў, здольных павесці за сабой, зацікавіць і захапіць сваім прадметам. Да ліку такіх адносіцца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталь Ануфрыевіч Пішчык з Мельніцкай базавай школы. Гэта надзвычай цікавы, неардынарны, шчыры, сардэчны і спагадлівы чалавек, які ўмее падабраць ключыкі да сэрцаў вучняў. Ён імкнецца на асабістым прыкладзе прапагандаваць здаровы і актыўны лад жыцця, прыцягваць пад спартыўныя сцягі дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў.

— Заўсёды кажу вучням, што фізічная культура — гэта не толькі ўрок у школьным раскладзе, — гаворыць Віталь Пішчык. — Гэта найперш прафілактыка захворванняў і ўмацаванне здароўя. Урокі ў спартыўнай зале і на свежым паветры загартоўваюць і ўмацоўваюць арганізм, дапамагаюць расці здаровымі, быць фізічна актыўнымі, дужымі і спрытнымі.
Сам Віталь Ануфрыевіч спортам займаецца з дзя­цінства. З выбарам жыццёвага шляху праблемы не было. З 7 класа ён, вучань Мельніцкай вась­мігадовай школы, пастаянна ўдзельнічаў у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Юнак сур’ёзна, мэтанакіравана і рэгулярна рыхтаваўся да спартыўных мерапрыемстваў. Перамогі ў спаборніцтвах надавалі стымул трэніравацца, каб наступны раз паказаць лепшы вынік. У хлопца была запаветная мара, да якой ён ішоў не адзін год, — стаць прафесійным спартсменам. Але жыццёвыя абставіны перапісалі планы юнака. Пасля школы ён паступіў на спартфак Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.
Маладога спецыяліста прыгледзеў тагачасны дырэктар Маларыцкай дзіцячай спартыўнай школы Мікалай Германюк, які планаваў узяць яго трэнерам па лёгкай атлетыцы. Але набліжаўся новы навучальны год, а ў Мельніцкай базавай школе не было настаўніка фізічнай культуры. У гэтую ўстанову і быў накіраваны Віталь Ануфрыевіч, у працоўнай кніжцы якога — усяго адзін запіс аб прыёме на работу. Настаўнік ніколі не пашкадаваў, што 25 гадоў назад пагадзіўся працаваць у роднай школе.
Віталь Ануфрыевіч ак­тыўна прапагандуе сярод вучняў заняткі фізкультурай і спортам, культуру здаровага ладу жыцця. І гэта ў педагога атрымліваецца выдатна, пра што сведчаць шматлікія факты.
— Да саракагадовага ўз­росту штогод удзельнічаў у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і турыстычных злётах, — расказвае Віталь Пішчык. — Узяў за правіла: калі на ўроках — кросавая падрыхтоўка, то неабходныя дыстанцыі абавязкова прабягаю разам з вучнямі. Так пачаў рабіць з першых дзён педагагічнай работы. Не адыходжу ад гэтай традыцыі і сёння. Вучняў вельмі стымулюе, калі побач з імі дыстанцыю бяжыць настаўнік.
Пытаюся ў Віталя Ануф­рыевіча:
— З чаго складаецца здаровы лад жыцця?
— Сёння модна быць здаровым і весці актыўны лад жыцця, — адказвае ён. — Здаровы лад жыцця — гэта выхаванне ў раннім дзяцінстве здаровых навыкаў, пра­філактыка шкодных звычак, набыццё ведаў пра іх негатыўны ўплыў на арганізм чалавека і яго здароўе. Здаровы лад жыцця — гэта і рацыянальнае харчаванне, фізічная актыўнасць, выкананне пра­віл асабістай гігіены…
Настаўнік удзяляе вя­лікую ўвагу захаванню і ўмацаванню фізічнага і псіхалагічнага здароўя вуч­няў, выхоўвае ў іх беражлівыя і адказныя адносіны да ўласнага зда­роўя, фарміруе гігіенічныя навыкі, прапагандуе здаровы і актыўны лад жыцця. Гэтага можна дасягнуць толькі пры якаснай арганізацыі ўрокаў фізкультуры і падчас спар­тыўна-аздараўленчай работы ў школе.
— У нашай школе створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для фіз­культуры і пазакласнай работы, — расказвае дырэктар установы Іван Шышук. — Так, для вучняў 1-4 класаў штодзень перад урокамі праводзіцца ранішняя гімнастыка. 16 выхаванцаў школы (з 76) ужо ўдзельнічалі ў розных абласных спаборніцтвах. Вучні 1-9 класаў вучацца плаванню ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” Маларыты. Усе дзеці, пачынаючы з 4 класа, добра трымаюцца на вадзе і ўмеюць плаваць. Як правіла, раз у месяц у школе праводзіцца дзень здароўя, некалькі разоў на год — спартландыя для вучняў “На старт!”. Вучні з нецярпеннем чакаюць тыдні спорту і здароўя, шашачныя турніры, спартыўныя эстафеты, спартландыю “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, лыжныя прагулкі, катанні на каньках. Традыцыйна на базе школы двойчы ў год (вясной і восенню) праходзяць раённыя спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе сярод юнакоў і дзяўчат, дзе галоўным суддзёй нязменна з’яўляецца Віталь Пішчык. Праводзяцца ва ўстанове адукацыі і алімпійскія дні. Падчас апошняга з іх, “Спорт высокіх дасягненняў”, была арганізавана сустрэча з майстрам спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы Ірынай Мішчук і кандыдатам у майстры спорту па цяжкай атлетыцы Інай Захарчук.
— Многія школьнікі пасля ўрокаў з задавальненнем наведваюць спартыўныя секцыі, — гаворыць Віталь Пішчык. — Пры правядзенні заняткаў прытрымліваюся прынцыпу: спорт для дзяцей, а не дзеці для спорту. Асноўнай мэтай фізічных практыкаванняў з’яўляецца не выхаванне чэмпіёнаў, а падрыхтоўка школьных спартсменаў, выяўленне здольнасцей для іх далейшага ўдасканальвання, развіцця ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ці ў школе алімпійскага рэзерву. Вынік карпатлівай працы — перамогі на розных спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў. Усе ўзнагароды беражліва захоўваюцца ва ўстанове адукацыі. Спартыўныя зоркі школы — гэта шасцікласнікі Яўген Назарук і Марыя Захарчук, сямікласнікі Настасся Кірылава, Аляксандра Косік і Дар’я Косік.
Віталь Пішчык лічыць, што, развіваючы фізічныя здольнасці школьнікаў, трэба працаваць так, каб вучні маглі выканаць нарматывы, справіцца з існуючымі патрабаваннямі. Зразумела, гэта не ва ўсіх вучняў атрымліваецца адразу, таму некаторыя з іх страчваюць цікавасць да прадмета. Задача настаўніка — падтрымаць вучняў словам, растлумачыць, што любая вялікая перамога абавязкова пачынаецца з маленькай.
Ёсць у Віталя Ануфрыевіча педагагічная мара — выгадаваць алімпійскага чэмпіёна ці чэмпіёна Еўропы. Але найперш настаўнік хоча, каб усе яго вучні былі здаровымі і ніколі не забывалі дарогу ў спартыўную залу і басейн, на стадыён і да тэніснага корта. Каб здаровага ладу прытрымліваліся ўсё жыццё.
На здымку: Віталь Пішчык з Мельніцкай базавай школы.

Опубликовано ГЧ № 11 от 8.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.