На педагагічнай перадавой

На базе раённай гімназіі прайшоў фінальны тур раённага этапу рэспуб­ліканскага конкурсу прафесійнага май­стэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.
Ва ўрачыстым яго адкрыцці прыняў удзел Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2001”. Звяртаючыся да канкурсантаў, Вадзім Паўлавіч выказаў упэўненасць, што своеасаблівы чарговы экзамен на педагагічнае майстэрства яны таксама здадуць паспяхова, бо ўсіх педагогаў, якія выйшлі ў фінал, вылучае прафесіяналізм, працавітасць і мудрасць, патрабавальнасць і вернасць абранаму шляху, жаданне вучыць і любоў да дзяцей. Вадзім Паўлавіч шчыра пажадаў кожнаму канкурсанту поспехаў, удачы, бадзёрасці духу, сілы волі, далейшых дасягненняў на педагагічнай ніве, прызнання і павагі калег, бацькоў і вучняў.
Журы, якое ўзначальвала Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, неабходна было вызначыць лепшых педагогаў у некалькіх прадметных намінацыях.

На сцэне раённай гім­­назіі канкурсанты са­мапрадстаўляліся, абаранялі адукацыйны праект, праходзілі пе­дагагічную размінку. Заключны этап спаборніцтва ўключаў таксама і прад­стаўленне фіналіста педа­гагічным калектывам, дзе ён працуе. Канкурсанты дэманстравалі творчасць, крэатыў і вынаходлівасць. Фінал стаў своеасаблівым і непаўторным святам таленту, вынаходлівасці, інтэлігентнасці і натхнення і пераканаў, што на Маларытчыне працуе шмат таленавітых, творчых і эрудзіраваных педагогаў, шчыра адданых свайму прызванню, здольных працаваць на высокім узроўні. Кожны ўдзельнік прадэманстраваў пра­фесіяналізм, педагагічную кампетэнтнасць, вернасць абранай прафесіі і бязмежную любоў да дзяцей.
Сіла розуму і тэхна­лагічнасць сваёй дзейнасці, лідарскія якасці, уменне прэзентаваць свой вопыт і ідэі, мабілізацыя інтэ­лектуальных, духоўных і маральных сіл – вось тыя якасці, якія вызначалі паспяховасць выступлення ўсіх удзельнікаў у гэтым конкурсе. Аднак, як і ў любым спаборніцтве, журы вызначыла лепшых.
У намінацыі “Выхавальнік дашкольнай установы” пераможцай стала Вольга Сымонік, кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №4, прызёрам – Юлія Кавальская, выхавальніца ясляў-сада №6, лаўрэатам – Ірына Абрамчук, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада №2. У намінацыі “Замежная мова” званне пераможцы атрымала Аксана Ярмалюк, настаўніца СШ №1 г.Маларыты, прызёра – Людміла Чагайда, настаўніца Макранскай СШ. Пераможцам у намінацыі “Хімія, біялогія” прызнаны Вячаслаў Пацук, настаўнік Лукаўскай СШ. У намінацыі “Пачатковыя класы” званне лаўрэата нададзена Таццяне Кур­дзюк, настаўніцы Ляхавецкага д/с-СШ, а ў намінацыі “Працоўнае навучанне, чарчэнне” — Мікалаю Кірычуку, настаўніку Хаціслаўскай СШ.
Усе ўдзельнікі фіналу конкурсу “Настаўнік года” атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук Таццяны Лаўрэенка, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. Са шчырымі словамі віншаванняў да ўдзельнікаў творчага спаборніцтва звярнулася і Тамара Бурштын, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Акрамя таго, Людміла Бурштын, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, таксама далучылася да віншаванняў і ўручыла ўсім фіналістам падарункі. Ад Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” старшыня яе Таццяна Лаўрэенка ўручыла падарунак Ірыне Абрамчук.
Вольга Сымонік, Аксана Ярмалюк і Вячаслаў Пацук, пераможцы заключнага раённага этапу конкурсу, хутка завочна будуць прадстаўляць свае матэрыялы на абласны этап спаборніцтва. Той з іх, хто пройдзе адбор, атрымае магчымасць пазмагацца за званне лепшага педагога на абласным узроўні ў сваёй прадметнай намінацыі.
Пажадаем ім поспеху і ўдачы!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: падчас фіналу раённага конкурсу “Настаўнік года”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 12 от 11.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.