Сюрпрыз для маладых

Рэгістрацыя шлюбу для маладых, іх родных, сяброў, ды і ў цэлым для грамадства заўжды значная і ўрачыстая падзея. Надаць гэтай урачыстасці асобую значнасць у юбілейны год ,100-годдзя заснавання органаў загса, спецыялістам аддзела запісу актаў грамадзянскага стану дапамагаюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў – “Беларускі фонд міру” і “Белая Русь”. Да ўсіх знамянальных дат для жаніхоў і нявест — жыхароў горада Маларыты, якія ўпершыню бяруць шлюб, яны падрыхтавалі падарункі.
А першымі двайную радасць на сабе адчулі Арцём і Марыя Саўчукі, шлюб якіх быў зарэгістраваны 3 лютага. Марш Мендэльсона, залатыя пярсцёнкі, першы сямейны пацалунак, вясельны вальс і, вядома, шчырыя віншаванні з радаснай і важнай падзеяй, пажаданні павагі, вернасці, разумення і трываласці пачуцця, якое прывяло да стварэння маладой сям’і… Усё гэта кранала маладых. А сувенір, які ўручыла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын, стаў прыемным сюрпрызам.
— Гэтыя два кубкі – сімвалічны падарунак, каб дом ваш заўжды быў поўнай чашай, — адзначала яна, віншуючы маладых. — Малюнак на кубках – блакітнае неба, светлае, мірнае, як неба над нашай дзяржавай, каб і ваша сям’я заўжды была такой жа светлай, бусел – сімвал сямейнага шчасця, каб вы адчулі шчасце бацькоўства, пярсцёнкі і лічба 100 – гэта не толькі напамін, што ваш шлюб заключаны ў юбілейны год, але і пажаданне таго, каб у згодзе і дабрабыце вы дажылі да 100 гадоў. Любві вам, веры, надзеі і цярплівасці, каб маглі зберагчы свае пачуцці!
Да гэтых шчырых віншаванняў далучыліся і ўсе госці ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Яны дарылі маладым кветкі, свае шчырыя пажаданні. Радасныя, узрушаныя Арцём і Марыя зрабілі крок з вясельнага ручніка ў вялікае сямейнае жыццё. Няхай з імі па жыцці заўжды ідзе шчасце! Няхай будзе больш шчаслівых дружных сем’яў. Тады і будучыня наша будзе моцнай.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 12 от 11.02.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!