База для адпачынку і палявання

Маўклівая раскоша лесу, люстраная гладзь вадаёмаў, пах вогнішча ахутваюць лю-дзей не­паўторнай атмасферай рамантыкі, спакою. Ёсць такое словазлучэнне “ад­пачываць душой”. Зга­дзіцеся, менавіта на прыродзе гэты стан дасягае свайго апагея.
Але далёка не кожны чалавек гатовы пакі­нуць цывілізацыю, каб атрымаць асалоду ад адпачынку на прыродзе. Не паз­баўляючы бытавога камфорту, акунуцца ў аграадпачынак прапануюць многія базы і аграсядзібы і ў нашым раёне. Сярод іх паляўнічая база “Арэхава”, якая ў мінулым годзе значна абнавілася.

Многія ведаюць, што арэхаўскія мясціны – гэта непаўторны куточак прыроды, з вялікім возерам, прыгожым багатым лесам. Тут шмат гадоў таму была абуладкавана паляўнічая база “Арэхава”. Але каб адпавядаць сучасным запытам турыстаў, ёй неабходна была рэканструкцыя. Гэта і стала першачарговай задачай для абноўленага калектыву Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Напрыканцы 2015 года яе ўзначаліў Сцяпан Нікалайчук. У гэты час прыйшоў ва ўстанову і галоўны паляўніцтвазнаўца Аляксандр Агаркаў. Работу трэба было правесці маштабную: зрабіць ацяпленне, для камфорту людзей абсталяваць туалет і душ унутры будынкаў, кухню, каб можна было гатаваць ежу, навесці парадак на тэрыторыі, пабудаваць альтанкі. Усё гэта давялося рабіць сваімі сіламі, з дапамогай егераў, паляўнічых. Нямала пастараліся егеры Сяргей Козак, Дзмітрый Каралюк, паляўнічыя арэхаўскай і гвозніцкай пяр­вічных арганізацый.
— Зроблена шмат. Цяпер сюды не сорамна запрашаць гасцей. А за мінулы год іх на паляўнічай базе было нямала. На ёй ёсць усё неабходнае як для пасіўнага, так і актыўнага адпачынку. Тут можна праводзіць карпаратывы і адпачываць сям’ёй, кампаніяй сяброў. Нямала ў нас планаў і па далейшым абнаўленні базы. Плануем, да прыкладу, перабудаваць стары будынак пад лазню, зрабіць больш зручным для аматараў рыбалкі выхад да Арэхаўскага возера, — адзначае Сцяпан Сцяпанавіч.
Больш за 300 чалавек ужо ацанілі рэканструяваную паляўнічую базу. Гэта не толькі маларытчане, але і жыхары вобласці. Тэрыторыя паляўнічай базы дазваляе адначасова адпачываць некалькім кампаніям ці нават вялікаму калектыву з 80-90 чалавек. На гектарнай плошчы ўдала размясцілі тры альтанкі, абсталяваныя мангаламі, ёсць невялікі вадаём, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, сад.
— На паляўнічай базе пасля рамонту стала не толькі ўтульна. Мы імкнуліся зрабіць так, каб у любую пару го­да была магчымасць ад­пачываць на базе. Зразумела, найбольш запатрабаваны сезон адпачынку вясенне-летні, але і зімой нам ёсць што прапанаваць нашым гасцям. Дапамагае арганізаваць адпачынак на месцы егер Сяргей Козак. Напрыклад, для аднаго з калектываў, які адпачываў на базе, мы праводзілі спаборніцтвы па рыбалцы, — працягвае гутарку Сцяпан Нікалайчук.
І ўсё ж назва “паляўнічая база” гаворыць аб тым, што на ёй ёсць усё неабходнае для актыўнага адпачынку паляўнічых і рыбаловаў. База “Арэхава” прапануе паляванне на птушыную дзічыну. Ёсць на тэрыторыі і цір, у якім можна патрэніравацца ў стральбе. Асабліва любяць паляўнічыя наведваць базу ў час вясенняга палявання на гусь, вальдшнэпа. Для аматараў рыбалкі таксама ўсё прадумана. Многія наведвальнікі рыбачаць прама на вадаёме на тэрыторыі базы, ёсць магчымасць для рыбалкі і на Дварышчанскім і Арэхаўскім азёрах. У арсенале базы тры лодкі, якімі могуць карыстацца рыбакі. Дарэчы, для членаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў кошт адпачынку за суткі — 7 рублёў (за мінулы год членскія ўзносы ў раённую арганізацыйную структуру заплацілі 387 паляўнічых і рыбаловаў). Для іншых гасцей паляўнічай базы цана таксама прымальная — 10 рублёў з чалавека.
— Па вопыту мінулага года магу сказаць, што прыязджаюць да нас не толькі вялікія кампаніі, але і проста сем’і, якія жадаюць правесці выхадныя на свежым паветры. Многія проста атрымліваюць асалоду ад прыгажосці прыроды, ходзяць па грыбы. Для камфортнага пражывання сем’яў нават з дзецьмі ёсць усё неабходнае: кухня абсталявана тэхнікай і посудам, у гасцінай ёсць тэлевізар і музычны цэнтр, — расказвае дырэктар.
Усяго на паляўнічай базе адначасова могуць пражываць каля дваццаці чалавек. Аднак будаўнічыя работы працягваюцца, таму колькасць месцаў паступова будзе павялічвацца. Але нельга было б правесці рэканструкцыю, калі б дзейнасць раённай арганізацыйнай структуры не была паспяховай. За асенне-зімовы сезон, напрыклад, здабыта 7 ласёў, 75 казуль, 105 дзікоў (іх адстрэльваюць цяпер пад утылізацыю), выканана заданне па камерцыйных турах для насельніцтва.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымках: эпізоды з прагулкі па паляўнічай базе “Арэхава”.

Опубликовано ГЧ № 12 от 11.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.