Служыў сумленна

Сяргей Лядзінскі Ма­ла­рыцкі раённы аддзел унутраных спраў узначальваў са студзеня 1965г. па сакавік 1976г. Ён – першы начальнік рай­аддзела з вышэйшай аду­кацыяй.
Пра Сяргея Дзміт­рые­віча Лядзінскага, пад­палкоўніка міліцыі ў ад­стаўцы, ус­памінае яго дачка Ала Сяргееўна Чуль.
— Мой бацька нарадзіўся ў вёсцы Вішковічы Чаш­ніцкага раёна. Яго бацькі, мае бабуля і дзядуля, працавалі настаўнікамі, але часта пераязджалі з месца на месца. У 1937г. яны сталі працаваць у Вяцерскай сямігодцы, а пасля ў адной са школ Чашніцкага раёна Ві­цебскай вобласці. Дзед атрымаў назначэнне ў Вішкавіцкую сямігодку дырэктарам.
Сям’я пасяліліся ў школе. Праз дарогу жыла Надзея. Яна пасябравала з Тамарай, роднай сястрой Сяргея. Хлопцу адразу спадабалася На-дзея. Ён зразумеў, што моцна закахаўся ў гэтую дзяўчынку, і стаў рабіць ёй знакі ўвагі. Аднойчы, калі нікога не было ў класе, ён употайкі ў дзённіку Надзеі напісаў: “Вучыся на пяць і пра мяне не забывай”. Гэта было самае першае прызнанне ў каханні. На-дзея аўтара хутка знайшла, але ніяк не адрэагавала. Сяргей на гэтым не спыніўся. Неяк асмеліўся і папрасіў дазволу пацалаваць дзяўчыну ў шчаку. Тая моцна здзівілася і сказала: “Адхіліся, адыдзі…” Пасля гэтага з тыдзень пазбягала сустрэчы. Хлопец вельмі перажываў, але думка пра Надзею ніяк з галавы не выходзіла.
Бацька Сяргея ў На­дзеі выкладаў матэматыку, і ў яго ўпотай “выкрадваў” хлопец тэксты кантрольных работ ды прыносіў іх сваёй каханай дзяўчыне…

Хутка ляцеў час. Юнак, закончыўшы сярэднюю школу ў Чашніках, паступіў вучыцца ў Магілёўскую школу міліцыі. А Надзея падала дакументы ў Лепельскае пе­дагагічнае вучылішча. Сустрэчы сталі рэдкімі, але часта перапісваліся.
У 1951г. Сяргея Лядзін­скага ў званні малодшага лейтэнанта на першае месца працы накіроўваюць у Брэст. Тут, у раённым аддзеле міністэрства дзяржаўнай бяспекі, яго назначылі на пасаду старшага інспектара аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці. Надзею ж на першае месца працы накіравалі ў Маладзечанскі раён. Так атрымалася, што яны летам 1954г. адначасова прыехалі ў родную вёску на адпачынак. Сяргея адпусцілі на 2 тыдні.
У дзень прыезду, вечарам, ён і яна сустрэліся, доўга размаўлялі. На наступны дзень пешшу (8 км) пайшлі ў райцэнтр, каб афіцыйна зарэгістраваць шлюб. Але ў маладых людзей прапіска была па месцы працы, таму ў рэгістрацыі шлюбу адмовілі. Вярнуўшыся назад, узялі сведкаў і зноў пешшу за 6 км пайшлі ў суседнюю вёску ў сельскі Савет. Тут свае адносіны ўзаконілі.
Пазней ва ўспамінах Сяргей Дзмітрыевіч пісаў: “У мяне была хворая маці, меншая сястра Тамара заканчвала Лепельскае педагагічнае вучылішча. Сям’і неабходна было недзе жыць. У Брэсце ніхто не даваў гарантыі, што я некалі жыллё атрымаю. Таму ў свайго кіраўніцтва папрасіў аб тым, каб мяне на працу накіравалі ў той раён, дзе ёсць магчымасць хутка атрымаць кватэру. Так я і трапіў на Маларытчыну”.
-Мае бацькі ў Маларыце кватэру атрымалі праз 3 месяцы пасля прыезду сюды. Ім выдзелілі кватэру ў доме па вуліцы Чырвонаармейскай.
У 1954г. пры рэарга­ні­за­цыі аддзела Міністэрства дзяржаўнай бяспекі і лікві­дацыі раённых апаратаў камітэтаў дзяржаўнай бяс­пекі бацьку перавялі на працу ў міліцыю, дзе праслужыў амаль 25 гадоў. Для павышэння сваёй кваліфікацыі ў 1965г. ён закончыў вышэйшую школу Міністэрства аховы грамадскага парадку РСФСР (г.Масква).
-Ала Сяргееўна, якім быў Ваш бацька?
-Выдатным сем’янінам, душэўным чалавекам, інтэ­лігентным. З яго вуснаў ні разу не чула дрэннага слова. Бацька быў сапраўдным камуністам. Для яго гонар і сумленне – гэта не проста словы, а дэвіз усяго жыцця. Бацька ніколі не дзяліў лю­дзей на знатных і простых. Неабходную дапамогу мог аказаць кожнаму, калі гэта не супярэчыла закону. А вось для сябе што-небудзь папрасіць ён не мог. Думаю, што ў раёне яшчэ ёсць людзі, якім бацька дапамог вырашыць многія, здавалася б, невырашальныя пытанні.
Ніякага транспарту ў аддзеле тады не было. Праўда, можна было ездзіць на кані, але гэта, па словах бацькі, дастаўляла вельмі многа турбот. Таму ўвесь раён ён не адзін раз абышоў пешшу і аб’ехаў на веласіпедзе. Гэта займала многа часу, таму дома бываў мала. Маме адной было цяжка спраўляцца з намі, 2-ма дзецьмі, і па гаспадарцы. Але яна не адчайвалася. Распарадак службовага дня ў міліцыянера быў даволі напружаны, без выхадных. Дзяжурства, зноў дзяжурства, патруляванне, выклікі сярод ночы… Нягледзячы на такі напружаны графік працы, я ніколі не чула, каб ён калі скардзіўся хоць на якія-небудзь цяжкасці. Ды ці ёсць яна, лёгкая работа, калі да яе адносіцца як да галоўнай справы жыцця, аддаваць ёй усяго сябе, усе сілы і веды?
Бацька шмат расказваў пра сваё ваеннае дзяцінства, пра тое, як даводзілася тыднямі сядзець у балоце, каб не забралі ў Германію, як дапамагаў збіраць звесткі партызанам, як загінуў у партызанах старэйшы брат. А вось пра работу расказваў не вельмі многа. Не любіў. Напэўна, не хацеў нас турбаваць. Пасля выхаду ў адстаўку ўспамінаў пра тое, што не раз быў на валасок ад смерці, калі бандыты рабілі супраць іх засады.
Ва ўспамінах С.Д.Лядзінскі пісаў: “Міліцыянер павінен быць прынцыповым і до-­ бразычлівым, ветлівым і назіральным, валодаць хуткасцю мыслення і ўменнем прымаць імгненныя рашэнні ў самых розных сітуацыях. На першы план я стаўлю культуру ў абыходжанні з людзьмі. Прычым культуру не толькі ў сэнсе яе знешняга праяўлення, але і культуру як частку свядомасці, духоўнага свету чалавека”.
-Бацька прытрымліваўся двух галоўных службовых прынцыпаў, якія сталі для яго яшчэ і маральным крэда: любое злачынства павінна быць раскрыта, працаваць неабходна так, каб не пацярпеў невінаваты. Бацька не любіў, калі яго называлі міліцыянерам. Ён казаў: “Я – работнік міліцыі, а не міліцыянер!”
Па словах калег, знаёмых Сяргей Лядзінскі назаўжды застаўся ў іх памяці сумленным, працавітым, прын­цыповым і адкрытым чалавекам, які быў сапраўды на сваім месцы. Нездарма ў народзе кажуць, што кожны каштуе столькі, колькі каштуе справа, пра якую ён клапоціцца.
Сяргею Дзмітрыевічу Ля­дзінскаму было характэрна і пачуццё гумару.
— Прывяду ўсяго адзін прыклад, — успамінае Ала Чуль. — Неяк ноччу быў пажар у старым будынку Дома культуры, які знаходзіўся ля першай гарадской школы райцэнтра. Калі бацька па трывозе прыйшоў туды, пажарнікі лакалізавалі ачаг узгарання. А пасля выстраіліся ў шарэнгу і бойка рапартавалі аб тым, што пажар патушаны ўжо, а пашкоджанні нязначныя. На гэта бацька сказаў: “Аб’яўляю вам… вымову”. На збянтэжанае маўчанне пажарнікаў ён удакладніў: “Калі б гэты будынак згарэў, то хутчэй пабудавалі б новы Дом культуры. А так танцуйце і далей у былой канюшні”.
“Цяжка абысціся супра­цоўніку міліцыі без таго, каб хто-небудзь ды не трымаў на цябе камень за пазухай”, — не раз гаварыў бацька. Аднак я не раз бачыла, што маларытчане, сустрэўшы бацьку на вуліцах горада, спыняліся, шчыра з імі віталіся, нешта абмяркоўвалі… А аднойчы была сведкай таго, як адзін мужчына, які ўжо адсядзеў тэрмін у турме, падышоў да бацькі і сказаў: “Дзякуй Вам за тое, што Вы са мной, злачынцам, гаварылі і абыходзіліся як з чалавекам”.
…За сваю службу ў органах унутраных спраў С.Д.Ля­дзінскі таксама ат­рымліваў шматлікія падзякі, прэміі, медалі, ганаровыя граматы. На здымку: Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі, былы начальнік Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі, былы начальнік Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў.

Опубликовано ГЧ № 12 от 11.02.17 г.

Добавить комментарий


https://optiontradingstrategies.net

www.oncesearch.com

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!