Ардэнаносныя кіламетры Мікалая Капанькі

Колькі іх наездзіў за 40 гадоў вадзіцель калгаса “Зара” (зараз ААТ “Арэхава”), ён і сам не скажа, бо толькі ў сталіцу Мардовіі — горад Саранск, да якога ад Брэста 1700 кіламетраў, за новымі самазваламі ездзіў тры разы. А былі ж яшчэ паездкі на аўтамабільны завод у сяло Грабава Пензенскай вобласці па бензавоз, на нарыхтоўку саломы для калгаса ў Кіраваградскую вобласць, па сталярны станок у Варонеж. Гэта найбольш працяглыя маршруты Мікалая Капанькі. Акрамя іх, за гэты час было яшчэ незлічонае мноства рэйсаў па Беларусі, не гаворачы пра штодзённыя грузаперавозкі ў межах раёна і гаспадаркі, армейскія кіламетры, якім папярэднічалі нялёгкае пасляваеннае дзяцінства і першыя працоўныя крокі.

Пастушок
з пачатковай
адукацыяй
З далёкага дзяцінства, якое прыпала на пасляваенныя гады, Мікалай Міхайлавіч на ўсё жыццё запомніў свой першы працоўны заробак у калгасе. Так склалася, што пасля заканчэння мясцовай пачатковай школы – была такая некалі ў вёсцы Зеляніца, дзе ён нарадзіўся і жыў, яму давялося забыць пра далейшую вучобу і як старэйшаму ў сям’і (бацька загінуў на вайне) дапамагаць маці выхоўваць малодшых брата і сястру. Для таго, каб хоць неяк аблегчыць яе нялёгкую ўдовіну долю, падлетак падрадзіўся ў гаспадарцы пасвіць авечак. Работа гэтая ўвогуле была не цяжкая, ды надта ж нудная і аднастайная. Але выбіраць, як гавораць, не даводзілася. Ды што іншае маглі прапанаваць непаўналетняму хлапчуку на той час? Таму Коля з ранняй вясны да позняй восені пасвіў калгасных авечак, за што зарабіў аж … 37 кілаграмаў зерня: па 100 грамаў на працадзень. Плата, вядома ж, мізэрная, але хлопчык радаваўся і гэтаму, бо хоць нечым мог дапамагчы маці.

На заробкі
ва Украіну
У красавіку 1953 года, калі Мікалаю Капаньку споўнілася ўжо 16 гадоў, разам з іншымі вясковымі хлопцамі і дзяўчатамі ён паехаў на заробкі ва Украіну, якую называлі жытніцай Савецкага Саюза. Без малога год адпрацаваў ён у адным з калгасаў Кіраваградскай вобласці. Тут хлопец спачатку на быках да лета вазіў кармы, а пасля яго перавялі працаваць на свінаферму.
— Мой рабочы дзень на ферме пачынаўся ў 6 гадзін раніцы, — распавядаў пра той перыяд свайго жыцця падчас нядаўняй сустрэчы Мікалай Міхайлавіч. – Спачатку варыў бульбу свінням, а пасля іх кармлення вазіў на коннай павозцы кавуны, кармавыя буракі. З красавіка па студзень наступнага года я зарабіў 365 працадзён…
Гэтыя працадні ў параўнанні з тымі, што былі налічаны яму ў сваім калгасе, калі пасвіў авечак, былі па-сапраўднаму шчодра аплачаны. У тую сваю паездку на заробкі па сутнасці таксама яшчэ непаўналетні Мікалай Капанька прывёз дамоў 1 тону 40 кілаграмаў пшаніцы і 300 рублёў. Гэта з улікам таго, што ўвесь гэты час хлопец яшчэ і харчаваўся ў калгаснай сталоўцы…

Адслужыў,
як трэба, і вярнуўся
І хоць дома, акрамя родных, яго ніхто не чакаў, як у вядомай песні, пасля тэрміновай службы ў арміі Мікалай Капанька вярнуўся на сваю маленькую радзіму. Але гэта было толькі ў лістападзе 1959 года. А ў жніўні 1956-га разам з іншымі навабранцамі ён прыбыў на месца праходжання тэрміновай службы ў групу савецкіх войскаў у Германіі. Як прызнаецца зараз 80-гадовы Мікалай Міхайлавіч, служыць яму было добра.
Па прыбыцці ў 1-ю танкавую армію 6-й армейскай дывізіі, якая дыслакавалася ў горадзе Віттэнберзе, яго на 5 месяцаў з іншымі саслужыўцамі накіравалі ў аўташколу. Пасля яе заканчэння, дзе атрымаў пасведчанне вадзіцеля, Мікалай Капанька непрацяглы час служыў у каменданцкай роце, пасля ў штабе дывізіі: на ГАЗ-69 вазіў начальніка аператыўнага аддзела. Затым быў аўтамабільны батальён. На атрыманым ГАЗ-51 ён развозіў рэгуліроўшчыкаў падчас вучэнняў, дастаўляў прадукты ў афіцэрскую сталовую. А яшчэ фільмы, якія паказвалі салдатам падчас вучэнняў, развозіў на самаробным аўтобусе. Гэта было ў апошнія 2 месяцы яго службы.
Дэмабілізаваўся радавы Мі­калай Капанька восенню 1959 года. Дагэтуль памятае мужчына, як у таварным вагоне вярталіся яны на радзіму. Без выгод, затое з пачуццём выкананага абавязку, а ён асабіста — яшчэ і з падарункамі для родных, з імпартнымі сарочкамі і тэніскамі, з двума адрэзамі на касцюм сабе. Усё гэта Мікалай прыкупіў на маркі, якія плацілі вайскоўцам тэрміновай службы.

Жыццё калгаснае
Для Мікалая Капанькі яно пачалося ў сакавіку 1960 года: пасля дэмбелю ён непрацяглы час працаваў матарыстам на заводзе па выпуску вапны ў Арэхаве. Калі ж тагачасны старшыня мясцовага калгаса Мікалай Муц прапанаваў яму аднойчы работу вадзіцелем, ён без ваганняў згадзіўся, бо адчуваў, што тая, якую выконваў, была не яго. І толькі калі сеў за руль сваёй першай калгаснай машыны – ГАЗ-51, зразумеў, як не хапала яму таго, да чаго ён прывык за гады службы ў арміі. Аўтамабіль гэты быў не новы, але ў добрым стане, і дастаўся яму ад Васіля Жоха, які пазней стаў брыгадзірам. Так малады вадзіцель пачаў намотваць свае першыя працоўныя кіламетры: вазіў малако на сепаратарны пункт у Олтуш, жывёлу — на мясакамбінат, ездзіў у камандзіроўкі. Шматлікія паездкі па краіне пашыралі кругагляд вясковага хлопца, прыносілі маральнае задавальненне.
Першы новы аўтамабіль – самазвал ГАЗ-53Б — яму даверылі ў калгасе праз 4 гады. Атрымліваць яго ездзіў на завод у горад Саранск. На ім Мікалай Капанька адпрацаваў 10 гадоў. Пасля вадзіцель яшчэ двойчы ездзіў у сталіцу Мардовіі, адкуль прыганяў у калгас новыя мадыфікаваныя самазвалы. На кожным з іх ён адпрацаваў яшчэ па 10 гадоў: вазіў арганіку, збожжа, сянажную і сіласную масу, шыфер з Украіны. Разам з іншымі вадзіцелямі і механізатарамі калгаса “Зара” ў пачатку васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ездзіў за 1100 кіламетраў у Кіраваградскую вобласць, дзе на ўласнай тэхніцы — трактары, прэс-падборшчыку і самазвалах — нарыхтоўвалі для гаспадаркі салому. Пасля загружалі яе ў таварныя вагоны і адпраўлялі па назначэнні. Распавядаючы пра свае паездкі і камандзіроўкі па краіне, Мікалай Міхайлавіч успомніў і пра тое, як у 1968 годзе пабываў у Пензенскай вобласці. Адтуль ён прыгнаў бензавоз. Праўда, працаваць на ім не захацеў. Вярнуўся на свой самазвал.
І пра камандзіроўку ў Варонеж, якую жонка вадзіцеля На­дзея Васільеўна жартам называе паездкай па частушкі, распавёў. Дакладную дату і год той паездкі мужчына ўжо не памятае, але мэту і няўвязкі, якія былі падчас яе, запомніў добра. Справа ў тым, што сталярны станок, па які ён прыехаў у такую далячынь, вытворцы адправілі гаспадарцы яшчэ да яго прыезду чыгункай. А паведаміць аб гэтым кіраўніцтву калгаса забылі. Вось і атрымалася, што з’ездзіў ён за тысячу кіламетраў дарма.
І гэта не адзіны казус, якія больш за 40 гадоў работы вадзіцелем, здараліся з Мікалаем Міхайлавічам. Падчас камандзіроўкі ў Бабруйск, дзе выраблялі гноераскідвальнікі, аказалася, што гэты агрэгат калгас можа атрымаць толькі ў трэцім квартале, а ён прыехаў задоўга да яго. Іншы, магчыма, у такой сітуацыі развярнуўся б і паехаў назад. Іншы, ды толькі не Мікалай Капанька. З дзяцінства гаспадарлівы, ён умеў лічыць не толькі ўласныя грошы, але і калгасныя таксама. Таму не мог паражняком ганяць машыну туды-сюды. Параіўшыся з бухгалтарам прадпрыемства, на якім павінен быў забіраць заказ, калгасны вадзіцель накіраваўся да намесніка дырэктара. Распавёў яму пра сітуацыю, якая склала­ся, пра тое, што гаспадарка не такая багатая, каб ухаластую ганяць машыны за сотні кі­ла­метраў, і яму пайшлі насустрач. Завізіравалі даверанасць, і ён атрымаў гноераскідвальнік, па які прыехаў.
Падобная сітуацыя атрымалася і з паездкай у Кобрын па цэглу. Толькі пасля таго, як Мікалай Капанька, які па сутнасці развярнуў тры калгасныя машыны, што вярталіся з суседняга раёна паражняком, і схадзіў да дырэктара прадпрыемства на прыём, іх загрузілі прадукцыяй.

Па працы і пашана
Заўжды акуратны, самавіты, ветлівы, вадзіцель Мікалай Капанька больш паходзіў на кіраўніка ці якога спецыяліста. Гэта, а яшчэ яго ўменне зносіцца з людзьмі на працягу многіх гадоў выручалі яго, здавалася б, у самых бязвыхадных сітуацыях. Таму, відаць, і накіроўвалі яго спецыялісты і кіраўнікі гаспадаркі, а яму давялося працаваць з пяццю старшынямі, у самыя адказныя камандзіроўкі. Бо ведалі, што Капанька паражняком ніколі назад не паедзе.
Менавіта за руплівасць, высокі прафесіяналізм і вялікую адказнасць за выкананне даручанай справы у 1973 годзе Мікалай Капанька атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль “За працоўную доблесць”. А праз пяць гадоў дзяржава адзначыла працу вадзіцеля калгаса “Зара” Мікалая Капанькі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэта была і сапраўды высокая ўзнагарода, якой у той час сярод вяскоўцаў больш ушаноўвалі механізатараў і жывёлаводаў. І гэта гаварыла пра многае. Пазней Мікалай Капанька яшчэ быў ўдастоены юбілейнага медаля “За доблесную працу”. На рахунку вадзіцеля таксама некалькі знакаў “Ударнік працы”, “Ударнік дзявятай пяцігодкі”, “Ударнік дзясятай пяцігодкі”, знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” 1977, 1979, 1980 гадоў. Кожная з гэтых узнагарод памятная і дарагая Мікалаю Міхайлавічу па-свойму. Таму і захоўвае іх разам – ордэн, медалі і значкі, як сямейную рэліквію, набытую за гады працы ў калгасе.

Надзейны тыл
Яго ўсе гэтыя гады ардэнаноснаму вадзіцелю забяспечвала жонка. Сваю Надзею, з якой ужо 57 гадоў разам, Мікалай Капанька прыкмеціў на сепаратарным пункце ў Олтушы, дзе яна працавала, а ён вазіў туды калгаснае малако. Там і пазнаёміўся з мясцовай прыгажуняй , а затым і сэрца яе пакарыў. Ды настолькі, што яна нават згадзілася пераехаць жыць з цэнтральнай сядзібы суседняга калгаса ў невялікую неперспектыўную вёсачку Зеляніца. Праўда, зараз, праз гады, калі большая палова дамоў тут пустуюць, Надзея Васільеўна шкадуе, што не перацягнула мужа ў Олтуш. А ў астатнім — усё ў іх склалася. І сям’я добрая атрымалася, хоць і даводзілася жанчыне падчас камандзіровак мужа з трыма дзецьмі на руках і лён ірваць, і буракі палоць, і ўрокі з дачкой на полі вучыць, і ўласную гаспадарку трымаць. І дом, які пабудавалі праз два гады пасля шлюбу, зараз поўная чаша, і “Жыгулі” яны купілі. Як у беражлівага гаспадара і прафесіянала, аўтамабіль гэты 35 гадоў на хаду.
Самае ж галоўнае — дзяцей годных выгадавалі. Дачка Алена з сям’ёй — у Брэсце, там жа жыве і працуе па спецыяльнасці сын Анатоль, які пачынаў сваю працоўную кар’еру ў калгасе вет­урачом. А вось старэйшы Леанід з сям’ёй застаўся ў вёсцы. Ён, як і бацька, — вадзіцель. Толькі возіць не грузы, а кіраўніка гаспадаркі. Зараз пятага па ліку. І гэта намнога адказней і складаней, чым вазіць сянаж ці збожжа, запэўніў мяне Мікалай Міхайлавіч…
Надзея ЯЦУРА.
в. Зеляніца.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 13 от 15.02.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!